Студатрадаўскі дзень

- 9:22Вышэйшая школа

1 жніўня беларускія студатрады адзначылі сваё прафесійнае свята днём працы “Труд — крут!”. Па ўсёй краіне прайшлі працоўныя акцыі, а пасля іх — прымеркаваныя да свята мерапрыемствы, сустрэчы з ветэранамі руху, спартыўныя і творчыя спаборніцтвы.

Сёлета беларускаму студатрадаўскаму руху споўнілася 54 гады. Зарадзіўся ён у Казахстане, куды ў 1964 годзе выехалі 2,5 тысячы беларускіх студэнтаў з 16 ВНУ рэспублікі. Ужо праз 10 гадоў за працу ўзяліся 17,5 тысячы маладых людзей са 100 вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі: збіралі садавіну і агародніну ў Малдавіі, будавалі піянерскі лагер “Артэк” у Крымскай вобласці, будавалі горад Гагарын і вытворчыя і культурна-бытавыя аб’екты на Гомельшчыне. Яшчэ праз 10 гадоў працоўную эстафету перанялі ўжо 35 тысяч студэнтаў, але ў 90-х гадах студатрадаўскі рух імкліва пайшоў на спад. У 2003 годзе ён зноў атрымаў падтрымку у нашай краіне ад А.Р.Лукашэнкі, а вядучым цэнтрам студатрадаўскага руху быў вызначаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Пачынаючы з 2003 года студатрадаўскі рух аб’яднаў усімі відамі другаснай працоўнай занятасці больш за 975 тысяч маладых людзей. Яны працуюць на рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, школ і дзіцячых садкоў, спартыўных комплексаў, жылых дамоў па ўсёй краіне, прыбіраюць берагі рэк і азёр, лесапаркавыя зоны, вырошчваюць і збіраюць ураджай, клапоцяцца пра дзяцей у дзіцячых аздараўленчых лагерах і пансіянатах, працуюць у прыёмных камісіях устаноў адукацыі, на чыгуначным транспарце, у пунктах грамадскага харчавання, у гандлёвых сетках, у сферы навуковых тэхналогій. Праца студэнцкіх атрадаў арганізавана на 1,2 тысячы аб’ектах, дзе для маладых людзей створана амаль 40,7 тысячы працоўных месцаў.

Поўным ходам ідзе работа зводнага беларуска-расійскага студэнцкага атрада на аб’ектах Беларускай атамнай электрастанцыі, якая аб’яўлена Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Сярод іншых знакавых аб’ектаў, на якіх працуюць студатрадаўцы, — цэнтральная раённая бальніца ў Астраўцы, аперацыйны блок Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. Акрамя таго, беларускія студэнцкія атрады дзейнічаюць у Краснадарскім краі Расійскай Федэрацыі — ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня” і дзіцячым санаторна-аздараўленчым комплексе “Жамчужына Расіі”, а таксама ў Польшчы.

Як паказала практыка, часовая праца ў складзе студэнцкіх атрадаў не толькі задавальняе матэрыяльныя патрэбы, але і павышае сацыяльную актыўнасць маладых людзей, мае вялікае выхаваўчае значэнне, бо, акрамя непасрэдна працы, кожны дзень студатрадаўцаў напоўнены выхаваўчымі, забаўляльнымі і спартыўнымі справамі. Такім быў і аўторак, 1 жніўня.

Насычанай аказалася святочная праграма ў Мінскай вобласці. Пасля працоўных акцый — ад добраўпарадкавання тэрыторый да збору чорных парэчак, маладых людзей чакаў адпачынак. Так, адбыўся велапрабег па месцах Беразіно, дзе ўвекавечаны подзвігі людзей, якія абаранялі Беларусь цаной свайго жыцця. На Салігоршчыне прайшлі спаборніцтвы па боўлінгу сярод студатрадаў. Атрад “Маланка”, які працуе ў Дзяржынскім РУПС Мінскага філіяла “Белпошты”, правёў флэшмоб “Выбіраем сэрвісны атрад”. Падчас яго былі запушчаны папяровыя самалёцікі з пажаданнямі, якія сімвалізавалі хуткасць дастаўкі лістоў і творчы палёт. Студатрадаўцы з Валожына адпачылі ў забаўляльным боўлінг-цэнтры, а экалагічныя атрады Лагойска схадзілі ў 3D-кінатэатр і наведалі святломузычную выставу “Атлантыда”.

Студатрады Гродзеншчыны таксама не толькі папрацавалі, але і адпачылі: памераліся сіламі падчас спартыўных спаборніцтваў і ў гумарыстычнай эстафеце. На Гомельшчыне была праведзена конкурсна-забаўляльная праграма і святочны канцэрт.

Адкрыты пікнік “Труд — крут!” аб’яднаў моладзь студэнцкіх і валанцёрскіх атрадаў Магілёва. На гарадскім пляжы Дняпра маладых людзей чакалі спартыўныя выпрабаванні, турніры па настольных гульнях, валейболе, дартсе, трэнінгі па развіцці лідарскіх якасцей.

Студатрадаўцы Віцебска, якія працуюць на Талачынскім кансервавым заводзе і ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Магістраль”, вырашылі не толькі ўзмоцнена папрацаваць, але і дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Заробленыя за змену грошы маладыя людзі пералічаць на лячэнне і рэабілітацыю 6-гадовай жыхаркі Оршы Васілісы Армянінавай, якая перанесла інсульт.

У Гомельскай вобласці ў гэты дзень прайшло больш за 50 мерапрыемстваў. Так, ля помніка загінуўшым падчас вайны камсамольцам моладзь ушанавала памяць тых, хто змагаўся за мір і свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Самым актыўным прадстаўнікам студэнцкіх атрадаў уручылі падзякі і дыпломы абласнога камітэта БРСМ. Ролю студатрадаўскага руху ў патрыятычным выхаванні моладзі абмеркавалі ўдзельнікі адкрытага дыялогу. Экспертамі выступілі дасведчаныя ветэраны руху, якія працавалі на будоўлі БАМ, Саяна-Шушанскай ГЭС, іншых важных аб’ектах. Ветэраны расказалі аб сваім удзеле ў студатрадаўскім руху. Іх успаміны, а таксама аповеды сучасных студатрадаўцаў лягуць у аснову зборніка, выданне якога плануецца да 1 жніўня 2018 года.

Святлана НІКІФАРАВА.