Сустракаем Масленіцу разам!

- 15:27Нам пішуць

Прыемна, калі мерапрыемства аб’ядноўвае школьнікаў і педагогаў, калі дзеці могуць па-іншаму паглядзець на сваіх настаўнікаў: убачыць у іх добрых гаспадынь, верных сяброў, клапатлівых матуль.

25 лютага ў шосты школьны дзень у нашай установе сустракалі Масленіцу. Шумнае, вясёлае свята з карагодамі, гульнямі, конкурсамі сабрала педагогаў навучэнцаў ва ўтульнай школьнай зале. Дзеці даведаліся, што азначае кожны дзень Масленіцы. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў віктарыне на веданне старажытных славянскіх звычаяў, вадзілі карагоды, гулялі ў “снежкі з паперы”, успаміналі прыказкі пра бліны, Масленіцу.

Загадзя быў абвешчаны конкурс “У каго бліны смачней”, паўдзельнічаць маглі і настаўнікі, і вучні. Вопытныя гаспадыні дзяліліся сваімі кулінарнымі сакрэтамі. Майстар-клас па выпяканні бліноў прадэманстравалі старшакласніцы пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання. Потым усе сустрэліся за вялікім сталом. Усіх парадавала Масленіца – і педагогаў, і дзяцей, бо весяліцца ад душы мы можам тады, калі вакол нас атмасфера шчырасці, даверу і ўзаемаразумення.

В. АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.