Стратэгія ўзаемадзеяння

- 10:55Актуально, Апошнія запісы

Сумесны выязны семінар-калегія Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Кансалідацыя кіравання працэсам кадравага забеспячэння будаўнічага комплексу на сучасным этапе і ў сярэднетэрміновай перспектыве” адбыўся ў Віцебску.

У рабоце прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Яўгеньевіч Кухараў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Міхайлавіч Мікулёнак, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, кіраўнікі галіновых устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый. Удзельнікі семінара-калегіі наведалі пляцоўку навуковых распрацовак, навукова-інавацыйных тэхналогій і прадукцыі ў галіне будаўніцтва вядучых айчынных устаноў вышэйшай адукацыі і прадпрыемстваў.

Галоўнымі на парадку дня пленарнага пасяджэння былі пытанні падрыхтоўкі і забеспячэння будаўнічага комплексу кваліфікаванымі кадрамі. Уладзімір Кухараў акцэнтаваў увагу на неабходнасці перагляду праграм навучання спецыялістаў з улікам укаранення сучасных тэхналогій і комплекснага рашэння праблемы замацавання кадраў. Пры гэтым наймальнікі павінны больш актыўна разам з установамі адукацыі ўдзельнічаць у падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў, правядзенні прафарыентацыйнай работы.

Базавым стартам для выпрацоўкі стратэгіі развіцця далейшага ўзаемадзеяння ў падрыхтоўцы і практычнай адаптацыі спецыялістаў назваў семінар-калегію Дзмітрый Мікулёнак. Ён агучыў асноўныя фактары, што характарызуюць сітуацыю ў галіне, у тым ліку ўстойлівы попыт на высокакваліфікаваныя кадры, праблему міграцыі як рабочага, так і інжынернага персаналу, імклівае развіццё тэхналогій, павелічэнне тэхналагічнай адлегласці паміж пакаленнямі. Міністр архітэктуры і будаўніцтва паведаміў аб падрыхтоўцы і ўнясенні на разгляд у Савет Міністраў праекта стратэгіі развіцця будаўнічай галіны Беларусі да 2025 года, дзе вызначаны прыярытэтныя напрамкі развіцця індустрыі.

— У наша ўжыванне трывала ўваходзіць тэрмін “эканоміка ведаў”. На цяперашнім этапе і ў будучыні галоўнай сферай, якая будзе яе фарміраваць, з’яўляцца сфера адукацыі. Падрыхтоўка кадраў і эфектыўнае выкарыстанне кадравага патэнцыялу — для нас пытанне існавання і нармальнага функцыянавання галіны, — канстатаваў Дзмітрый Мікулёнак. — У сучасных зменлівых умовах навукова-тэхнічнага прагрэсу важнае значэнне для спецыяліста мае ступень навучальнасці, таму павышэнне кваліфікацыі і аднаўленне наяўных ведаў — сур’ёзны момант. Трэба знайсці залатую сярэдзіну, каб сумясціць прынцып “Маладым кадрам — практычны вопыт, а вопытным — пастаянная актуалізацыя ведаў”, перападрыхтаваць наяўны кадравы склад, што зараз удзельнічае ў будаўніцтве, і актыўна разам з установамі адукацыі рыхтаваць кадры, якія будуць выпускацца на працягу наступных перыядаў.

— Сённяшняя калегія павінна нацэліць нас на тое, як вызначыць патрэбнасць у кадрах, як неабходна ўдасканальваць змест падрыхтоўкі гэтых кадраў на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі, у тым ліку пасляўніверсітэцкай адукацыяй дарослых, — акрэсліў агульную мэту Ігар Карпенка. — Кіраўніком дзяржавы былі дакладна абазначаны задачы па павышэнні эфектыўнасці і мадэрнізацыі, далейшым развіцці архітэктуры і будаўніцтва. Сістэма адукацыі непасрэдна ўключана ў гэты працэс. Кадры для будаўнічай галіны рыхтуюць 7 устаноў вышэйшай адукацыі па адзінаццаці і 32 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па васьмі спецыяльнасцях, 71 установа прафесійна-тэхнічнай адукацыі больш як па сарака кваліфікацыях. Установы адукацыі размеркаваны раўнамерна на тэрыторыі рэспублікі, што забяспечвае тэрытарыяльную даступнасць атрымання адукацыі і непасрэдную набліжанасць да заказчыкаў кадраў. Штогод у краіне выпускаецца каля 9 тысяч рабочых і спецыялістаў, з якіх каля 2,5 тысячы чалавек з вышэйшай, больш за 2,5 тысячы з сярэдняй спецыяльнай і больш за 4 тысячы з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Акрамя таго, ва ўстановах прафтэхадукацыі штогод вучыцца каля 2 тысяч чалавек па прафесіях рабочых па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых у мэтах аператыўнага задавальнення ўзнікаючай патрэбнасці арганізацый. У цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў будаўнічай галіны ажыццяўляе 17, перападрыхтоўку — 6 устаноў адукацыі.

Як праінфармаваў міністр адукацыі, падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заказам, які задавальняецца ў поўнай меры. Аднак у працэсе заказу задзейнічаны ў асноўным прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці, у той час як доля арганізацый прыватнай формы ўласнасці складае каля 90 працэнтаў ад агульнай колькасці будаўнічых прадпрыемстваў. Гэтая праблема павінна знайсці сваё рашэнне. Многае робіцца і ў напрамку ўдасканальвання і развіцця практычнага складніка падрыхтоўкі навучэнцаў і студэнтаў. Разам з тым, каб атрымаць маладога спецыяліста са сфарміраванымі і замацаванымі практычнымі ўменнямі, гатовага адразу ўключыцца ў вытворчасць, неабходна ўмацоўваць сувязь паміж вытворцамі і ўстановамі адукацыі. Дынамічнае змяненне тэхналагічнага ўзроўню і кваліфікацыйных патрабаванняў прыводзіць да неабходнасці карэкціроўкі адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм непасрэдна ў ходзе навучання. Пры гэтым аператыўнае змяненне вучэбна-праграмнай дакументацыі з выкарыстаннем лепшых прыкладаў айчыннай і замежнай практыкі павінна ажыццяўляцца ўстановамі адукацыі з абавязковым удзелам арганізацый — заказчыкаў кадраў. Па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў адукацыі, папаўнення кафедраў з арыентацыяй на ўкараненне вынікаў іх работы ў будаўнічым комплексе. Міністр адукацыі дакладна абазначыў шляхі іх вырашэння.

— Універсітэт, які валодае высокакваліфікаванымі навуковымі кадрамі, павінен разглядацца будаўнічымі арганізацыямі ў якасці памочніка па распрацоўцы перадавых навуковых ідэй, іх тэарэтычным абгрунтаванні, лабараторных даследаваннях, — адзначыў Ігар Карпенка. — Мы сёння многае пабачылі з таго, што робіць універсітэцкая навука. Але, на жаль, ад навуковай распрацоўкі да яе практычнай рэалізацыі мінае вельмі доўгі час, не заўсёды гэтыя распрацоўкі знаходзяць укараненне ў вытворчасці. Мы невыпадкова пачалі ўдзельнічаць у эксперыменце “Універсітэт 3.0”: УВА павінны ўмець свае напрацоўкі камерцыялізаваць, атрымліваць ад іх пэўны прыбытак, каб потым укладваць гэтыя сродкі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, у тым ліку лабараторнага абсталявання, на якім вучацца студэнты і навучэнцы. Задача ў тым, каб аб’яднаць універсітэцкую навуку, адукацыю з усімі ўзроўнямі адукацыі і заказчыкамі кадраў непасрэдна.

Пры гэтым, як падкрэсліў Ігар Васільевіч, галіновым міністэрствам неабходна актыўна ўдзельнічаць у стварэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжаў і УВА, паколькі час патрабуе ў працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў рабіць упор на практыку, эфектыўную работу кафедраў устаноў вышэйшай адукацыі на вытворчасцях, галіновых лабараторый на базе УВА. Гэта сумесная дзейнасць, якая дазваляе заказчыку кадраў уплываць на праграму навучання і рыхтаваць спецыялістаў пад рэальныя запыты рынку працы. Ва ўстановах адукацыі адкрываюцца галіновыя і міжгаліновыя рэсурсныя цэнтры, якія канцэнтруюць на сваіх пляцоўках перадавыя матэрыяльна-тэхнічныя, вучэбна-метадычныя і інфармацыйныя рэсурсы адукацыйных праграм з мэтай сеткавага ўзаемадзеяння як устаноў адукацыі, так і будаўнічых арганізацый. Па будаўніцтве такіх цэнтраў 10. Гэтага дастаткова, але пажадана, каб зацікаўленыя ў кадрах суб’екты гаспадарання больш актыўна дапамагалі ім будаўнічымі матэрыяламі, у тым ліку самымі сучаснымі, каб навучэнцы маглі асвоіць найноўшыя тэхналогіі ў рамках вучэбнага працэсу. Па словах Ігара Карпенкі, у планах Міністэрства адукацыі — правядзенне сумесных калегій па ўсіх галінах эканомікі для выпрацоўкі канцэптуальных падыходаў да развіцця падрыхтоўкі кадраў.

З ключавымі момантамі стратэгіі развіцця будаўнічай галіны да 2025 года ўдзельнікаў калегіі азнаёміў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Семянкевіч. Перспектыўныя напрамкі падрыхтоўкі кадраў і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі для будаўнічай галіны дэталёва прааналізавала першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Старавойтава. Вопытам падрыхтоўкі кадраў для сваіх арганізацый, у тым ліку на вытворчасці, замацавання маладых спецыялістаў, забеспячэння прагназавання заказу кадраў і ўзаемадзеяння прадпрыемстваў з установамі адукацыі пры падрыхтоўцы кадраў, сумеснага вырашэння праблемных пытанняў падзяліліся намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персаналу адкрытага акцыянернага таварыства “Керамін” Ларыса Пятроўская і генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельскі домабудаўнічы камбінат” Аляксандр Ганчароў. Аб ролі рэсурснага цэнтра ў забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў для будаўнічай вытворчасці на прыкладзе вопыту сваёй установы адукацыі расказаў дырэктар Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў Сцяпан Рыжэўскі.

Пасля завяршэння пленарнага пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі галоўны вучэбны корпус і вучэбна-вытворчыя майстэрні Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхнічнага каледжа, на базе якога праходзіў семінар-калегія, дзе ім былі прадэманстраваны прафесійныя кампетэнцыі WorldSkills.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.