Стаць паспяховымі

- 11:56Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Канкурэнтаздольнасць беларускай адукацыі на сусветным рынку адукацыйных паслуг абмеркавалі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Доме прэсы. Як ацаніць канкурэнтаздольнасць і як яе павысіць? Пра гэта расказалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Антонавіч Каспяровіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, звярнуў увагу на тое, што канкурэнтаздольнасць — з’ява шматгранная і шматаспектная. Канкурэнтаздольнасць вызначаецца запатрабаванасцю ўстаноў адукацыі грамадзянамі сваёй і іншых краін, а таксама поспехамі навучэнцаў і выпускнікоў — як яны рэалізуюць сябе ў прафесіі і становяцца паспяховымі людзьмі. Міжнародныя рэйтынгі, якія часта ўспрымаюцца як галоўны крытэрый вызначэння канкурэнтаздольнасці, улічваюць не ўсе аспекты, таму не даюць цалкам аб’ектыўнай ацэнкі. 

“Калі мы гаворым аб вышэйшай адукацыі, то беларускія УВА, вядома, паказваюць вельмі нядрэнныя вынікі. У прыватнасці, лідар беларускай вышэйшай адукацыі БДУ, які ў гэтыя дні святкуе сваё 100-годдзе, займае ўстойліва высокія пазіцыі, уваходзіць у топ-300 сярод 30 тысяч універсітэтаў, якія дзейнічаюць па ўсім свеце. Гэта высокі вынік, многія краіны акумулююць рэсурсы, у тым ліку дзяржаўныя, накіроўваюць вялікія сродкі на падтрыманне сваіх УВА, каб яны займалі вядучыя пазіцыі. У нас жа, нягледзячы на наяўнасць пэўных праграм, спецыяльна на рэйтынгі рэсурсы не выдзяляюцца. І гэта правільна, бо пазіцыя ў рэйтынгу — не галоўнае, галоўнае — якасць адукацыйных паслуг. І якраз якасць з’яўляецца асноўным крытэрыем канкурэнтаздольнасці”, — лічыць Сяргей Каспяровіч.

Менавіта якасці адукацыйных паслуг у Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага на ўсіх узроўнях адукацыі. У рамках дзяржпраграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё якасці адукацыі. Так, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база: ва ўстановах адукацыі працуюць перадавыя лабараторыі, выкарыстоўваюцца перадавыя матэрыялы і рэактывы для навучання. Створана сістэма работы па павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў, што працуюць з навучэнцамі. Праводзіцца павышэнне кваліфікацыі, стажыроўкі выкладчыкаў у замежных вядучых установах адукацыі і на прадпрыемствах. Пры неабходнасці ва ўстановы адукацыі запрашаюць для чытання лекцый па перадавых, актуальных напрамках вядучых спецыялістаў з-за мяжы. У цяперашні час рэалізуецца маштабны праект “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі”, які мае на мэце забяспечыць якасны рывок развіцця гэтага ўзроўню адукацыі. 100 млн еўра будуць накіраваны на фарміраванне ва ўніверсітэтах сучаснага адукацыйнага асяроддзя, укараненне інавацыйных падыходаў, тэхналогій навучання і выкладання, а таксама на пераўтварэнні ў сферы кіравання і забеспячэння якасці адукацыі.

Пранікненне перадавых тэхналогій — тэндэнцыя, якая тычыцца і прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Назіраць гэтыя тэндэнцыі можна на прыкладзе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Ірына Леанідаўна Дудар, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа, расказала, што сёння сучаснае тэхнічнае аснашчэнне, адукацыйныя тэхналогіі сусветнага ўзроўню дазваляюць выпускнікам каледжа быць канкурэнтаздольнымі на рынку працы не толькі нашай краіны, але і замежжа. Так, напрыклад, ва ўстанове дзейнічае сімуляцыйная лабараторыя для адпрацоўкі практычных навыкаў. У лабараторыі створаны ўмовы, максімальна набліжаныя да рэальных умоў медыцынскіх устаноў: стацыянарных палат, перавязачных і працэдурных кабінетаў. Навучэнцы могуць адпрацаваць розныя клінічныя сітуацыі і давесці аказанне дапамогі ў іх да аўтаматызму. У каледжы вялікую ўвагу ўдзяляюць інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, зыходзячы з аксіёмы, што сёння чалавеку неабходна вучыцца пастаянна. Навучэнцаў прывучаюць самастойна шукаць інфармацыю і самастойна абнаўляць свае веды. 

У выніку сістэмнай работы адукацыйныя магчымасці Беларусі высока ацэньваюць навучэнцы з розных краін свету. 

“У нас у сферы вышэйшай адукацыі выконваецца разумны баланс інтарэсаў. І экспарт адукацыйных паслуг, нягледзячы на яго важнасць, з’яўляецца не самым галоўным паказчыкам, які з нашага пункту гледжання характарызуе якасць адукацыі. Тым не менш на працягу вялікай колькасці гадоў мы назіраем устойлівы рост колькасці замежных грамадзян, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў нашай краіне. І сёння гэтая лічба разам з навучэнцамі на падрыхтоўчых факультэтах УВА ўжо складае каля 27 тысяч чалавек”, — расказаў Сяргей Каспяровіч.

Навучэнцы з усяго свету выбіраюць Беларусь для атрымання прафесіі — і гэта найлепшае пацвярджэнне таго, што айчынная адукацыя вытрымлівае канкурэнцыю на сусветным рынку. 

Дар’я РЭВА.