Сто гадоў жыццёвага аптымізму. У Гродне са знакавым юбілеем віншавалі Валянціну Пятроўну Баранаву

- 11:00Новости

У Гродне са знакавым юбілеем віншавалі Валянціну Пятроўну Баранаву. У мірнай біяграфіі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, франтавой сувязісткі значнае месца займаюць старонкі настаўніцтва. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Больш за 30 гадоў яна працавала спачатку музычным работнікам у дзіцячым садзе № 4 абласнога цэнтра, а пасля — выкладчыкам методыкі музычнага выхавання ў Гродзенскім педагагічным каледжы (сёння гэта Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы). Дарэчы, у каледжы створаны імянны кабінет Валянціны Пятроўны.

Адно з самых папулярных пытанняў журналістаў, адрасаваных ёй у дзень юбілею: “У чым сакрэт вашага даўгалецця?” Адказ стагадовая юбілярка, якая да гэтага часу вядзе актыўны лад жыцця, удзельнічае ў рабоце гарадскога савета ветэранаў, ходзіць выключна ў туфлях на абцасах, іграе на фартэпіяна і акардэоне, пачала са шчырай усмешкі:

— Памятаю яшчэ з трохгадовага ўзросту, як мама заўсёды нагадвала мне трымаць спіну роўна, інакш не стану балерынай. І нават зараз, як толькі выходжу з дому, я ўспамінаю аб гэтым наказе і трымаю спіну прама. Так і іду па жыцці!

Вядома, галоўны сакрэт даўгалецця суразмоўніцы — у жыццёвым аптымізме, які яна ўмее захоўваць, нягледзячы ні на што. У біяграфіі Валянціны Пятроўны за гэтым “ні на што” стаяць боль і жахі ваеннага часу. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, юнай Валі было ўсяго васямнаццаць. 21 чэрвеня 1941 года яна толькі адзначыла заканчэнне дзесяці класаў у нядаўна пабудаванай школе ў Абакане, што ў Расіі. Літаральна на наступны дзень разам з усім класам пайшла ў ваенкамат. Чатыры разы Валянціна Пятроўна звярталася з просьбай адпра­віць яе на фронт. Толькі праз год, улетку 1942-га, была прызначана ў полк сувязі. Яна прайшла дарогамі вайны праз Украіну, Польшчу, Германію і сустрэла Дзень Вялікай Перамогі ў Празе. Гвардыі сяржант узнагароджана медалём “За баявыя заслугі”, ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені.

У пачатку верасня, у дзень святкавання 895-годдзя горада, тысячная зала абласной філармоніі апладзіравала ёй з нагоды ўручэння стужкі і знака адрознення ганаровага грамадзяніна Гродна стоячы. А Указам Прэзідэнта Беларусі ад 2 мая 2023 года Валянціна Баранава ўдастоена ордэна Пашаны.

Вельмі прыемна, што сённяшняя моладзь праяўляе павагу і любоў да людзей майго пакалення. Жадаю кожнаму дажыць да маіх гадоў і пранесці праз жыццё пачуццё падзякі да людзей і павагі да Радзімы.

У яе біяграфіі ёсць і старонкі, прасякнутыя самай вялікай жаночай радасцю — шчаслівым шлюбам і мацярынствам. Пуцёўку ў жыццё яна дала траім дзецям. Дачка Наталля Баранава па прыкла­дзе маці і дзякуючы любові да музыкі выбрала выкладчыцкі шлях. Больш за сорак гадоў яна выкладае ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы.

Кожны, хто бываў на мерапрыемствах з удзелам Валянціны Пятроўны, ведае пра жыццёвы аптымізм ветэрана і ў прамым сэнсе ўяўляе яго смак. На сустрэчы з моладдзю і працоўнымі калектывамі яна нават сёння спяшаецца не з пус­тымі рукамі — заўсёды са сваімі пірагамі.

— Мама шмат гадоў працавала выкладчыкам, і традыцыя часта­ваць пірагамі родам адтуль: яна заўсёды пякла пірагі для навучэнцаў. Памятаю: да нас неяк прыйшла ўся яе група — 26 чалавек. Галоўнай тэмай такога незвычайнага пазакласнага мерапрыемства тады былі зноў жа маміны пірагі — моладзь вучылася іх пячы, — паведаміла дачка юбіляркі.

Пра тое, як Валянціна Пятроўна ставілася да сваіх навучэнцаў, лепш за ўсякія словы дэманструе яшчэ адзін эпізод. Неяк позна вечарам яна напякла піражкоў на ўсю групу. Калі родныя дзеці раніцай прачнуліся, іх здзівіла пакінутая запіска: “Не чапаць. Гэта для маіх дзяцей”.

— Тады гэта крыху абурыла, але сёння, будучы педагогам, выразна разумею, што такое стаўленне да навучэнцаў дарагога варта, — адзначыла Наталля Баранава і дадала, што і ў сваёй выкладчыцкай практыцы актыўна карыстаецца мамінай піражковай традыцыяй.

Валянціна Пятроўна ў свае 100 гадоў — нязменны ўдзельнік шматлікіх святочных мерапрыемстваў, а ў планах дагэтуль адведзена месца сустрэчам з гродзенскай моладдзю.

— На працягу ўжо 30 гадоў Валянціна Баранава — ганаровы ­госць у нашым каледжы. Яе словы заўсёды натхняюць і педагогаў, і навучэнцаў. Гэта ўнікальны чалавек, які прайшоў цікавы жыццёвы шлях. Думаю, менавіта дзякуючы гэтаму Валянціна Пятроўна можа гаварыць так, каб словам было цесна, а думцы — шырока, — па­дзялілася кіраўнік музея баявой і працоўнай славы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Ларыса Хацько.

Словы віншаванняў у дзень юбілею ветэрану Вялікай Айчыннай вайны адрасавалі кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, навучальных устаноў. Віншавальны адрас за подпісам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зачытаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.

— Сімвалічна, што гэтую знамянальную дату вы адзначаеце ў Год міру і стварэння, кошт якім ведаеце па ўласным вопыце, — гаворыцца ў віншаванні. — Мужнасцю, гераізмам, стойкасцю і адвагай адзначаны вашы вогненныя вёрсты ад Славянска да Берліна, прой­дзеныя за гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адказваючы на пытанне аб планах на будучыню, Валянціна Баранава з усмешкай адзначыла:

— Пайду наперад усё тым жа страявым крокам і буду спадзявацца на Усявышняга.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і БелТА