Многія людзі вядуць дзённікі. У дзяцей гэта сшытачкі з каляровымі надпісамі, малюнкамі і ўклейкамі, дзе запісваюцца душэўныя перажыванні. Дарослыя часта перастаюць весці дзённікі з-за недахопу часу, а калі і вядуць, то дзеляцца з ім жыццёвымі перашкодамі і радасцямі, дасягненнямі і праблемамі на рабоце, захапленнямі і інш. А што рабіць, калі чалавеку патрэбна парада ці нехта хоча прапанаваць сваю дапамогу? Выйсце ёсць — блог. Асабліва карысным ён з’яўляецца для цяжкай настаўніцкай працы.
Пра блогі можна пачуць розныя меркаванні: “Навошта настаўніку весці блог?”, “Каму патрэбны блогі, калі кнігі ёсць?”, “Блог — гэта мода, якая хутка пройдзе”, “У блогу я размяшчу ўласны інтэлектуальны прадукт, а хтосьці прысвоіць яго сабе” і г.д.
Вельмі часта падчас падрыхтоўкі да ўрокаў у настаўнікаў узнікае пытанне: як зрабіць заняткі цікавымі і эфектыўнымі? Для гэтага педагогі звяртаюцца да вопыту калег, наведваюць адкрытыя ўрокі і майстар-класы, але найчасцей выкарыстоўваюць інтэрнэт-рэсурсы, а значыць, карыстаюцца напрацоўкамі іншых настаўнікаў, якія не пабаяліся размясціць іх на школьных сайтах і ў асабістых адукацыйных блогах.
Што цікавіць сённяшніх вучняў? Камп’ютары і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Чаму педагогам не выкарыстаць іх патэнцыял на ўроках, а бацькам — дома? У выніку гэтага дапытлівыя вучні разам з настаўнікамі і бацькамі будуць крочыць у нагу з часам.
Зацікавіўшыся блогамі, я азнаёмілася з многімі інтэрнэт-рэсурсамі, якія змяшчалі метадычную літаратуру і інструкцыі па выкарыстанні гаджэтаў. Не абышла ўвагай і блогі калег. Вызначыла пэўныя асаблівасці: блог прывязаны да канкрэтнага аўтара; запісы ў блогу адлюстроўваюцца ў храналагічным парадку і ў адрозненне ад сайта захоўваюцца пастаянна; блог — гэта размова людзей пра тое, што іх цікавіць і хвалюе; блог адкрыты не толькі для чытання, але і каменціравання.
У адукацыйнай сферы блогі могуць выкарыстоўвацца з рознымі задачамі: для размяшчэння матэрыялаў і спасылак на вэб-рэсурсы, стварэння публікацый і зваротнай сувязі, як анлайн-размова, дошка аб’яў, адкрыты план урока, мультымедыйны сродак і паўнацэнны інтэрактыўны сайт. Накіраванасць блогаў таксама можа быць рознай. Сёння назіраецца сапраўдны бум адукацыйных блогаў, спіс якіх пастаянна папаўняецца. Сярод іх — асабістыя блогі настаўнікаў, блогі для падтрымкі вучэбнага працэсу, блогі-канспекты (класныя блогі, партфоліа вучняў, вучэбныя сшыткі вучняў/класа), блогі прафесійнай суполкі (калектыўныя блогі). Такім чынам, блог у адукацыі — гэта маналог на тэму, які кіруецца каментарыямі, пытаннямі і можа ператварацца ў актыўны віртуальны дыялог.
Я стварыла асабісты адукацыйны блог настаўніка пачатковых класаў http://shopiklarisa.blogspot.com.by. Навошта? Настаўнік пачатковых класаў выкладае розныя вучэбныя прадметы, з’яўляецца класным кіраўніком, актыўным удзельнікам розных конкурсаў, творчых і праблемных груп, метадычных аб’яднанняў. А паколькі малодшыя школьнікі не такія самастойныя, як старшакласнікі, даволі часта даводзіцца звяртацца да іх бацькоў па дапамогу ці параду. Таму я вырашыла, што мой блог павінен быць комплексным інструментам, карысным адначасова ўсім.
Спачатку стварыла акаўнт у Google. Затым выбрала сэрвісную платформу, спыніўшыся на вэб-сэрвісе Blogger. Гэта бясплатная платформа для вядзення блогаў, дзе карыстальнік можа не мець асаблівых навыкаў праграмавання, бо тут ужо ўсталявана і настроена ўсё неабходнае праграмнае забеспячэнне. Застаецца толькі зайсці на сайт Blogger.com і, карыстаючыся навігацыяй, стварыць свой блог. Знешні выгляд блога залежыць ад вашай фантазіі і стану душы.
Калі інтэрфейс блога гатовы, можна пераходзіць да яго напаўняльнасці і размяшчаць тую інфармацыю, якую палічыце патрэбнай, цікавай і крэатыўнай. Гэта могуць быць асобныя старонкі, пералік спасылак на іншыя сайты, блогі і г.д.
Неабходна наяўнасць зваротнай сувязі, каб падпісчыкі ці звычайныя чытачы маглі звярнуцца да аўтара блога з пытаннем, прапановай, ацаніць яго работу.
Мой блог складаецца з 11 старонак, кожная з якіх мае канкрэтны напрамак і ўзаемазвязана з іншымі. Найбольш папулярнымі ў наведвальнікаў з’яўляюцца “Бацькоўская старонка” (захоўвае розную інфармацыю, адрасаваную татам і мамам, дзядулям і бабулям), “Метадычная скарбонка” (змяшчае ўласныя напрацоўкі і гіперспасылкі на матэрыялы ў воблаку), “Інтэрнэт-памочнік”, “Дамашка” (прапаноўвае заданні па розных вучэбных прадметах для паўтарэння пройдзенага матэрыялу ў гульнявой, тэставай і іншых формах; вучні выконваюць заданні ў вольны час і афармляюць іх у каментарыях, я правяраю іх, пазначаю недахопы ці хвалю і публікую каментарыі). Выгадная эканомія часу, эмоцый настаўніка, вучняў і бацькоў! Ці не так?
Пра блогі і блогераў можна гаварыць і спрачацца бясконца. Назаву асаблівасці камунікатыўных паводзін настаўнікаў-блогераў. Па-першае, блогер нараджаецца з чытання блогаў іншых аўтараў. Па-другое, у суполцы блогераў прынята спасылацца на іншых. Па-трэцяе, блогеры прытрымліваюцца правіла “даведаўся сам — перадай іншаму”.
Мне пашчасціла працаваць у адной з лепшых школ Пружан, дзе сабраўся калектыў высокаадукаваных, таленавітых, шчырых і крэатыўных настаўнікаў. Сярод іх ёсць і аднадумцы-блогеры: настаўніцы пачатковых класаў Святлана Мікалаеўна Панасевіч і Іна Мікалаеўна Малыха, настаўніца англійскай мовы Наталля Іванаўна Рэчыц. Яны аўтары асабістых адукацыйных блогаў. Наша кафедра пачатковых класаў самая “багатая” ў школе, бо мае калектыўны блог http://nachalka5pruzhany.blogspot.com.by. Яго гаспадыняй з’яўляецца настаўніца пачатковых класаў кіраўнік школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў Марына Мікалаеўна Вашкевіч, а ідэйным натхняльнікам — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Іванаўна Макаед.
Паважаныя сябры! Будзем рады бачыць вас чытачамі і падпісчыкамі нашага калектыўнага блога і асабістых блогаў настаўнікаў. Запрашаем да размовы!
Ларыса ШОПІК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Пружан.