Стаць моцнымі, як граніт

- 9:34Адукацыйная прастора

У пачатку навучальнага года па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, Міністэрства ўнутраных спраў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта на базе вайсковай часці 3214 быў створаны ваенна-патрыятычны клуб “Рысь”. Цяпер эстафету пераняла вайсковая часць 5448. Тут урачыста адкрыўся “Граніт”.

Узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з воінскімі фарміраваннямі ў справе патрыятычнага выхавання моладзі мае даўнюю традыцыю. Першыя ваенна-патрыятычныя клубы пачалі з’яўляцца ў СССР у сярэдзіне 70-х гадоў. Ініцыятарамі іх стварэння былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Росквіт дзейнасці клубаў прыйшоўся на другую палову 80-х гадоў. Тады ўжо воіны-інтэрнацыя­налісты ўдасканальвалі сістэму ваенна-патрыятычнага выхавання. У сучаснай Беларусі ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі таксама ўдзяляецца значная ўвага.

“Мы вітаем ініцыятыву камандавання ўнутраных войскаў па стварэнні на пастаяннай аснове пры воінскіх фарміраваннях ваенна-патрыятычных клубаў. Упэўнены, што пытанні патрыятычнага выхавання — важная грамадская, дзяржаўная задача.

І выканаць яе можна толькі сумеснымі намаганнямі. Мы плануем падрыхтаваць спецыяльны нарматыўна-прававы акт, які надасць статус такім клубам, урэгулюе іх стварэнне і дзейнасць. Перакананы, што гэтыя клубы дапамогуць выхаваць сапраўдных грамадзян, сапраўдных патрыётаў і абаронцаў Айчыны”, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, а пасля ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам значкі з эмблемай клуба “Граніт”.

Мінскі гарадскі ваенна-патрыятычны клуб “Граніт” будзе функцыянаваць на базе вайсковай часці 5448 і ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна сталіцы. Навучэнцы асво­яць азы спецназаўскай пад­рыхтоўкі, для іх будуць працаваць ваенна-спартыўныя секцыі. Рукапашны бой, барацьба, бокс, фехтаванне, стральба — усё гэта своеасаблівае спецназаўскае мнагаборства. Падлеткі азнаёмяцца з гісторыяй унутраных вой­скаў, страявой і агнявой падрыхтоўкай, узорамі ваеннай тэхнікі і ўзбраення, у іх будзе фарміравацца жаданне служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.