2015 год завяршыў пяцігадовы этап сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, таму на выніковым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама падводзілі вынікі не толькі мінулага года, але і апошняй пяцігодкі. Ахарактарызаваць агульны стан сістэмы адукацыі і даць ацэнку рабоце кіруючых кадраў за гэты перыяд — такую задачу паставілі перад сабой удзельнікі пасяджэння.
У мерапрыемстве, якое адбылося ў Мінскім абласным ІРА, бралі ўдзел галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі І.Г.Владаўская, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама В.І.Сірэнка, рэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жук, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі М.М.Башко, прадстаўнікі ўпраўлення і аддзелаў адукацыі, кіраўнікі і педагогі ўстаноў, члены калегіі.
Грошы любяць падлік
Пленарнае пасяджэнне пачалося дакладам начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак, якая расказала аб рэалізацыі дзяржаўных праграм у сістэме адукацыі ў 2011—2015 гадах. Спачатку Галіна Мікалаеўна звярнула ўвагу на эканамічныя і фінансавыя аспекты. У 2015 годзе на сістэму адукацыі вобласці выдаткаваны 31% бюджэтных сродкаў. Усяго на будаўніцтва і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі за пяць гадоў накіравана больш за 2 трлн рублёў. Найбольш актыўна работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы вялася на працягу апошніх двух гадоў. Уведзена ў эксплуатацыю 27 аб’ектаў. У 2015 годзе пабудаваны 3 дзіцячыя сады і дзіцячы дом сямейнага тыпу, распачата будаўніцтва сярэдняй школы на 510 месцаў у к.п.Нарач Мядзельскага раёна. Усяго за 2011—2015 гады ў вобласці пабудавана 11 дзіцячых садоў на 2043 месцы, праведзена рэканструкцыя і перапрафіляванне 9 аб’ектаў на 518 месцаў. Мэтанакіраваная дзейнасць у 2015 годзе дазволіла адкрыць 2 прыватныя дзіцячыя сады ў Мінскім раёне. У найбліжэйшыя 5 гадоў плануецца будаўніцтва яшчэ 9 устаноў дашкольнай адукацыі. У сістэме адукацыі Міншчыны паслядоўна ўкараняюцца прынцыпы новага эканамічнага механізма. У праекце па нарматыўным фінансаванні з 2015 года ўдзельнічаюць гімназія Фаніпаля і сярэдняя школа № 14 Салігорска. У 2016 годзе да праекта далучыліся 9 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Жодзіна. На эканамічную самастойнасць перайшлі 68 устаноў. А вось уменне зберагаць і эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя грошы, можна сказаць, ужо асвоена. На працягу пяці гадоў сетка школ скарацілася на 15%, напаўняльнасць класаў узрасла да 16,7 навучэнца ў сярэдняй школе, колькасць малакамплектных школ скарацілася больш чым удвая. За кошт аптымізацыйных мерапрыемстваў агульны эканамічны эфект склаў каля 53 млрд рублёў. Правядзенне энергазберагальных мерапрыемстваў дазволіла сэканоміць 18,6 млрд рублёў. Усё лепш ва ўстаноў адукацыі атрымліваецца зарабляць грошы: за апошняе пяцігоддзе было зароблена 1,5 трлн рублёў пазабюджэтных сродкаў.
Ад вынікаў — да планаў
Мінулы год замацаваў станоўчыя тэндэнцыі ў сістэме дашкольнай адукацыі. Захаваны поўны ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы. Функцыя-нуюць 575 новых форм дашкольнай адукацыі, зніжаецца колькасць прапушчаных з-за хвароб дзён.
Станоўчая дынаміка па асноўных пазіцыях назіраецца і ў агульнай сярэдняй адукацыі. З году ў год расце колькасць навучэнцаў, якія атрымалі пасведчанні з адзнакай, залатыя і сярэбраныя медалі. Павялічылася колькасць навучэнцаў, якія атрымалі 100 балаў падчас здачы ЦТ з 6 чалавек у 2011 годзе да 24 у 2015-м. На міжнародных прадметных алімпіядах і ў інтэлектуальных конкурсах за 5 гадоў атрымана 24 медалі. З 2011 года спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў заахвочаны 845 навучэнцаў і 88 педагогаў. У рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбных прадметах за 5 гадоў атрымана 218 дыпломаў, з іх 41 дыплом — у 2015 годзе — гэта лепшы вынік у рэспубліцы сярод абласцей.На пачатак гэтага навучальнага года рознымі мадэлямі профільнага навучання ахоплена 50% навучэнцаў. Адроджаны педагагічныя класы і групы педагагічнай накіраванасці. У іх навучаюцца 579 вучняў, што складае палову ад іх агульнай колькасці ў краіне. Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці функцыянуюць 22 класы іншай прафесійнай накіраванасці.
З 2014 года ўкараняецца новая мадэль кіравання па прадастаўленні электронных паслуг праз электронныя журналы і дзённікі. Найбольш эфектыўна гэтая мадэль рэалізуецца ў сярэдняй школе № 4 Салігорска. У Маладзечне і Салігорску працуюць над новым праектам па робататэхніцы, лабараторыі па лега-канструяванні створаны ў Дзяржынскім, Салігорскім, Маладзечанскім, Капыльскім, Мядзельскім, Барысаўскім раёнах. У 2015 годзе праведзены І абласны конкурс робататэхнікі “Дарога ў будучыню”.
У сістэме прафесійнай адукацыі 2015 год стаў завяршальным у рэалізацыі дзяржаўных праграм развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2011- 2015 гады. За гэты час падрыхтавана 21,5 тысячы рабочых і спецыялістаў. Прагнозныя паказчыкі прыёму, устаноўленыя дзяржаўнымі праграмамі, выкананы. Спіс прафесій, якія можна атрымаць ва ўстановах, падтрымліваецца ў актуальным стане: за адзначаны перыяд пачалася падрыхтоўка па 19 новых кваліфікацыях і 7 спецыяльнасцях. Шмат зроблена для павышэння якасці адукацыі ва ўстановах. Створаны пяць рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання, на базе якіх за пяць гадоў прайшло навучанне больш за 7 тысяч чалавек. Плённа працавалі на Міншчыне і над стварэннем безбар’ернага асяроддзя. У мінулым годзе ва ўстановах адукацыі абсталявана 398 пандусаў. Адкрыты першы дзіцячы сад з поўным безбар’ерным асяроддзем у Дзяржынску.
Завяршаючы даклад, Галіна Мікалаеўна Казак адзначыла, што Мінская вобласць, як і ўся краіна, прыступіла да рэалізацыі праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады. Яна заклікала калег да кансалідацыі намаганняў дзеля агульнай мэты. “Рэалізацыя праграмы патрабуе прыняцця правільных кіраўніцкіх рашэнняў, сістэмнай работы з фінансавымі і кадравымі рэсурсамі, высокай выканальніцкай дысцыпліны і кантролю”, — падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі.
Раўненне на лепшых
Сур’ёзны тон пленарнай часткі мерапрыемства змяніў радасны настрой другой — урачыстай часткі. Падведзеныя вынікі далі падставу для заахвочвання і ўзнагароджання падзякамі і граматамі Мінскага аблвыканкама, Міністэрства і ўпраўлення адукацыі, а таксама нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Акрамя таго, на пасяджэнні калегіі былі падведзены вынікі штогадовага конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Нагадаем, што ўпершыню пераможцаў конкурсу вызначалі на выніковым пасяджэнні калегіі, а не на жнівеньскай педканферэнцыі. У мінулым годзе спецыяльна створаная рабочая група распрацавала новыя крытэрыі ацэнкі і вынікі конкурсу падводзіліся менавіта па іх. Так, намінацый засталося толькі 9, у некалькіх з іх установы адукацыі і раёны спаборнічалі ў групах у залежнасці ад колькасці навучэнцаў.
Лідзіруючыя пазіцыі ў рэгіянальнай сістэме адукацыі па выніках 2015 года займаюць аддзелы адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага і Нясвіжскага райвыканкамаў.
Лепшымі ў сістэме прафесійнай адукацыі сталі Слуцкі дзяржаўны каледж і Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. Асабліва хочацца адзначыць, што сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй пад кіраўніцтвам С.М.Шыловіча ўзняўся на першае месца з апошніх пазіцый рэйтынга 2014 года.
Лідарамі ў дашкольнай адукацыі сталі ДЦРД “Расінка” Валожына і ДЦРД пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна. Лепшай гімназіяй прызнана гімназія № 6 Маладзечна. Сярэдняя школа № 11 Салігорска і Дзераўнянская сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна сталі лепшымі ўстановамі сярэдняй адукацыі ў гарадской і сельскай мясцовасці адпаведна. У намінацыі “Лепшая ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” перамаглі ЦТДіМ Дзяржынскага раёна і Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці.
У кожнага ўдзельніка пасяджэння была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з пераможцамі і лаўрэатамі конкурсу і даведацца аб сакрэтах іх поспеху. З дасягненнямі сістэмы адукацыі Міншчыны знаёмілі тэматычныя пляцоўкі, якія разгарнуліся перад пленарным пасяджэннем. На пляцоўцы “Сёння — кадэт, заўтра — курсант” гасцей віталі навучэнцы Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. Педагогі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя расказвалі аб інавацыйным шляху развіцця адоранасці навучэнцаў. Яркімі фарбамі сустракалі наведвальнікаў стэнды і выставы ўстаноў дашкольнай адукацыі. Напрыклад, плённа працуе ў тэатральным кірунку ДЦРД “Сонейка” вёскі Рудаўкі Нясвіжскага раёна. Нікога не пакінулі абыякавымі тэатральныя лялькі, якіх ствараюць сумесна з бацькамі педагогі цэнтра. А выхаванцы ДЦРД “Расінка” Валожына на занятках ствараюць лялькі-абярэгі і нават плятуць габелены. Іх вырабы можна было ўбачыць на тэматычнай пляцоўцы.
Мінскую вобласць у фарбах, рухах, гуках і дэталях паказвалі на сваёй пляцоўцы ўстановы дадатковай адукацыі. Напрыклад, Кацярына Бурак правяла інтэрактыўную гульнявую праграму, каб пазнаёміць удзельнікаў пасяджэння з ЦТДіМ Салігорскага раёна, дзе яна паспяхова займаецца ўжо многа гадоў. Абрадавых лялек, вырабы з шэрсці, гліны, саломы, а таксама нетрадыцыйных матэрыялаў паказалі на выставе Клецкага ЦДТ. А навучэнцы і педагогі з Нясвіжа расказалі пра турыстычныя праграмы, якія прапаноўваюць выхаванцы раённага цэнтра дзіцячай творчасці.
Шмат увагі прыцягнулі пляцоўкі, дзе свае напрацоўкі паказвалі ўстановы сістэмы прафесійнай адукацыі. Незвычайнымі прысмакамі здзіўляў Слуцкі дзяржаўны каледж, на творчыя майстар-класы запрашала педагог Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, вырабы сваёй бізнес-кампаніі дэманстраваў Капыльскі дзяржаўны каледж. Яго педагогі таксама запрашалі ўсіх жадаючых акунуцца ў віртуальную рэальнасць: на пляцоўцы паказвалі магчымасці маладзёжнага цэнтра, які створаны ў каледжы і прадастаўляе навучэнцам доступ да сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Завяршылася пасяджэнне калегіі выступленнямі пераможцаў штогадовага абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Лепшыя ўстановы адукацыі ў творчых прэзентацыях расказвалі пра свой шлях да вяршынь прафмайстэрства.