Сто дарог за іх плячыма

- 10:20Якасць адукацыі

“Першае мерапрыемства — гэта эксперымент. Другое — кантрольны эксперымент, а трэці — ужо традыцыя”, — лічаць арганізатары канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Менавіта на гэтай пляцоўцы сабраліся фіналісты конкурса “Першыя” ад кампаніі А1.

Традыцыйна, хлопцы і дзяўчаты прадставілі на суд гледачоў свае ідэі ў галіне тэхналогій, экалогіі, урбаністыкі, інклюзіі і культуры. Сакрэт таго, як зацікавіць дзяцей чытаннем, раскрыў Дзмітрый Грыбоўскі. Першы крок да гэтай ідэі хлопец зрабіў у 9 класе. Школьнікі вывучалі творчасць А. Грыбаедава і юнак падумаў: “Прозвішча амаль як у мяне”. Ён зацікавіўся і пачаў шукаць факты пра пісьменніка.

“Аказалася, у Грыбаедава, сапраўды, былі сувязі з Беларуссю — ён служыў  у Кобрыне і Брэсце. Адсюль жа ён дасылаў свае першыя артыкулы ў Маскву. У працэсе пошукаў я даведаўся шмат, і рабіў гэта не дзеля адзнакі. Усё адбывалася дзякуючы таму, што Грыбаедаў перастаў быць проста аўтарам літаратуры з далёкага мінулага: я разумеў, што мяне з ім нешта звязвае, — сказаў хлопец. — Але што рабіць тым школьнікам, чыё прозвішча не Грыбаедаў, не Караткевіч і не Шаўчэнка? Як знайсці тую самую сувязь?”

Рашэнне, на думку Дзімы, можна знайсці з дапамогай сацыяльных сетак, у прыватнасці — твітара. Старшакласнік расказаў, што ўпершыню да яго дапамогі звярнуліся людзі, якія хацелі пазнаёміць свет з гісторыяй Рамэа і Джульеты. На працягу некалькіх дзён яны абменьваліся паведамленнямі з карыстальнікамі і адно з адным, не пераказваючы твор. Пры гэтым “віртуальныя Рамэа і Джульета” разважалі пра розныя рэчы, прытрымліваючыся сюжэтнай лініі твора.

“Чытаеш іх запісы, і з’яўляецца сувязь — табе хочацца прачытаць першакрыніцу. Што ж там у іх спараўды адбылося? — патлумачыў прамоўца. — Твітар можа стаць рэшэннем праблемы. І гэта не для таго, каб было “прасцей”, а каб навучыцца выказваць думкі сцісла і дакладна”.

Валерыя Цабрук расказала пра тое, як маляванне дапамагае пераадолець абмежаванняў. Яе гісторыя пачалася, калі дзяўчынка ўпершыню сама ўзяла ў рукі аловак. Выпадак прывёў Леру ў валанцёрскі атрад “Ад сэрца да сэрца”, на мерапрыемствах якога яна пазнаёмілася з дзецьмі, хворымі на цяжкую форму эпілепсіі і аўтызм. Пасля гэтага дзяўчына пачала разважаць, як яна можа дапамагчы і вырашылі кожную сустрэчу з новымі сябрамі пачынаць з урока малявання.

“Падчас гэтага працэсу, які можа ўключаць да дзесяці тысяч розных рухаў, у нашым мозгу ствараюцца тысячы нейронных шляхоў. Таксама маляванне змяншае ўзровень гармона стрэсу, дазваляе пазбавіцца ад сумных думак. Дзеці засяроджваюцца на працэсе, лепш запамінаюць інфармацыю і сацыялізуюцца, — гаворыць дзяўчына. — Галоўнае, такі спосаб камунікацыі даступны кожнаму з нас. І менавіта вы можаце стаць тым чалавекам, які расфарбуе рознакаляровымі фарбамі жыццё асаблівых дзяцей вашай мясцовасці”.

Ганна Сямёнава ведае, як знайсці сябе праз самаідэнтэфікацыю. Дзяўчына даўно вяла свой блог пра мастацтва, матывуючы сваіх падпісчыкаў да творчасці. Пасля знаёмства з падлеткамі, якія імкнуцца развівацца і дзяліцца сваім вопытам з іншымі, школьніца задала сабе пытанне: “Што ж такое самаідэнтыфікацыя на справе?” Хутка знайшла адказ: самаідэнтэфікацыя знаходзіцца на стыку таго, што чалавеку падабаецца, з тым, што ў яго атрымліваецца. Дзяўчына прапаноўвае кожнаму школьніку прааналізаваць фактары, якія паўплывалі на чалавека, вылучыць ключавыя моманты (чым ён хоча і можа займацца), знайсці тое, што падыходзіць, і вучыцца. А пасля зазірнуць у яе аўтарскае мабільнае прыкладанне Accessia, якое праз тэсты і элементы гульневізацыі дапамагае падлеткам вызначыцца са сферай прафесійных інтарэсаў.

Ганна Груша раіць разглядаць факты аб экалогіі таксама праз гульню. З дапамогай вядомай забавы “Мафія”, падчас якой жыхары горада то засынаюць, то прачынаюцца, яна паведаміла, колькі тысяч тон макулатуры збіраюць жыхары, які працэнт адкідаў перапрацоўваюць шэрыфы і які ўрон наносіць мафія, выкідваючы ў прыроду бытавое смецце.

“Праз тэкст і доўгія лекцыі інфармацыя ўспрымаецца цяжэй. Тады чаму б нам не расказваць пра экалогію інтэрактыўна?” — задалася пытаннем выступоўца.

Як зрабіць школьную прастору па-сапраўднаму крэатыўнай разбіраўся Іван Пухоўскі. Што можа зрабіць акадэмічнае асяроддзе цікавым і прыгожым? Ваня перакананы, што расліны, а дакладней — “жывыя” сцены ў вучэбных аўдыторыях. Па словах прамоўцы, вучні, якія займаюцца ў класах з такімі канструкцыямі, лепей запамінаюць інфармацыю і адчуваюць сябе больш камфортна.

Марыя Патапава адна з нямногіх ведае, як можна заплюшчыць вочы і паглядзець. “Якім чынам патлумачыць чалавеку, што не бачыць, як выглядаюць колеры? Больш-менш зразумела толькі з чорным. Людзі, якія страцілі зрок, адчуваюць свет інакш — часта з дапамогай далоней. Дзякуючы органам дотыку, можна чытаць і нават разглядаць спецыяльна створаныя карціны”, — адзначае Маша.

Дзяўчына прапаноўвае ствараць батанічныя барэльефы, выкарыстоўваючы расліны і цэмент, а ў іншых выпадках — 3D-прынтары. Марыя пераканана, што экспанаты на выставы для людзей з асаблівасцямі зроку могуць зрабіць звычайныя школьнікі. Для гэтага варта толькі адкрыць гурток у школе ці доме дзіцячай творчасці.

 “Якімі спосабамі можна вывучаць гісторыю? З дапамогай кніг, праз наведванне  музеяў і славутасцей. Але ёсць яшчэ адзін спосаб, які па-сапраўднаму дае адчуць сувязь з продкамі, — паесці”, — пераканана Настасся Домніч, якая прэзентавала тэму “Хлеб як урокі гісторыі”. — Таму, каб наблізіцца да жыцця нашых прашчураў, можна прыгатаваць стравы, якія пастаянна прысутнічалі на іх стале. Для мяне сродкам такога яднання стаў хлеб. Не такі, што выпякаецца на заводзе, а той, рэцэпт якога перадаецца з пакалення ў пакаленне”.

Гэты хлеб можна па праве назваць унікальным. Яго можна пакаштаваць толькі ў вёсцы Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, дзе яго пячэ народная майстрыха Сцепаніда Лупач. А яшчэ ён занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Школьніца гаворыць, што рэцэпту з дакладным пералічэннем грамаў усіх прадуктаў не існуе, усё вымяраецца Сцепанідай Аляксандраўнай “на вока”, якое ў яе, бы алмаз. Таму важна вывучаць і захоўваць працэс выпячэння. Дзяўчына прапануе арганізаваць на базе мясцовай школы міні-пякарню “У гасцях у бабулі Сцепаніды”. Там будуць впякаць хлеб па той самай рэцэптуры, разам з тым вывучаць яго гісторыю.

Мікіта Русецкі прытрымліваецца пазіцыі, што калі чалавек не можа нечага пазбавіцца, яму патрэбна з гэтым пасябраваць. Яго  выступленне закранула праблему выкарыстання смартфонаў на занятках.

— Мяркуючы па тым, як сёння дзеці імкнуцца атрымоўваць найвышэйшыя дасягненні ў тэлефонных забаўках, відавочна, што ў вучэбным працэсе дзецям патрэбна гульня. І як толькі яны заўважаюць, што ў пэўнай гульнёй зацікавіліся іх аднагодкі, адразу ж самі звяртаюць на яе ўвагу, — заўважае Мікіта. Хлопец прапаноўвае стварыць адукацыйнае прыкладанне, якое будзе працаваць па прыкладзе сучасных гульняў — з рэспубліканскім і унутрышкольным рэйтынгам. А функцыя “унутрыкласныя спаборніцтвы” дазволіць вучням “памерацца” ведамі са сваімі школьнымі сябрамі.

Софа Лагуткова гаворыць, што маскі, якія былі ў выкарыстанні, не павінны нараджаць больш праблем, чым вырашаюць. Старшакласніца задаецца пытаннем, як утылізаваць маскі і медыцынскія пальчаткі так, каб яны наносілі найменш шкоды. На яе думку, дупаможа апарат, з дапамогай якога можна будзе ўтылізаваць  аднаразовыя маскі і набыць шматразовую. У чым яго перавага? У тым, што пластыкавыя маскі можна будзе граматна знішчыць, а шматразовую тканевую  пасля пандэміі памыць і перапрацаваць. Софа лічыць, што галоўная ўмова рэалізацыі яе задумы — у распаўсюджанасці — у шпіталях, парках, гандлёвых цэнтрах і проста на вуліцы.

Дар’я Камінская — спецыяліст па запамінанні вершаў. Яна ўпэўнена: калі трэба вывучыць паэтычны твор, варта праспяваць яго.

— Для таго, каб атрымаць добрую адзнаку за вывучаны верш, у маёй школе пры выступленні важна выкарыстоўваць творчыя элементы. Як правіла, мы прыбягалі да малюнкаў па тэме, або сцэнак па тэксце твора. У нейкі момант мне стала сумна і я вырашыла не расказваць верш, а праспяваць, — успамінае Даша. — Так я зразумела, што вучыць вершы, як песні значна прасцей і больш цікава. Гэты занятак захапіў, і на наступны верш я напісала музыку сама.

Падчас выступлення Дар’і не засталося ніводнага прысутнага, якога б не паланіў працэс запамінання пад музыку. Напрыканцы многія слухачы ў такт з дзяўчынкай паўтаралі словы Я. Янішчыц: “Ты пакліч мяне. Пазаві. Сто дарог за маімі плячыма…”. Гэтыя словы гарманічна ўліліся ў сутнасць праекта “Першыя”, бо кожны яго удзельнік да таго, як данесці сваю ідэю свету, прайшоў дзясяткамі шляхоў.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі.