Сучасны настаўнік, сучасны вучань

- 12:29Нам пішуць

Настаўнік. Што складае аснову гэтай прафесіі? Веданне свайго прадмета? Так. Уменне прыгожа гаварыць? Вядома. Любоў да дзяцей, уменне слухаць, разумець, перажываць за сваіх вучняў? Несумненна. І, вядома ж, ён заўсёды павінен заставацца маладым у сваёй працы — заўсёды быць у пошуку. Нават перад дасведчанымі настаўнікамі, якія прымаюць першаклашак, узнікаюць пытанні “Як зацікавіць сучаснае інфармаванае дзіця?”, “На што абапірацца ў рабоце?”, “Чым здзівіць і прымусіць ісці за сабой у свеце, які ўсё больш становіцца залежным ад інфармацыйных тэхналогій?” і інш.

Сваё бачанне гэтых працэсаў прадстаўляе настаўніца сярэдняй школы № 13 Гродна Алена Пятроўна РЫЖКО.

Сучасны першакласнік, пачынаючы вучыцца, ужо мае пэўнае ўяўленне пра свет. У адрозненне ад дзiцяці даінтэрнэтнай эпохі, сучаснае дзіця большую частку арганізаванай інфармацыі атрымлівае не з кніг, а з інтэрнэту, валодае больш развітым уяўленнем і візуальным мысленнем у параўнанні са сваімі аднагодкамі 30 гадоў назад. Некаторыя асаблівасці адрозніваюць яго памяць, успрыманне, цікавасць. І ўсё гэта трэба ўлічваць педагогу пры арганізацыі працэсу навучання.

Выкарыстанне ў рабоце камп’ютарных тэхналогій — гэта не мода, а неабходнасць, гэта бясспрэчны факт. Тэхнічныя вартасці выкарыстання ІКТ —хуткасць, манеўранасць, аператыўнасць, магчымасць праглядзець і ўбачыць, праслухаць фрагменты. Дыдактычныя вартасці інтэрактыўных урокаў — стварэнне эфекту прысутнасці, у дзяцей з’яўляецца магчымасць пабываць там, дзе яны ніколі не былі, развіваецца цікавасць і жаданне даведацца і ўбачыць больш.

Інтэрнэт-прастора дае неабмежаваныя магчымасці для кожнага педагога. Можна весці блог класа або свой асабісты блог. Можна зарэгістравацца на розных педагагічных сайтах і атрымліваць метадычную дапамогу ад настаўнікаў усёй краіны. Мы маем магчымасць атрымліваць сертыфікаты аб публікацыях, абменьвацца інфармацыяй з калегамі, вучнямі і бацькамі.

У сваёй дзейнасці выкарыстоўваю гатовыя электронныя рэсурсы, сама складаю электронныя дадаткі да ўрока, да асобных тэм. Часта выкарыстоўваю фрагменты інтэрнэт-урокаў па некаторых тэмах праграмы. Такія ўрокі праходзяць больш ярка і вобразна, шырэй і больш даступна раскрываюць нават самую складаную тэму.

У школы прыводзіць дзяцей новае пакаленне бацькоў, якія валодаюць высокім узроўнем камп’ютарнай дасведчанасці. Настаўнік павінен адпавядаць патрабаванням і запытам часу.

У цяперашні час праяўляецца вялікая цікавасць да адукацыйных блогаў — у іх размяшчаюцца педагагічны вопыт, ідэі, інавацыйныя праекты, метады, якія спрыяюць дасягненню мэт урока. Першы сайт, на якім я зарэгістравалася, быў сайт ПроШколу.ру. Так некалькі гадоў назад у мяне з’явілася старонка-блог на гэтым партале. Акрамя гэтага, вяду старонку свайго класа на школьным сайце http://13.grodno.schools.by. Ахвотна дзялюся вопытам работы з калегамі ў сетцы інтэрнэт. У 2013 годзе брала ўдзел у міжнародным конкурсе “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” на сайце http://1-4.by. У намінацыі “Урок у пачатковай школе” заняла 3-е месца.

Сучасны настаўнік не тыражуе сумныя ўрокі, ён актуалізуе ў сваіх вучняў моцны інфармацыйны ўсплёск, патрэбу ў новых ведах і ўменні ўключаць іх у кантэкст урока.

Паважаныя калегі, спрабуйце, пазнавайце новае, удасканальвайцеся!

Алена РЫЖКО,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 13 Гродна.