Сустракаем вясну разам!

- 17:03Нам пішуць

Шанаваць і беражліва захоўваць звычаі і традыцыі продкаў — важная задача нашага пакалення. Навагрудская зямля здаўна славіцца памяццю, беражлівым і пачцівым стаўленнем да беларускіх звычаяў і традыцый. Адным з яркіх святаў з’яўляецца Масленіца. Яе з нецярпеннем чакаюць як дзеці, так і дарослыя. Масленіца прыносіць яркі настрой, суправаджаецца вясёлымі песнямі і танцамі. На Навагрудчыне Масленіца святкуецца два дні.

Традыцыйна святкаванне пачалося ў адным з самых паэтычных і прыгожых месцаў Беларусі ля возера Свіцязь, дзе размясціўся эколага-інфармацыйны цэнтр “Лясная казка”. Упершыню, за доўгі зімовы перыяд, берагі возера нібы ажылі. Паветра напоўнілася звонкім смехам дзяцей і вясёлымі песнямі. Здавалася, усё жывое ажыло і разам з дзеткамі цешылася надыходу вясны. У гэтае свята вучні змаглі не толькі пагукаць вясну сваімі песнямі і танцамі, але і паўдзельнічаць у тэматычнай гульнявой праграме, якая праходзіла ў форме гульні-падарожжа. На кожнай са станцый вучняў чакалі цікавыя конкурсы, песні і вершы пра вясну. Цікавай і пазнавальнай стала станцыя “Экалагічная”, арганізаваная педагогамі дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра. На станцыі вучні змаглі даведацца не толькі аб чырванакніжных раслінах і жывёлах Свіцязянскага заказніка, але і паўдзельнічаць у віктарыне. Для ўдзельнікаў мерапрыемства была наладжана бяспройгрышная латарэя і выстава-продаж сувеніраў, створаных педагогамі і навучэнцамі цэнтра.

Другі дзень Масленіцы прайшоў на гарадской плошчы імя Леніна. Пачаўся са святочнай тэатралізавана-канцэртнай праграмы з удзелам аматарскіх калектываў раёна “Сустракаем вясну разам!”. Ну а якое ж свята без бліноў? Былі наладжаны конкурсы “Блінаедаў”, “Квасахлёбаў”, “Сыраедаў”. На працягу ўсяго свята быў арганізаваны гандаль з вялікім асартыментам прадукцыі, праводзіліся спартыўныя гульні, працавалі атракцыёны. Навагрудскім раённым эколага-біялагічным цэнтрам была арганізавана выстава фларыстычных работ. Завяршылася святочная праграма прадстаўленнем “Провады Зімы”.

Марына РАБЦЭВІЧ,
загадчык аддзела экалогіі Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра.