Стаць чараўніком лёгка

- 16:20Нам пішуць

Каляды… Новы год… Час чараўніцтва. З ранняга дзяцінства гэтыя святы выклікаюць адчуванні навізны і чакання цуду. Невытлумачальнага цуду чакаюць заўсёды і ўсюды. Калі верыць у цуды, то яны абавязкова здзейсняцца. А зрабіць іншых больш радаснымі і шчаслівымі можна толькі цяплом уласных рук і сэрцаў.

Штогод навучэнцы Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы прымаюць удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. Гэты год не быў выключэннем. Усе навучэнцы школы, настаўнікі, бацькі прынялі актыўны ўдзел у акцыі. Да 20 студзеня былі сабраны падарункі: школьныя прылады, прадметы для мастацкай творчасці, настольныя гульні, размалёўкі, салодкія сюрпрызы. 26 снежня старшакласнікі ў навагодніх касцюмах адправіліся ў госці да выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку Бераставіцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Дзед Мароз, Снягурка і Снегавік уручылі дзецям падарункі і запрасілі іх прыняць удзел у гульнявой праграме.

Старшакласнікі былі рады, што цяплом сваіх сэрцаў змаглі падарыць выхаванцам сацыяльнага прытулку хвіліны радасці, усмешкі і яркія ўражанні, дапамаглі зрабіць іх дзень больш радасным. Дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, хочацца пажадаць, каб казка ў іх жыцці не заканчвалася, каб нават у самыя складаныя моманты ў іх у сэрцы заставалася месца для святла і цяпла!

Святлана ВОЙШАЛЬ,
класны кіраўнік 6 класа
Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна.