Сумесная рэалізацыя значных праектаў — гэта магчымасць для далейшага развіцця адносін

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў задаволены дынамікай росту тавараабароту Беларусі і Грузіі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з першым віцэ-прэм’ер-міністрам — міністрам эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі Дзмітрыем Кумсішвілі.

“Мы лічым, што Грузія для Беларусі — адзін з найважнейшых партнёраў на Каўказе, і мы са свайго боку прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб нашы адносіны, як гандлёва-эканамічныя, так і гуманітарныя і іншыя, паступальна і паслядоўна развіваліся, — сказаў Андрэй Кабякоў. — У нас шырокі спектр узаемадзеяння. Гэта прамысловасць, сельская гаспадарка, нафтахімія, фармацэўтыка, гуманітарнае супрацоўніцтва. Мы паказалі даволі нядрэнную дынаміку ўзаемнага тавараабароту — у гэтым годзе будзе больш за $100 млн. Кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу выйсці на $200 млн, таму мы на сярэдзіне шляху, але дынаміку добрую абазначылі”.

Андрэй Кабякоў адзначыў важнасць цяперашняй сустрэчы ў сувязі з падрыхтоўкай візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію, якая плануецца ў найбліжэйшы час. “Мы лічым, што гэты візіт павінен мець змястоўны, канструктыўны і, увогуле, лёсавызначальны характар для далейшага руху наперад у нашых двухбаковых адносінах”, — сказаў прэм’ер.

Ён выказаў надзею, што грузінскія партнёры ўжо змаглі па заслугах ацаніць “швейцарскія паязды па беларускіх цэнах”, маючы на ўвазе пастаўкі ў Грузію тэхнікі “Штадлер”. “Спадзяюся, тэхніка вам спадабалася. Грузавая, сельскагаспадарчая тэхніка, нафтахімічная прадукцыя — гэта тое, што мы можам прапанаваць, і тое, што можа быць запатрабавана на вашым рынку. Мы лічым, што сумесная рэалізацыя значных праектаў — гэта магчымасць для далейшага развіцця нашых адносін”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер канстатаваў, што беларускаму боку вядома аб планах Грузіі па сур’ёзнай мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Створана сумесная беларуска-грузінская вытворчасць ліфтавага абсталявання. “Яна функцыянуе і нават выйграла тэндар у Казрэці, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Але мы лічым, што гэта толькі самы пачатак. Мы з вамі гаварылі аб тым, што кропка бясстратнасці ліфтавай гаспадаркі — каля 250 адзінак у год”.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, вядзецца работа па рэалізацыі разліву беларускай і грузінскай алкагольнай прадукцыі на прадпрыемствах Грузіі і Беларусі. Андрэй Кабякоў таксама абазначыў добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў аграрнай сферы. “Ёсць зацікаўленасць у рэалізацыі праектаў па стварэнні селекцыйна-племянных цэнтраў жывёлагадоўлі”, — сказаў ён.

Таксама кіраўнік беларускага ўрада адзначыў зацікаўленасць грузінскага боку ў набыцці беларускай выратавальнай тэхнікі. “Мы прапануем не толькі тэхніку, але і тэхналогію яе прымянення, каб не проста “мы прадалі, а вы нешта купілі” — вы павінны атрымаць прадукт, які забяспечыць выкананне тых задач, якія, на жаль, час ад часу здараюцца. Наша сумесная работа ў Баржомскай цясніне ў мінулым годзе, з аднаго боку, сама па сабе была няпростай, з другога боку, паказала магчымасці беларускай тэхнікі. Мы гатовы з прапанаваннем добрага фінансавага механізма на дастаткова канкурэнтных умовах прадаставіць адпаведную тэхніку і навучыць яе выкарыстоўваць”, — запэўніў ён.

Гаворачы пра праекты ў гуманітарнай сферы, Андрэй Кабякоў адзначыў папулярнасць сярод мінчан свята грузінскай культуры “Тбілісоба”, а ў мінулым годзе ў Грузіі з поспехам прайшлі Дні культуры Беларусі. “Беларусь таксама заўсёды зацікаўлена ў развіцці турыстычнага напрамку. Многія беларусы пабывалі ў Батумі, даюць вельмі добрую характарыстыку, следам паедуць іншыя беларусы”, — дадаў Андрэй Кабякоў.
У цэлым прэм’ер-міністр падкрэсліў наяўнасць добрых перадумоў для паспяховай работы міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. “Мы запрашаем вас да самай сур’ёзнай змястоўнай размовы”, — сказаў ён.

Дзмітрый Кумсішвілі падзякаваў Андрэю Кабякову за сустрэчу. “У першую чаргу я хачу адзначыць неацэнны ўклад вашага прэзідэнта, які некалькі гадоў назад даў імпульс развіццю двухбаковых адносін, калі пабываў у Грузіі. Была створана міжурадавая камісія, якая працуе вельмі эфектыўна. Гэта стварае фундамент для нашага далейшага яшчэ больш актыўнага ўзаемадзеяння”, — сказаў ён.