STEM-цэнтр на базе Краснапольскай раённай гімназіі

- 11:34Навіны рэгіёнаў

Як паведаміў дырэктар гімназіі Андрэй Высоцкі, інавацыйны рэгіянальны цэнтр быў створаны ў рамках мясцовай ініцыятывы “STEM-адукацыя для развіцця сістэмы дадатковага прыродазнаўчанавуковага навучання і фарміравання экалагічнага імператыва ў дзяцей і моладзі”.

— Рэалізацыя ідэі стала магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і праекта ПРА АН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Нам была выдзелена адпаведная грашовая дапамога, — расказаў Андрэй Уладзіміравіч.

На выдзеленыя сродкі ў гімназіі стварылі лічбавую лабараторыю, абсталяваную метэастанцыяй, мікраскопам, датчыкамі, якія дазваляюць дакладна вымяраць хімічныя, біялагічныя і фізічныя параметры. Новыя манаблок і планшэт, якія таксама ёсць у лабараторыі, дадуць школьнікам магчымасць не толькі назіраць за пэўнымі з’явамі, але і адлюстроўваць усе працэсы ў электронным выглядзе. А наяўнасць тут вэб-камеры дазволіць праводзіць тэматычныя анлайн-канферэнцыі.

— Акрамя гэтага, мы закупілі два камплекты па робататэхніцы. Ужо арганізавана і адпаведнае аб’яднанне па інтарэсах. Таму зацікаўленыя дзеці, наведваючы цэнтр, змогуць таксама вучыцца праграмаванню, адзначыў Андрэй Высоцкі. — Функцыянаванне STEM-цэнтра пашырыць творчыя здольнасці навучэнцаў у навукова-даследчай рабоце і актывізуе іх самастойную пазнавальную дзейнасць. Мяркуем, што гэта значна павысіць агульную якасць навучання, паспрыяе раскрыццю інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей, — падкрэсліў дырэктар.

Адметна, што доступ да абсталявання ў цэнтры інавацыйнай адукацыі будзе адкрыты для ўсіх школьнікаў і настаўнікаў раёна. Пры неабходнасці будзе арганізаваны падвоз у гімназію ўсіх жадаючых асвойваць сучасныя тэхналогіі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.