Стаць удзельнікам гістарычнага квеста

- 12:18Мінск

ДРОЖЖА Дзмітрый Аляксандравіч,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ліцэя № 2 Мінска.

Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Педагагічны стаж — 16 гадоў. Педагагічнае крэда: “Не бярыце прыклад з іншых, знайдзіце сябе і будзьце сабой”.

Намінацыя “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”

Дзмітрый Аляксандравіч лічыць, што гісторыя фарміруе ў чалавеку яго маральныя асновы і грамадзянскую пазіцыю, робіць яго патрыётам сваёй краіны. Таму адным з самых важных аспектаў сваёй работы лічыць стварэнне ўмоў для развіцця матывацыі навучэнцаў да вывучэння прадметаў грамадазнаўчага напрамку. На кожным уроку ён імкнецца стварыць для навучэнцаў сітуацыю свабоднага выбару ў прыняцці рашэнняў, магчымасць праяўляць самастойнасць і актыўнасць.

Настаўнік на сваіх уроках удзяляе вялікую ўвагу сацыялізацыі, фарміраванню агульнай культуры асобы. У працэсе навучання выкарыстоўвае разнастайныя метады: ілюстрацыйна-тлумачальны, часткова-пошукавы, эўрыстычны, метад праблемнага навучання для падрыхтоўкі навучэнцаў да самастойнага рашэння пазнавальных задач.

Вядучая ідэя дзейнасці Дзмітрыя Аляксандравіча заключаецца ў метадычна абгрунтаваным прымяненні на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці інтэрактыўных прыёмаў (гістарычных квестаў), накіраваных на актывізацыю пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, пашырэнне магчымасці прымянення атрыманых на ўроках гісторыі ведаў у розных жыццёвых сітуацыях, актуалізацыю асобаснага сэнсу ў вывучэнні гісторыі роднага краю і, як вынік, павышэнне якасці ведаў па гісторыі Беларусі. Задачы, якія ставіць перад сабой педагог: адбор гістарычнага матэрыялу для стварэння пошукавых заданняў па гісторыі Беларусі ў рамках абагульняючых заняткаў па тэме “Наш край”; складанне гістарычнага квеста для навучэнцаў 10 і 11 няпрофільных класаў; вызначэнне ўмоў эфектыўнасці выкарыстання гэтага прыёму пры выкладанні прадмета “Гісторыя Беларусі” ў няпрофільных класах на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Дзмітрый Аляксандравіч удзяляе значную ўвагу пазакласнай рабоце па сваім прадмеце. Ён з’яўляецца арганізатарам многіх ліцэйскіх мерапрыемстваў, найбольш маштабным праектам сталі “Дні культуры Вялікага Княства Літоўскага”, у працэсе правядзення якіх Дзмітрый Аляксандравіч набыў сур’ёзны вопыт выкарыстання метаду гульнемадэлявання і паглыблення ў гісторыю. Ім распрацаваны і ўкаранёны ў практыку праект “ПадароЖЖа з ДроЖЖам”, мэтай якога з’яўляецца развіццё сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў праз экскурсійна-краязнаўчую работу. У цяперашні час Дзмітрый Аляксандравіч укараняе ў адукацыйнае асяроддзе ліцэя комплекс інтэлектуальных гульняў па гісторыі. Гэты комплекс уключае індывідуальныя і камандныя спаборніцкія мерапрыемствы як для ліцэістаў, так і для навучэнцаў устаноў адукацыі Ленінскага раёна Мінска. Частку мерапрыемстваў гэтага комплексу, якія маюць агульнаадукацыйную і развіццёвую скіраванасць, Дзмітрый Аляксандравіч праводзіць у рамках шостага школьнага дня, і, акрамя ліцэістаў, у іх традыцыйна ўдзельнічаюць каманды настаўнікаў і бацькоў.

Захапленне ірландскімі танцамі Дзмітрый Аляксандравіч рэалізоўвае ў створаным ім танцавальным калектыве “Фолк Дэнс”. Акрамя канцэртных праграм і ўдзелу ў творчых конкурсах, калектыў шырока прапагандуе ірландскую культуру сярод ліцэістаў праз арганізацыю танцавальных перапынкаў з правядзеннем майстар-класаў для ўсіх жадаючых. Танцавальныя кампазіцыі калектыву адзначаны граматамі раённых аглядаў-конкурсаў дзіцячай творчасці.

Асаблівае значэнне такія квесты могуць мець пры вывучэнні важных гістарычных перыядаў беларускай гісторыі, напрыклад, пры вывучэнні падзей Вялікай Айчыннай вайны. Складаць пошукавыя заданні можна, выкарыстоўваючы ваенныя фотаздымкі, кадры кінахронікі, мастацкія фільмы, прысвечаныя вайне, багаты матэрыял беларускага і сусветнага жывапісу, літаратурныя творы.

Як адзін з варыянтаў распаўсюджвання такога роду педагагічнага вопыту — яго выкарыстанне на ўроках рускай і беларускай літаратуры, геаграфіі Беларусі, біялогіі, а ў будучыні і на ўроках сусветнай мастацкай культуры.

Актуальнасць выкарыстання на ўроках і пазаўрочнай дзейнасці гістарычнага квеста пацвярджаецца наступнымі вынікамі: павышэнне цікавасці да прадметаў, якія вывучаюцца, і выканання гэтага віду дзейнасці, што адлюстравана ў выніках анкетавання навучэнцаў 10—11 няпрофільных класаў; павышэнне якасці ведаў пры вывучэнні гісторыі ў няпрофільных класах; павышэнне цікавасці да ўдзелу і выніковасць выступлення ў розных інтэлектуальных конкурсах. Выхаванцы Дзмітрыя Аляксандравіча штогод атрымліваюць дыпломы ў розных інтэлектуальных конкурсах, алімпіядах і конкурсе даследчых работ навучэнцаў.

Дзмітрый Аляксандравіч Дрожжа ў 2006 годзе стаў лаўрэатам конкурсу гарадскога прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” і ўладальнікам прэміі Мінгарвыканкама, а ў 2014 годзе — уладальнікам гранта Мінгарвыканкама за распрацоўку інавацыйнага адукацыйнага праекта “Фарміраванне сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў праз сістэму экскурсійна-краязнаўчай работы”.