Сцяну прабіла матэматыка

- 12:04Вышэйшая школа

На базе факультэта міжнародных адносін БДУ ўпершыню прайшоў нацыянальны адборачны этап навуковага Міжнароднага конкурсу Falling Walls Lab (“Лабараторыя сцен, якія падаюць”).

Конкурс пачаўся ў 2011 годзе ў Берліне і быў прымеркаваны да 20-годдзя падзення Берлінскай сцяны. Яго мэтай стала стварэнне ўмоў для дэманстрацыі інавацыйных ідэй, даследчых праектаў і разнастайных сацыяльных ініцыятыў. Ужо з 2012 года ён набыў статус міжнароднага.

Арганізатарамі адборачнага этапу выступілі цэнтр “Інстытут нямецкіх даследаванняў” пры БДУ і Германская служба акадэмічных абменаў у Беларусі (DAAD). У журы працавалі кіраўнік медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў, дацэнт кафедры маркетынгу БДЭУ Вольга Маразевіч, загадчык кафедры англійскай фанетыкі МДЛУ Віталь Яскевіч, дырэктар Міжнароднага інстытута дадатковай адукацыі (Цюмень) Антон Яркін, прадстаўнікі Пасольства ФРГ і Кіеўскага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Кожны з іх павінен быў ацаніць выступоўцаў па трох крытэрыях: фактары прарыву (што новага ўвабрала ў сябе ідэя), як праект можа паўплываць на пэўную сферу і абарона яго канкурсантам.

Свае праекты прадставілі 10 удзельнікаў — аспіранты, магістранты, выкладчыкі і маладыя вучоныя з БДУ, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі і Інстытута эканомікі НАН. Згодна з пастаўленай задачай, кожны ўдзельнік за 3 мінуты з дапамогай трох слайдаў прэзентацыі павінен быў на англійскай мове расказаць пра сваю ідэю.

“Навука — гэта не высокі тон канферэнцый, які не ўсе і не заўсёды разумеюць. Кожны з вас павінен умець тлумачыць сваю тэму нават дзіцяці”, — падкрэсліла арганізатар праекта лектар DAAD Сузанна Бандау.

Прадстаўленыя праекты тычыліся гуманітарных навук, мастацтва, літаратуры, бізнесу і новых тэхналогій. Так, Сяргей Гачакоў (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт) расказваў пра англійскі рамантызм. Дар’я Трыгубава (МДЛУ) прадставіла прысутным своеасаблівы музей без межаў, дзе экспанаты можна браць у рукі, а таксама выкарыстоўваць іх на практыцы. Ідэя Лізаветы Шыгарэўскай (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы) закранала аспекты аховы здароўя з дапамогай электронных бранзалетаў, даныя з якіх накіроўваюцца ў спецыяльныя электронныя карткі; пасля іх аналізу можна гаварыць пра канкрэтныя праблемы асобнага чалавека. Ганна Барэйка (Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі) расказала пра прадукты будучыні: прадукты расліннага паходжання з дабаўленнем прабіятычных бактэрый.

“Кожны ўдзельнік — пераможца, бо знайшоў мужнасць прыйсці сюды, пераадолеўшы сцены праблем. Такіх сцен будзе шмат, але не бойцеся іх пераадольваць”, — звярнуўся да маладых людзей падчас уручэння сертыфікатаў Антон Яркін.

Такім чынам, дыплом ІІІ ступені адправіўся да прадстаўніцы Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Ганны Барэйка. На другім месцы замацавалася студэнтка МДЛУ Алёна Кучынская. А на вяршыні конкурснага п’едэстала апынуўся Аляксей Бурак (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт), які і прадставіць Беларусь у Берліне на фінальным этапе конкурсу 9 лістапада.

“Часу на выступленне было няшмат, і любая памылка па прычыне хвалявання магла прывесці да таго, што гледачы і журы не зразумеюць тэму. Але ўсё, на шчасце, атрымалася. Мяне моцна падтрымлівалі сябры. Я нават не чакаў, што матэматычныя дысцыпліны і рашэнне матэматычных задач ацэняць так высока, — падзяліўся ўражаннямі малады чалавек, які на працягу шасці гадоў ішоў да гэтага выступлення. — Гэтая мая перамога стала чарговым выклікам сабе”.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.