Суботнія экскурсіі — выдатная дапамога кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні

- 13:49Образование

Ваенна-­патрыятычнае выхаванне неабходна падмацоўваць канкрэтнымі прыкладамі. Толькі тады гэтае насенне, упаўшы ў душу дзіцяці (юнака або дзяўчыны), пачне расці і ўмацоўваць пачуццё гонару за краіну, армію, фарміраваць жаданне прынесці карысць сабе і дзяржаве.

За адзін толькі кастрычнік мінулага навучальнага года мы здзейснілі чатыры займальныя паездкі. Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь сустрэў нас у гасцінным фае экспазіцыяй узбраення і прадоўжыўся ў актавай зале выступленнем прадстаўнікоў інстытута, дзе былі і добрыя словы, і песні, і дэманстрацыя баявых навыкаў. І тое, што 90% наведвальнікаў выказалі жаданне ўступіць у раённы ваенна-патрыя­тычны клуб “Застава”, стала якраз вынікам уплыву сяброўскай, прыемнай і недзе рамантычнай атмасферы Інстытута пагранічнай службы.

Далей навучэнцы і бацькі наведалі казарму, убачылі, дзе адпачываюць і чым займаюцца пасля вучобы курсанты. Азнаёміліся з будовай граніцы, пагранічных пераходаў, пунктаў надгляду і пропуску аўтатранспарту і людзей. Наведалі вучэбныя аўдыторыі, абсталяваныя з улікам сучасных тэндэнцый, адзіны ў краіне музей гісторыі пагранічнай службы і з вялікім задавальненнем пераадолелі паласу перашкод.

Падчас знаёмства з 5-й асобнай брыгадай спецыяльнага прызначэння з цікавасцю назіралі за дзеяннямі байцоў пры вядзенні сучаснага бліжняга бою з выкарыстаннем стралковай зброі на спецыяльнай пляцоўцы з паласой перашкод. Пасля было паказальнае выступленне ваеннаслужачых. Салдаты на пляцы прадэманстравалі навыкі рукапашнага бою, валоданне баявымі мастацтвамі, паказалі сілавыя нумары і відовішчную пастаноўку фізічных практыкаванняў з выкарыстаннем элементаў вогненнага шоу, у групавым і індывідуальным выкананні. Далей было знаёмства са стралковай зброяй, амуніцыяй і ахоўнымі элементамі экіпіроўкі сучаснага салдата, а таксама спецыяльнымі сродкамі маскіроўкі.

Працягнуліся суботы кастрычніка паездкай у вайсковую часць 3310 унутраных войск МУС, якая мае вялікую і добраўпарадкаваную тэрыторыю і вельмі багатую гісторыю. Перад уваходам сустракаў устаноўлены на пастамент БТР. Такія машыны выкарыстоўваліся пры ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гісторыя вайсковай часці сыходзіць каранямі ў мінна-сапёрную справу, а пазней да хімічнай і радыелагічнай абароны. Пра гісторыю часці, пабудаваны на яе тэрыторыі храм, пра помнікі, невялікі музей падрабязна і цікава расказвала гід.

Пакінула яркія ўражанні і наведванне Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Вялікая колькасць наведвальнікаў, проста велізарная тэрыторыя з цікавымі і сучаснымі трэнажорамі, закліканымі давесці да дасканаласці і аўтаматызму дзеянні пры выкарыстанні ваеннай тэхнікі і ўзбраення… Дзецям удалося віртуальна палётаць на самалёце, пастра­ляць з рознага віду зброі ў віртуальным ціры, убачыць розныя віды тэхнікі знутры, прымерыць на сябе баявы рыштунак і ўзбраенне. Уразіла імітацыя баявых сітуацый пры паказальным выступленні курсантаў розных факультэтаў. І канчаткова заваявала сэрцы школьнікаў гарачая вайсковая каша і чай.

Такімі ж насычанымі на экскурсіі будуць для навучэнцаў нашай школы і суботы гэтага навучальнага года, бо нездарма гавораць: лепш адзін раз убачыць.

Сяргей БЕЗРУЧОНАК,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна