Больш за 150 тысяч маладых людзей, студэнтаў і навучэнцаў з’яўляюцца членамі прафсаюза. Гэта, канечне, вялікая сіла, асабліва калі маладыя члены прафсаюза актыўныя, адказныя, таленавітыя. Менавіта іх — лепшых прафсаюзных актывістаў з ліку студэнтаў і навучэнцаў — кожны год узнагароджвае Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі.
Міжнародны дзень студэнта адзначаецца ў лістападзе, таму і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання праводзіцца ў гэтым месяцы. Хаця намеснік старшыні галіновага прафсаюза Валянціна Аляксееўна Ільіна не забылася згадаць, што нашы студэнты адзначаюць сваё свята яшчэ і 25 студзеня.
— Нам вельмі прыемна, што прадстаўнікі нашых пярвічных прафсаюзных арганізацый самыя актыўныя і таленавітыя ўдзельнікі мерапрыемстваў і ЦК прафсаюза, і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — сказала В.А.Ільіна. — Гэта пацвярджаюць вынікі фестывалю “Студэнцкая восень”, які прайшоў нядаўна. Упершыню 31 лаўрэат, прафсаюзныя актывісты УВА атрымалі стыпендыі ФПБ, у тым ліку 16 прадстаўнікоў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. А з 28 нумароў, якія трапілі ў фінал фестывалю, палову прадставілі УВА нашага прафсаюза.
Зараз жа Валянціна Аляксееўна павіншавала ўсіх са святам, а ўзнагароджаных — з перамогай, нагадаўшы, што сертыфікат ЦК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — гэта яшчэ і своеасаблівая стыпендыя лепшым студэнтам і прафсаюзным актывістам, бо да сертыфіката дадаецца прэмія ў памеры ад 200 да 250 рублёў.
Сёлета сярод узнагароджаных — студэнты і навучэнцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і іншых навучальных устаноў.
Адна з узнагароджаных — пяцікурсніца БНТУ, старшыня прафбюро энергетычнага факультэта, старшыня камісіі па сацыяльнай рабоце Ганна Коршунава — расказала, што амаль 100% студэнтаў універсітэта з’яўляюцца членамі прафсаюза (гэта прыкладна 15 тысяч чалавек). А сярод мерапрыемстваў, якія арганізоўвае прафсаюз, ёсць, напрыклад, дабрачынныя акцыі ў дзіцячых дамах, куды студэнты БНТУ прыязджаюць з падарункамі, спектаклямі і проста дзеля зносін з іх маленькімі выхаванцамі.
Другі лаўрэат Ілья Варабей, намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта, студэнт 5-га курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кажа так:
— Прафкам студэнтаў адкрыў для мяне шмат шляхоў і магчымасцей самарэалізацыі. Прафсаюз — гэта вялікая сям’я, якая многаму навучыла, многа дала і якую я ніколі не забуду.
Дарэчы, узнагароджанне, якое праходзіла надзвычай урачыста — у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску, прадоўжылася яшчэ адной святочнай падзеяй: тут былі адзначаны лепшыя ўдзельнікі Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку сумеснай работы ўстаноў вышэйшай адукацыі і арганізацыйных структур прафсаюза ў студэнцкіх інтэрнатах. І калі прафсаюзныя актывісты сярод студэнтаў атрымліваюць сертыфікаты не ўпершыню, то сумесны конкурс сярод інтэрнатаў сёлета стаў дэбютным. Яго мэтай было вызначэнне ступені ўзаемадзеяння студэнцкіх саветаў і прафсаюзных камітэтаў па пытаннях засялення, арганізацыі вольнага часу студэнтаў.
Лепшыя члены прафсаюза сталічных УВА адзначаны за такую работу падзячнымі лістамі Цэнтральнага камітэта за актыўны ўдзел у аглядзе-конкурсе фіналістаў Мінскага гарадскога этапу, якія ім уручыў старшыня Маладзёжнага савета галіновага прафсаюза, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Міхаіл Фляр’янавіч Барэйша. Ён, дарэчы, і сам атрымаў падзячны ліст. За актыўны ўдзел у гарадскім этапе адзначаны некаторыя інтэрнаты БДПУ імя Максіма Танка, БНТУ, БДУ, БДТУ.
А дыпламантаў рэспубліканскага агляду-конкурсу павіншавала намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Анатольеўна Сіманоўская. Дыпломы пераможцаў Цэнтральнага камітэта прафсаюза атрымалі асобныя інтэрнаты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, БДУІР, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.