Стартуе WorldSkills Belarus

- 10:50World Skills

21 мая ў спартыўным комплексе “Веладром” Мінскага спартыўна-культурнага комплексу “Мінск-Арэна” адбылася ганаровая цырымонія адкрыцця III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018. У гэтай знамянальнай падзеі прынялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта краіны, урада, міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, айчынныя і замежныя педагогі і вучоныя, навучэнская моладзь. З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату звярнуўся міністр адукацыі І.В.Карпенка.

III Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 будзе праходзіць на пляцоўцы Футбольнага манежа нашай сталіцы. На мерапрыемства прыехалі больш за 300 удзельнікаў, якія будуць спаборнічаць у 37 прафесійных кампетэнцыях па такіх сферах дзейнасці, як транспарт і лагістыка, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, сацыяльная сфера, творчасць і мода, будаўніцтва. Сёлета конкурс будзе праведзены і па новых кампетэнцыях, у ліку якіх дашкольная адукацыя, эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын, аграномія, геадэзія, дахавыя работы.

Прыняць удзел у конкурсе запрошаны прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Аўстрыі, Германіі, Кітая. Некаторыя з замежных гасцей прымуць удзел у шэрагу семінараў і канферэнцый, якія будуць праведзены пад эгідай WorldSkills і прысвечаны прагназаванню і рэсурснаму забеспячэнню прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, прафарыентацыйнай рабоце сярод моладзі, павышэнню іміджу прафесійнай адукацыі.

Прафесійны ўзровень канкурсантаў будуць ацэньваць каля 300 экспертаў, сярод якіх акрэдытаваныя эксперты WorldSkills International, якія дасканала ведаюць стандарты і рэгламенты WSI, а таксама працэдуры правядзення спаборніцтваў, вызначэння крытэрыяў ацэнкі.

Плануецца, што ў адзін з конкурсных дзён пляцоўку спаборніцтва наведае прэм’ер-міністр краіны А.У.Кабякоў.

Ала КЛЮЙКО.