“Памяць Перамогі”, “Цягнік памяці”, “Лэпбук — дзецям сябра”, “Мы выбіраем зялёны колер” — гэтыя сацыяльныя праекты члены маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў будуць ажыццяўляць сёлета. Размова пра планы маладых актывістаў на 2018 год ішла на традыцыйнай сустрэчы з кіраўніцтвам раёна. Маладзёжны парламент дзейнічае на Навагрудчыне з 2012 года. Аб справах арганізацыі мы гутарым з куратарам маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі С.В.КРЫНСКАЙ.
— Святлана Вячаславаўна, у тым, што Навагрудак атрымаў у мінулым годзе сертыфікат ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”, ёсць заслуга і моладзі. Як маладзёжны парламент уключаны ў гэтую дзейнасць, як дапамагае Навагрудку падтрымліваць такі высокі і ў той жа час вельмі адказны статус?
— Моладзь Навагрудскага раёна з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх ідэй, акцый і праектаў, накіраваных на стварэнне ўмоў для самарэалізацыі, творчага развіцця, забеспячэння якаснай адукацыі. Ініцыятыва ЮНІСЕФ прадугледжвае актыўнае ўключэнне моладзі ў жыццё рэгіёна, сацыяльна значную дзейнасць, улік яе ініцыятыў, запатрабаванняў. За пяць гадоў моладзь Навагрудчыны прадэманстравала пазітыўную актыўнасць у розных відах дзейнасці. Добрай пляцоўкай для дыялогу дзяцей і дарослых стала арганізацыя штогадовых сустрэч членаў маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў з кіраўніцтвам раёна.
Сярод першых была ініцыятыва “Адпачывай актыўна”. Юныя парламентарыі ўзнялі праблему недахопу месцаў для правядзення вольнага часу, культурнага адпачынку. У выніку пры падтрымцы адміністрацыі горада на стадыёнах сярэдніх школ № 5 і № 7 з’явіліся дзве хакейныя пляцоўкі, у гімназіі № 1 пабудавана міні-футбольная пляцоўка, якая працуе круглы год.
— Ці адчувае моладзь гістарычную значнасць Навагрудчыны, як захоўвае памяць, фарміруе новыя традыцыі?
— Багатая культурна-гістарычная спадчына нашага рэгіёна дазваляе далучаць вучняў да раённых праектаў “Навагрудак. Гісторыя і сучаснасць” (стварэнне летапісу свайго горада для вывучэння на ўроках, класных гадзінах і ў пазакласнай дзейнасці), “Я гэтым горадам ахоўны” (вывучэнне гістарычных аб’ектаў). Сацыяльнымі партнёрамі гэтых праектаў выступілі Дом-музей Адама Міцкевіча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, раённая бібліятэка, Навагрудскі РАУС.
Рэалізоўваюцца праекты “Прыязджай да нас у Навагрудак” (распрацоўка экскурсійных маршрутаў па горадзе і раёне, у якіх экскурсаводамі з’яўляюцца навучэнцы), “Па родным краі” (арганізацыя і правядзенне катэгарыйных водных паходаў).
— Сёння членамі маладзёжнага парламента з’яўляецца 31 чалавек, і гэта самыя дастойныя, актыўныя члены вучнёўскіх калектываў, якія даюць прыклад і ў вучобе, і ў грамадскіх справах.
— І гэта відаць на прыкладзе іх удзелу у акцыі “Місія жыць”. Вакол актывістаў фарміруецца вялікі калектыў аднадумцаў. У Навагрудскім раёне дзейнічаюць 19 антынаркатычных атрадаў, якія аб’ядноўваюць амаль 230 чалавек. Хлопцы і дзяўчаты праводзяць адзіныя дні інтэрактыву, раздаюць лістоўкі, буклеты на вуліцах горада. Падчас летніх канікул выязджаюць у аздараўленчы лагер “Свіцязь” з прафілактычным дэсантам. Антынаркатычныя эмблемы руху “ВЕК” размяшчаюцца ў сацыяльных сетках дэпутатаў маладзёжнага парламента.
У 2015/2016 навучальным годзе пачалася рэалізацыя праекта “Здаровае пакаленне” ў рамках дзейнасці “роўны навучае роўнага”. Члены маладзёжнага парламента з’яўляюцца валанцёрамі-інструктарамі “роўнага навучання”, праводзяць інтэрактыўныя заняткі з элементамі трэнінгу па здаровым ладзе жыцця, камп’ютарнай залежнасці.
— Як ажыццяўляецца супрацоўніцтва маладзёжнага парламента з кіраўніцтвам раёна?
— З пачатку дзейнасці маладзёжнага парламента яму ўдзяляецца вялікая ўвага з боку органаў кіравання Навагрудскага раёна, аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама. Пастаянна праходзяць сустрэчы з кіраўніцтвам, дзе адбываецца дыялог аб шляхах развіцця маладзёжнага руху, удзеле моладзі ў грамадскім жыцці раёна. Парламентарыі даведваюцца аб развіцці рэгіёна, яго патрэбах і поспехах і прадстаўляюць сваё бачанне ўдзелу у гэтых працэсах.
Такія сустрэчы сталі традыцыйнымі. Гэта і штогадовыя перагаворныя пляцоўкі са старшынёй Навагрудскага райвыканкама, дыскусійная пляцоўка “Сучасны погляд на сям’ю”, сустрэчы “Дыялог з уладай”, перагаворная пляцоўка “Маладзёжнай ініцыятыве —“ так!”, раённы марафон сацыяльных ініцыятыў. За час работы маладзёжнага парламента многія ідэі былі пачуты і ўвасоблены ў жыццё.
Толькі ў мінулым навучальным годзе чатыры сацыяльныя праекты — “Яны прайшлі фашысцкае пекла”, “Стоп кадр”, “Квартал, дружалюбны да дзяцей”, “Альтэрнатыўная бібліятэка: домік для кніг”” — былі прадстаўлены на сустрэчы маладзёжнага парламента і вучнёўскага самакіравання з кіраўніцтвам раёна “Маладзёжнай ініцыятыве — “так!”. Праекты атрымалі адабрэнне і былі рэалізаваны.
Праект “Яны прайшлі фашысцкае пекла” дазволіў сабраць і перадаць у гісторыка-краязнаўчы музей успаміны ўдзельнікаў і відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя матэрыялы папоўнілі экспазіцыі школьных музеяў і музейных пакояў. Завяршыўся праект удзелам дэпутатаў маладзёжнага парламента ў складзе дэлегацыі прадстаўнікоў Навагрудскага райвыканкама, раённага Савета ветэранаў у раённай эстафеце “Паклонімся вялікім тым гадам”, прысвечанай Дню Перамогі.
Па сацыяльным праекце “Стоп кадр” зняты і размешчаны ў групе маладзёжнага парламента сацыяльныя ролікі на тэмы, якія хвалююць моладзь горада: выбар прафесіі, здаровы лад жыцця, вольны час і іншыя.
Сацыяльны праект “Квартал, дружалюбны да дзяцей” прадугледжвае сумесную дзейнасць дзяцей-інвалідаў і парламентарыяў. Праект “Альтэрнатыўная бібліятэка: домік для кніг” аб’яднаў дзяцей і дарослых у імкненні прыцягнуць жыхароў горада да чытання. Праведзены раённы конкурс эскізаў “Хатка для кніг”. У выніку выраблены і ўстаноўлены дзве “хаткі для кніг” — у гарадскім скверы і каля раённай бібліятэкі.
Чарговая сустрэча членаў маладзёжнага парламента з кіраўніцтвам раёна “Маладзёжныя ініцыятывы — роднаму гораду” адбылася ў канцы мінулага года. У ёй прынялі ўдзел старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мішарын, намеснікі старшыні Навагрудскага райвыканкама Алена Леанідаўна Сялевіч, Аляксандр Мікалаевіч Грыц і Святлана Мікалаеўна Каралько, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, устаноў і прадпрыемстваў раёна, а таксама актывісты раённай піянерскай арганізацыі і навучэнцы прававых класаў сярэдняй школы № 3. Сустрэча прайшла ў форме адкрытага дыялогу, падчас якога быў абмеркаваны шэраг новых сацыяльных ініцыятыў маладых парламентарыяў.
Мы ганарымся, што справы маладзёжнага парламента заўсёды знаходзяць падтрымку і адзначаюцца: у раённую кнігу “Дасягненні” штогод уносяцца імёны лідараў, членаў грамадскіх дзіцячых і маладзёжных арганізацый, вучнёўскага самакіравання, членаў маладзёжнага парламента. На сёння гэта 68 чалавек.
Для навучэнцаў маладзёжны парламент стаў школай лідарства, кіравання і жыццёвага самавызначэння. Яны вучацца быць карыснымі грамадству, бачыць праблемы людзей і ў цесным супрацоўніцтве з кіраўніцтвам Навагрудскага раёна знаходзіць шляхі іх вырашэння.
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.