Суботні дзень з карысцю

- 15:13Нам пішуць

Для вучняў Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці дырэктар КСУП э/б “Пагародна” Раман Мар’янавіч Цыдзік арганізаваў экскурсію ў сталіцу Беларусі – горад-герой Мінск.

Горад сустрэў нас ветліва і гасцінна. Экскурсія была цікавай і захапляльнай. Яркія ўражанні засталіся ад наведвання Нацыянальнай бібліятэкі, тэатра музычнай камедыі, плошчы Перамогі, Кургана Славы. Пабывалі на плошчы Незалежнасці, наведалі Чырвоны касцёл. Пачутая гісторыя касцёла святых Алены і Сымона зацікавіла ўсіх. Прайшліся па галоўным праспекце сталіцы, трапілі на Кастрычніцкую плошчу. Усё ўбачанае здзіўляла сваёй велічнасцю і прыгажосцю.

Уразіла экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе на плошчы больш за 3000 кв.м размешчана звыш васьмі тысяч экспанатаў, якія расказваюць аб гісторыі Вялікай Айчыннай. У фондах музея захоўваецца каля ста сарака пяці тысяч рарытэтаў, якія былі сабраны ў ходзе баявых дзеянняў. Вучняў вельмі зацікавіла зала “Дарога вайны”. Плошча экспазіцыі вялікая, аж вочы разбягаюцца. Куды ісці, што глядзець: макеты самалётаў, узоры ваеннай тэхнікі? Экспанаты музея перанеслі школьнікаў у тыя далёкія ваенныя гады – і гісторыя ажыла перад вачыма. Экспанаты гаварылі самі пра сябе: расплаўленая пачарнелая цэгла, асколак снарада. Далей – светлая зала Перамогі. Шкляны купал, белы мармур, залатымі літарамі высечаны імёны тых, хто вызваляў нашу Радзіму ад ненавіснага ворага. Пасля экскурсіі засталося шмат уражанняў, якімі падзяліліся дзеці са сваімі сябрамі і бацькамі.

Марыя БАЛІНСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 5 класа
Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.