Дырэктар Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глускага раёна Магілёўскай вобласці Святлана Аляксееўна Лабадаева — кіраўнік з вялікім метадычным патэнцыялам. Яна ўвесь час імкнецца да балансу паміж функцыяналам дырэктара і настаўніка. Святлана Аляксееўна — лакаматыў для школы і прыклад для калег-настаўнікаў. Нядаўна дырэктар засвоіла актыўную ацэнку, якой імкнецца зацікавіць усіх сваіх педагогаў. Амбіцыйна? Магчыма, але мая сённяшняя суразмоўніца не баіцца цяжкасцей. Яна пераканана: сучасныя педагагічныя тэхналогіі дапамогуць навучыць дзяцей адказнасці.
— Святлана Аляксееўна, давайце знаёміцца.
— У школе працую з 1986 года (пасля Магілёўскага інстытута імя А.А.Куляшова). Закончыла філалагічны факультэт. На пасадзе дырэктара — 9 гадоў, з якіх 5 гадоў у Заеліцкай школе. Пабыла дырэктарам у суседняй школе, а затым вярнулі назад. Асаблівасць нашай школы найперш у тым, што ў нас вучэбна-педагагічны комплекс, які размешчаны ў двух будынках: дзіцячым садзе і школе. Ёсць некаторыя цяжкасці, але мы спраўляемся. На 1 чэрвеня ў нас было 116 навучэнцаў і 36 выхаванцаў дзіцячага сада. Мы — жывая школа, і гэта галоўнае.
Наша школа пачала сваю гісторыю ў 1992 годзе. За час існавання навучальнай установы ў самастойнае жыццё выйшла больш за 200 выпускнікоў. Для стварэння безбар’ернага асяроддзя і падтрымкі дзяцей з АПФР у нас працуюць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі; дзве інтэграваныя групы для дашкольнікаў.
З мэтай паглыблення ведаў, развіцця творчых здольнасцей дзяцей, карыснай арганізацыі вольнага часу ў школе арганізавана работа факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах, школьных аб’яднанняў па інтарэсах. Дзейнічае школьны музей, выпускаецца школьная газета “Свой голас”.
Праграмай “Лета-2017” прадугледжана работа аздараўленчага лагера “Сонейка” і працоўнага лагера “Стрыжы”. У ліпені — жніўні на базе ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі” будуць працаваць два студэнцкія атрады. Арганізавана работа на школьным стадыёне, дзе кожны жадаючы мае магчымасць пагуляць у футбол, валейбол, розныя спартыўныя гульні.
Традыцыйнымі ў школе сталі конкурсы “Вучань года”, “Клас года”. На працягу года праводзіцца конкурс “Рэйтынг-2017”, па выніках якога пераможцы прадстаўляюцца да ўзнагароджання імянной стыпендыяй нашага земляка Уладзіміра Мікалаевіча Ахрамейкі, які сёння з’яўляецца дэпутатам Мурманскай абласной думы, але падтрымлівае вельмі цесную сувязь з малой радзімай. Цесная ўзаемасувязь наладжана паміж базавай гаспадаркай ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”, Слаўкавіцкім лясніцтвам, мясцовымі Домам рамёстваў, Цэнтрам культуры і адпачынку. Усё гэта дазваляе стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця нашых дзяцей.
— У дырэктара школы функцыянал вельмі шырокі. Ён і менеджар, і гаспадар, і настаўнік, і метадыст. Прынамсі так павінна быць у ідэале, але атрымліваецца, што дырэктары сёння — у асноўным менеджары. Як вам удаецца быць дырэктарам і займацца вывучэннем новых методык і тэхналогій, якія пасля паспяхова ўкараняеце ў практыку сваёй школы?
— Як гаворыць наш начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Аляксандравіч Бельскі, калі вы хочаце, каб у сутках было 26 гадзін, то на гадзіну раней устаньце і на гадзіну пазней кладзіцеся спаць. Тут галоўнае — жаданне. Калі поўнасцю прысвяціць сябе гаспадарчай дзейнасці, то страціш сябе як асобу ў педагогіцы. Тым больш, што ў гаспадарцы заўсёды патрэбна падтрымка, узаемавыручка (фінансаванне школ пакідае жадаць лепшага).
А методыка — гэта той “рэцэпт”, алгарытм, які спрыяе развіццю настаўнікаў і школы ў адукацыйным працэсе. Дзеці ў школу ідуць найперш па адукацыю. Канечне, добрыя ўмовы таксама спрыяюць якасці навучання, але школу ўсё ж вызначае не мэбля, а высокаадукаваныя, матываваныя настаўнікі, арыентаваныя на сучасныя запыты вучняў. Мне шчасціць на аднадумцаў і харошых калег-педагогаў. Акрамя таго, калі кіраўнік не развіваецца як настаўнік, то і яго падначаленым не захочацца рухацца наперад. Павінен быць лакаматыў. Вось я ім і з’яўляюся. Калі пайшла вучыцца на курсы па актыўнай ацэнцы, сур’ёзна зацікавіліся новай стратэгіяй навучання яшчэ трое настаўнікаў. Туды, дарэчы, не ўсіх бяруць, так што давядзецца быць цярплівым і мэтанакіраваным. Прынамсі я намагалася туды трапіць два гады запар. Узялі толькі ў 2016 годзе.
— Таксама загарэліся новым?
— Так, загарэліся. Але не ўсё так проста, як здаецца. Каб працаваць па актыўнай ацэнцы, трэба памяняць сваё ўспрыманне дзіцяці. Вучань — гэта твой партнёр, нават калі ён толькі першакласнік ці пяцікласнік. Мы разам працуем над удасканаленнем нашага педагагічнага светапогляду. Мяркую, што ў новым навучальным годзе прыхільнікаў АА стане больш.
— Але калі ў вашым калектыве знайшліся аж тры чалавекі (што нямала для вясковай школы), якіх таксама зацікавіла АА, то можна сцвярджаць, што, нягледзячы на пэўнае неразуменне, педагогі ў вас прагрэсіўныя?
— Так, калектыў у нас добры, баяздольны, перспектыўны. У нашай школе вучацца выдатныя дзеці. Ёсць з кім працаваць. Прафесійны патэнцыял настаўнікаў спрыяльна ўплывае і на вучняў. Штогод яны радуюць паспяховым удзелам у прадметных алімпіядах раённага і абласнога ўзроўняў, конкурсах даследчых і творчых работ, спартыўных спаборніцтвах. У 2016/2017 навучальным годзе было арганізавана профільнае навучанне па беларускай і англійскай мовах, грамадазнаўстве.
Значны ўклад у развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей вучняў робяць настаўнікі Ірына Віктараўна Пукач (беларуская мова і літаратура), Алена Валер’еўна Філіпенка (гісторыя і грамадазнаўства), Вольга Мікалаеўна Таранава (інфарматыка, матэматыка), Ганна Мікалаеўна Лук’янчук, Наталля Аляксандраўна Марус (пачатковыя класы), Наталля Аляксееўна Талкачова (руская мова і літаратура), Галіна Уладзіміраўна Юхневіч (фізічная культура і здароўе).
Прыемна сёння ўсведамляць, што многія выпускнікі па прыкладзе сваіх настаўнікаў выбіраюць прафесію педагога і вяртаюцца ў родныя мясціны. Аб эфектыўнасці дзейнасці калектыву можа сведчыць і той факт, што апошнія тры гады наша ўстанова адукацыі лідзіруе сярод ВПК Глускага раёна.
— Святлана Аляксееўна, а чым вас зачапіла актыўная ацэнка?
— Увогуле я шмат чытаю метадычнай літаратуры. Нягледзячы на тое, што з’яўляюся дырэктарам, у некалькіх класах працягваю настаўнічаць. Па сваёй натуры я ўсё ж настаўніца, таму не магу без дзяцей і ўрокаў. Некалі захаплялася французскімі педмайстэрнямі, асабліва на ўроках літаратуры. Для дзяцей галоўнае — начытацца добрых кніг, а педмайстэрні якраз спрыялі павышэнню матывацыі да чытання.
Пра актыўную ацэнку чытала ў “Настаўніцкай газеце”, на курсах у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі натхняў Мікалай Іванавіч Запрудскі, а затым давялося пабыць на майстар-класе настаўніка беларускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Юрыя Каласоўскага, які пасля на курсах па актыўнай ацэнцы быў у мяне ментарам. У выніку ў нас склаліся добрыя сяброўска-прафесійныя адносіны. Мне спадабалася філасофія АА, хоць яна карэнным чынам адрозніваецца ад прывычнага для нас традыцыйнага ўрока. Але пакуль не магу пахваліцца, што ўсе без выключэння настаўнікі нашай школы яе разумеюць і прымаюць. Мы знаёмімся, спрабуем асэнсаваць і прыняць новую стратэгію навучання.
— Зразумела. Актыўная ацэнка патрабуе пераасэнсавання свайго настаўніцкага светапогляду, а гэта не так проста: узяць і адмовіцца ад свайго ўжо складзенага прафесійнага “я”.
— Так, вы маеце рацыю. Мне ў жыцці пашчасціла з настаўнікамі, якія заахвочвалі маё свабодалюбства ва ўласных думках. Я вельмі ўдзячна ўніверсітэцкім выкладчыкам за магчымасці вальнадумства, свайму дэкану Яраславу Іванавічу Клімуцю, які культываваў развіццё ўласнага меркавання сярод студэнтаў. У актыўнай ацэнцы ёсць зваротная сувязь, калі настаўнік піша каментарый кожнаму вучню. Такія каментарыі пасля сачыненняў я практыкавала яшчэ ў пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці. Мяне такая праца зусім не абцяжарвала. І, зразумела, мне гэта няцяжка рабіць і цяпер, працуючы ў межах актыўнай ацэнкі. (Дарэчы, у новым навучальным годзе паспрабуем зваротную сувязь ажыццяўляць праз старонку на сайце нашай школы). Вельмі рэдка выказваю сваё незадавальненне за нявыкананае дамашняе заданне. Вітаю ўласныя думкі вучняў. Напэўна, недзе ўнутры я была гатова працаваць па актыўнай ацэнцы. Прынамсі перадумовы былі.
— А як бацькі ўспрынялі новую тэхналогію?
— З бацькамі пакуль цяжкавата. Пішу ім пісьмы, прыходжу на бацькоўскія сходы, каб патлумачыць сэнс і карысць актыўнай ацэнкі. Пакуль дамовіліся, каб хоць не перашкаджалі. Не скажу, што бацькі катэгарычна супраць. Яны пакуль не разумеюць. Ім цяжка суаднесці свае непарушныя ўяўленні пра вучэбны працэс з тым, што прапануе АА.
У новым навучальным годзе мы памяняем фармат зносін з бацькамі. У нашай школе працуе бацькоўская гасцёўня, дзе мы ў большасці сваёй абмяркоўвалі стандартныя пытанні. Паспрабуем пашырыць нашы агульныя гарызонты і пагаварыць пра новыя патрабаванні часу як у сацыяльнай, так і прафесійнай сферы.
— У бацькоў, напэўна, асноўнае неразуменне выклікае сістэма ацэньвання ў актыўнай ацэнцы? Для іх жа асноўная мерка якасці адукацыі дзіцяці — адзнака.
— Так. Акрамя таго, часта жаданні бацькоў не супадаюць з магчымасцямі іх дзіцяці, і тады на сына ці дачку пачынаецца ціск. А эмацыянальнае напружанне, як вядома, аказвае выключна негатыўны ўплыў на дзіця, якое будзе разрывацца (і, вядома, мучыцца) паміж марамі бацькоў і ўласнымі здольнасцямі. Канечне, ёсць адэкватныя бацькі, якія цікавяцца новымі адукацыйнымі магчымасцямі. Ведаюць пра адукацыйныя дасягненні ў іншых краінах. Мы з імі можам пагаварыць пра РІSА.
Разам з тым з бацькамі трэба наладжваць больш цеснае ўзаемадзеянне. Паказваць, расказваць, тэсты, трэнінгі праводзіць. На дадзены момант яны цяжка ідуць на кантакт з нашымі псіхолагамі.
— Дзецям новыя ўмовы навучання падабаюцца?
— У мінулым навучальным годзе я пачала выкладаць у 5 класе. І схема “патлумачыць — замацаваць — спытаць” неяк не пайшла. Паспрабавала актыўную ацэнку — пайшло. І калі спачатку дзеці мяне ўспрымалі толькі як дырэктара, то пасля я пачала адчуваць іншае: вучні пачалі ставіцца да мяне метавіта як да педагога. У нас склаліся сяброўскія стасункі. Некаму не падабаецца, бо настаўнік жа — аўтарытэт. А які сэнс у аўтарытэце дзеля аўтарытэта?
Дзецям падабаецца. Я замовіла спецыяльныя методнікі (для ажыццяўлення тэхнікі святлафора), дык вучні вельмі любяць з імі працаваць. Падабаецца ім і самаацэнка (для кожнага распрацавала спецыяльную карту з крытэрыямі), узаемаацэнка (тут трэба вучыць, каб ацэньвалі работу, а не чалавека, успрымаць адэкватна крытыку сваёй работы). У выніку ўсё гэта працуе на адказнасць і матывацыю навучэнца.
— Ёсць верагоднасць, што актыўная ацэнка паспрыяе пазітыўным зменам у нашых дзецях?
— Так. Але вельмі важна, каб не атрымалася супярэчнасць: дзеці гатовы жыць па-сучаснаму, а мы (дарослыя) не гатовы прыняць іх пункт гледжання, які, насамрэч, адпавядае рэаліям сённяшняга дня. Магчыма, супярэчнасці і не будзе, бо жыццё возьме сваё, нягледзячы на тое, што мы працягваем жыць з аглядкай на мінулае. Неабходна разумець і прымаць той факт, што дзеці будуць жыць зусім не так, як мы. Не трэба іх цягнуць у мінулае.
— Тут у мяне напрошваецца да вас пытанне як да філолага: ці не здаецца вам, што шматлікія класічныя мастацкія творы састарэлі і ўжо не маюць неабходнага выхаваўчага патэнцыялу?
— Не магу сказаць, што састарэлі. Яны проста страцілі актуальнасць. Але калі гэта каханне, то яно ніколі не састарэе. Трэба імкнуцца самім актуалізаваць некаторыя творы, тлумачыць іх не традыцыйна, а з аглядкай на сучаснасць. Успомнім Льва Талстога. Нудна і нецікава чытаць яго ваенныя баталіі. Але, каб заахвоціць, можна прапанаваць перакласці ваенныя бітвы 1812 года ў камп’ютарную гульню. Працуе. Сямейныя адносіны таксама заўсёды актуальныя, бо ў іх практычна нічога не памянялася. Сям’я па-ранейшаму будуецца на каханні, даверы, павазе, а здрады асуджаюцца. Вось вам і Талстой.
Існуе меркаванне, што беларуская літаратура — гаротная літаратура. Хаця зноў-такі калі, напрыклад, скласці правільнае ключавое пытанне да ўрыўка “На рэчцы” з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, то можна атрымаць зусім іншы эфект. У прыватнасці, якімі правіламі паводзін на вадзе пагрэбаваў галоўны герой?
— Буду вам апаніраваць. Калі мы з вамі выраслі на мастацкіх творах па Кастрычніцкай рэвалюцыі і Вялікай Айчыннай вайне, то, напрыклад, мая 14-гадовая дачка іх у прынцыпе не разумее.
— Трэба садзіцца і тлумачыць. Зноў-такі вялікую сілу маюць правільна пастаўленыя ключавыя пытанні. Хаця вайны ў нашых творах, магчыма, і многа. Цяпер дзеці не тое што пра вайну, яны ўвогуле нічога чытаць не хочуць. Калі раней мы адказы на свае пытанні шукалі ў кніжках, то сучасныя школьнікі — у інтэрнэце. А гэта ж вялікая памыйніца. Наша задача — навучыць дзяцей правільна расстаўляць прыярытэты, выбіраць патрэбную інфармацыю. Як ні круці, а чытаць трэба. А каб чыталі, трэба шукаць новыя падыходы. Магчыма, актыўная ацэнка — панацэя.
— Згодна з вамі. Святлана Аляксееўна, вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам і вашым калегам ва ўсіх пачынаннях.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.