Студэнты з вынікам ЦТ 380+

- 13:06Адукацыйная прастора

Са студэнтамі-першакурснікамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якія набралі больш за ўсіх балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, сустрэлася рэктар УВА А.М.Краткова.

Такая сустрэча яшчэ да пачатку заняткаў праходзіць ва ўніверсітэце ўпершыню, аднак мае шанс стаць добрай традыцыяй. Цёплай і даверлівай атрымалася гутарка, на якой прысутнічалі сямёра маладых людзей не толькі з Гродна і раёнаў вобласці, але і з Барысава Мінскай вобласці. Кожны з іх на ЦТ набраў ад 381 да 390 балаў, чацвёра маюць 100-бальныя сертыфікаты. Усе з’яўляюцца залатымі медалістамі. Сёння яны з гордасцю могуць называць сябе студэнтамі, усе яны выбралі лячэбны факультэт. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел прарэктар па выхаваўчай рабоце Ігар Багдановіч, дэкан лячэбнага факультэта Андрэй Болтач і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў ГрДМУ загадчык кафедры Фаціма Гаджыева.

Як рыхтаваліся, каб дасягнуць такіх высокіх вынікаў, хто дапамагаў і падтрымліваў, якія чаканні ад вучобы ва ўніверсітэце і кім сябе бачаць у будучыні? На гэтыя і іншыя пытанні рэктара маладыя людзі адказвалі проста і шчыра. А Алена Мікалаеўна, у сваю чаргу, не толькі расказала пра медыцынскі ўніверсітэт, які яна скончыла з чырвоным дыпломам, але і пра свой шлях у прафесію.

— Літаральна днямі прайшло пасяджэнне прыёмнай камісіі па залічэнні 445 абітурыентаў на 1 курс бю-джэтнай формы атрымання адукацыі, з іх 225 — па мэтавым накіраванні. Сярод паступіўшых — 115 медалістаў, прычым у 97 працэнтаў бал атэстата вышэйшы за 80. Па-ранейшаму наш універсітэт запатрабаваны, сюды пасту-паюць  маладыя людзі з самымі высокімі баламі. І гэта вельмі важна, таму што спецыяльнасць урача няпростая, навучанне дастаткова складанае. Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт мае свае традыцыі, і сённяшняя сустрэча як нараджэнне новай: яшчэ да пачатку новага навучальнага года прыняць у свае рады лепшых, тых, хто годна вытрымаў выпускныя выпрабаванні, здаў з высокім вынікам ЦТ. Маладыя людзі з самых першых дзён могуць адчуць, што іх тут чакаюць, што мы зацікаўлены ў эрудзіраваных, мэтанакіраваных студэнтах, каб яны і далей так мэтанакіравана ішлі да здзяйснення сваіх мар, — адзначыла Алена Краткова.

Сярод паступіўшых 74 працэнты дзяўчаты і 26 — юнакі. Большасць — выпускнікі ліцэяў і гімназій, у асноўным прадстаўнікі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Трое выпускнікоў сярэдніх спецыяльных медыцынскіх устаноў з дыпломамі з адзнакай. У гэтым годзе два юнакі з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, вопытам фельчарскай работы, якія прайшлі службу ў арміі, мелі магчымасць паступіць па-за конкурсам. Гэта першы такі вопыт для УВА.

Самы высокі вынік — 390 балаў — у Рэнаты Гурынай са Скідзеля. Падчас вучобы ў школе дзяўчына прымала ўдзел у алімпіядным руху па многіх прадметах, стала пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, пераможцай дыстанцыйнай алімпіяды па хіміі.

— Я выбрала Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, таму што ён славіцца сваім моцным выкладчыцкім складам і высокім узроўнем падрыхтоўкі спецыялістаў. Упэўнена, што змагу дасягнуць вышынь дзякуючы ўніверсітэту. Ведаю, што студэнты прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях, міжнародных конкурсах і алімпіядах. Мяне гэта прыцягнула, і выбар быў відавочны. Планую стаць кардыяхірургам або нейрахірургам і працаваць на карысць грамадства, — падзялілася сваімі планамі Рэната Гурына.

Настасся Крупа з Ваўкавыска прызналася, што заўсёды хацела стаць урачом. Першакурсніца ў будучыні бачыць сябе афтальмолагам, хоча дапама-гаць людзям бачыць свет яркім і прыгожым. Дзяўчына сур’ёзна рыхтавалася да паступлення і на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымала 100 балаў па хіміі, 94 — па біялогіі і 89 — па рускай мове.

З дзяцінства марыў стаць урачом Аляксей Брычкоўскі з Навагрудка. Мэтанакіравана выбраў ГрДМУ, бо ведаў, што атрымае тут якасную адукацыю. Свой першы крок да прафесіі зрабіў, здаўшы ЦТ па хіміі і біялогіі на 98 балаў. Юнак лічыць, што сакрэт поспеху прос-ты — праца, праца і невялікі працэнт поспеху.

Ганна Акуленка прыехала паступаць у Гродна з Барысава, бо чула добрыя водгукі пра ГрДМУ ад медыцынскіх работнікаў. Дзяўчына мае высокі вынік ЦТ — 389 балаў. З 8 класа ўдзельнічала ў алімпіядах ад МНС, звязаных з АБЖ, першай медыцынскай і даўрачэбнай дапамогай, займала 2-я і 3-я месцы. Тады і зразумела, што хоча ратаваць жыцці, дапамагаць людзям.

Дэкан лячэбнага факультэта Андрэй Болтач задаволены тым, што сярод сённяшніх першакурснікаў такія матываваныя маладыя людзі, якія ўмеюць планаваць свой час і вучыцца. Перад імі адчыняюцца ўсе дзверы, і не толькі ў прафесійнай сферы, але і ў грамадскім жыцці ўніверсітэта.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.