Стаўка на здароўе

- 11:00Адукацыйная прастора

Святлана Буйноўская, метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, з педагагічнай дынастыі. Яе бабуля, дзядуля, бацькі — педагогі, і ў кожнага з іх ёсць нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Гэтымі днямі Святлана Станіславаўна прымае віншаванні з тым, што працягнула сямейную традыцыю і таксама атрымала такую высокую ўзнагароду. Віншуе яе ў тым ліку і дачка, якая па прыкладзе маці ў будучыні бачыць сябе ў педагагічным асяроддзі — марыць стаць педагогам-псіхолагам.

Зоркі ў “Сузор’і”

— Мае бабуля, дзядуля і мама — фізікі-матэматыкі, а бацька — настаўнік фізічнай культуры. Мабыць, я пераняла штосьці ад кожнага з іх, і таму для мяне школа стала самым арганічным месцам працы — там настаўніцай малодшых класаў, а потым намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце я адпрацавала больш за 15 гадоў. А потым вырашыла перайсці на новы метадычны ўзровень, каб мець больш магчымасцей для рэалізацыі сваіх творчых задум. І 5 гадоў назад я перайшла працаваць у цэнтр творчасці, — расказвае Святлана Станіславаўна.

Яе профіль — фізкультурна-спартыўны і аздараўленне, у тым ліку і летняе. Яна курыруе аздараўленчыя летнікі ў Гро­дзенскім раёне — прышкольныя, з дзённым знаходжаннем, кругласутачныя, стацыянарныя. Кожнай навучальнай установе дапамагае рэалізоў­ваць іх праекты па аздараўленні і фізкультурна-спартыўнай рабоце. А яшчэ ініцыіруе ўласныя праекты, якія рэалізуюцца ў раёне. Сярод іх — “Гродзенскі раён: мінулае ў сучаснасці”, “У выхаванні няма канікул” і інш. А гэтым летам у Гро­дзенскім РЦТДіМ быў апрабаваны яе праект — лагер у лагеры “Дыялог з “Сузор’ем”.

— Сёлетняя эпідэмічная сітуацыя вымусіла нас па-іншаму паглядзець на аздараўленне і на формы яго арганізацыі. Для заўзятараў нашага палатачнага лагера “Дыялог”, якія прывыклі жыць пад адкрытым небам і для якіх самая смачная ежа — згатаваная на кастры, вандроўкі былі абмежаваны тэрыторыяй стацыянарнага лагера, — гаворыць Святлана Буйноўская. 

У выніку яны размясціліся на базе лагера “Сузор’е”, дзе ім была прадастаўлена магчымасць  арганізаваць  свой вольны час так, каб яны ўсё роўна рэалізавалі сябе як турысты і краязнаўцы. Гэтыя падлеткі выступілі ў ролі цьютараў, падключылі дзяцей, якія адпачывалі ў лагеры “Сузор’е”, і перадавалі ім свае веды, натхнялі сваёй дзейнасцю, азартам вандровак.

— Канечне, стрымаць турыстаў сценамі цяжка, але мы знайшлі выйсце. Гэта старэйшыя дзеці — ім 13—17 гадоў, і яны ўжо маюць і вопыт, і запас тэарэтычных ведаў. Яны з задавальненнем паспрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў: фактычна самастойна арганізоўвалі мерапрыемствы і запрашалі на іх сваіх равеснікаў з “Сузор’я”. Так, яны разам ла­дзілі паласу перашкод, право­дзілі гульню “Зарніца”, спявалі турыстычныя песні ля кастра і г.д. Іншымі словамі, адчулі сябе настаўнікамі, якія ўжо мо­гуць па­дзяліцца сваім вопытам. Гэта і ёсць цьютарскае суправаджэнне, і папярэдне, каб падрыхтаваць удзельнікаў праекта, у нас працавала школа цьютараў: мы расказвалі падлеткам пра ўзроставыя асаблівасці дзяцей, пра тое, як даносіць інфармацыю, як пісаць сцэнарыі, як зацікавіць усіх дзяцей без выключэння, — расказвае метадыст пра сутнасць свайго праекта.

Ганна Уладзіміраўна Фінагенава, загадчык аддзела спорту, турызму і краязнаўства Гродзенскага РЦТДіМ: 

“Святлана Станіславаўна — вельмі адказны і творчы чалавек, які заўсёды паспяхова завяршае пачатую справу. Калі гэта творчы праект, то ён абавязкова будзе рэалізаваны на выдатна. Святлана Станіславаўна актыўна дзеліцца вопытам работы з калегамі ў рамках раённых, абласных і рэспубліканскіх семінараў, майстар-класаў. Ад яе работы як метадыста, па сутнасці, залежыць, як будзе развівацца аздараўленне ва ўсім Гродзенскім раёне, і не толькі”.

Аграрны вектар

Цікавы праект Святлана Станіславаўна рэалізавала ў мінулым годзе ў Квасоўскай сярэдняй школе. У Квасоўцы знаходзіцца адна з найбуйнейшых гаспадарак у краіне — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў імя В.І.Крамко. На працягу года навучэнцы агракласаў пераконваліся ў перспектыўнасці аграрнай адукацыі, разбуралі стэрэатыпы аб цяжкай ручной працы з прымяненнем тэхнікі і тэхналогій у аграпрамысловым комплексе, знаёміліся з запатрабаванымі сельскагаспадарчымі спецыяльнасцямі. А летам яны сталі ўдзельнікамі праекта С.С.Буйноўскай па аздараўленні дзяцей раёна “Мы выбіраем “AGRAвектар”. Пазней ён быў адзначаны дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе “Зробім лета ярчэйшым” у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку”. 

— Сутнасць праекта ў тым, што ў першай палове дня падлеткі працавалі на палях і назіралі за працай аграномаў, а ў другой палове дня для іх была арганізавана прафарыентацыйная работа: цыкл дыягностык, трэнінгаў і майстар-класаў, сустрэчы з аграмайстрамі, з працоўнымі дынастыямі. Супрацоўніцтва з гродзенскай студыяй прафесійнага самавызначэння і кіравання чалавечымі рэсурсамі “Імпульс” дазволіла ўдзельнікам лагера атрымаць уяўленне аб сучаснай прафарыенталогіі, сфарміраваць “Партфоліа абітурыента”. Кожны атрымаў імянны сертыфікат, які дае права на індывідуальную кансультацыю спецыяліста па пытаннях асаблівасцей уступнай кампаніі.

Мая Валянцінаўна Слуцкая, ды­рэктар Гродзенскага РЦТДіМ: 

“Святлана Станіславаўна — вельмі адкрытая, добразычлівая, ветлівая. Я смела звяртаюся да яе па параду. Яна вельмі кампетэнтны метадыст, заўсёды дапаможа сваім калегам. Сёлета, напрыклад, яна рыхтавала педагагічную каманду аздараўленчага лагера “Сузор’е” для ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. Наша каманда заняла там 2-е месца. Сёлета Святлана Станіславаўна ўвайшла ў склад рэспубліканскай фокус-каманды па стварэнні адзінага інфармацыйна-метадычнага рэсурсу выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі краіны”.

Не летам адзіным…

С.С.Буйноўская імкнецца разнастаіць спартыўнае жыццё навучэнцаў цэнтра круглы год і для гэтага выбірае новыя формы і кірункі работы. Напрыклад, яна прывівае дзецям любоў да скандынаўскай хадзьбы, якая ў Гродзенскім раёне набірае папулярнасць. Яна і сама займаецца гэтым відам спорту як аматар. 

— Скандынаўская хадзьба вельмі дарэчы менавіта ў сіс­тэме дадатковай адукацыі, бо не патрабуе спецыяльных навыкаў і ёй могуць займацца дзеці як з асноўнай групай здароўя, так і з падрыхтоўчай, бо гэты від фізічнай актыўнасці накіраваны на агульнае аздараўленне. Тут можна не абмяжоўвацца спартзалай ці стадыёнам: месцам правядзення могуць быць і сцежка здароўя, і лясны масіў, і парк. З задавальненнем да нас далучаюцца і бацькі, і грамадс­касць. Многія мерапрыемствы мы ладзім сумесна са спартыўнай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву, і нашы выхаванцы актыўна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, арганізаваных Федэрацыяй скандынаўскай ха­дзьбы. Наша задача — разам выявіць талентаў і перадаць іх у рукі спартсменаў-прафесіяналаў.

Формы правядзення заняткаў таксама могуць быць самымі рознымі. Напрыклад, у нас у раёне карыстаюцца вялікай папулярнасцю спартыўныя квесты. Гэта не проста спаборніцтвы, а найчасцей спалучэнне сумежных сфер, такіх як спорт і краязнаўства, спорт і экалогія. Гэта можа быць і спартыўны квест у межах масавага зімовага свята. Напрыклад, вельмі ярка ў нас прахо­дзяць навагоднія святы з удзелам Дзеда Мароза, ці Ёўлупукі, які вельмі каларытна выглядае са скандынаўскімі палкамі, — расказвае С.С.Буйноўская. 

Педагог разам з калегамі прааналізавалі разнастай­насць аб’яднанняў па інтарэсах у сваім цэнтры творчасці і высветлілі, што секцый фізкультурна-спартыўнага профілю ў іх аказалася больш, чым якіх-небудзь іншых. Святлана Станіславаўна адзначае:

— Гэта гаворыць пра тое, што ў іх зацікаўлены і дзеці, і бацькі, і педагогі. І мне радасна, што людзі сталі цаніць здаровы лад жыцця, пераймаць гэтую здаровую культуру. Не спорт у такім яго праяўленні, як “хутчэй, вышэй, мацней”, не рэкорды, а якраз культура здаровага ладу жыцця. А гэта агульная заслуга бацькоў і педагогаў. У мяне ў самой дачка-падлетак, і я лічу, што толькі мой прыклад можа змяніць яе светапогляд. Яшчэ дзіцяці важна не проста гаварыць “трэба”, а тлумачыць навошта. Толькі так імкненне да здаровага жыцця стане яго ўнутранай патрэбай. Не менш важная і пазіцыя настаўніка. Педагог, у якога ёсць творчая іскрынка, — бяспройгрышны варыянт. Так ён адназначна здолее сабраць вялікую каманду аднадумцаў.

Гэты год прынёс Святлане Буйноўскай шэраг узнагарод: дыпломы І ступені ў рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў “Педагагічны форум ідэй” і дыплом ІІІ ступені ў рэспубліканскім фестывалі “Веды, вопыт, ініцыятывы педагогаў дадатковай адукацыі — патэнцыял паспяховай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. А яе распрацоўка інавацыйнага вопыту “Турыстычна-краязнаўчы марафон-праект палатачных перасовачных лагераў “Саюз трох” адзначана дыпломам ІІ ступені на Рэспубліканскай выставе навукова-метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні дзецей і моладзі сродкамі турыстычна-краязнаўчай, ваенна-патрыятычнай і эколага-біялагічнай дзейнасці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва С.С.Буйноўскай.