Сустрэча на ўсе 100

- 13:54Навіны рэгіёнаў

Адкрыты дыялог прайшоў у Полацку

У рамках праекта “Сустрэчы на ўсе 100!” на базе сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка быў праведзены адкрыты дыялог “Аб падтрымцы Беларускай піянерскай арганізацыі як аднаго з суб’ектаў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Рэспубліканскі праект “Сустрэчы на ўсе 100!” рэалізуецца згодна з Канцэпцыяй развіцця пазітыўнага іміджу грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” на 2018—2021 гады і нацэлены на стварэнне ўмоў для канструктыўнай камунікацыі падрастаючага пакалення з усіх рэгіёнаў Беларусі з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады, навукі, бізнесу і экспертнай супольнасці для прэзентацыі і прасоўвання існуючых ідэй, праектаў і ініцыятыў.

Сустрэча прайшла ў форме “пытанне — адказ”, цікава і насычана. Кожны з 60 удзельнікаў дыя­логу атрымаў магчымасць за­даць пытанне лідарам піянерскага руху: старшыні Цэнтральнага савета БРПА Аляксандры Ганчаровай і старшыні Віцебскага абласнога савета БРПА Ірыне Яленскай. Госці дыялогу падзяліліся з педагогамі-арганізатарамі, прадстаўнікамі адміністрацый устаноў адукацыі Полацкага раёна сваім бачаннем перспектыў развіцця дзіцячай арганізацыі, расказалі аб праекце новага палажэння аб сімволіцы дзіцячай арганізацыі, новых метадах і формах работы, міжнародным супрацоўніцтве з краінамі СНД.

Цёплая, пазітыўная і сяброўская атмасфера сустрэчы спрыяла адкрытай размове. Большасць пытанняў закраналі работу арганізацыі. Акрамя таго, удзельнікі папрасілі Аляксандру Ганчарову і Ірыну Яленскую расказаць аб дзіцячых марах і захапленнях, сакрэтах поспеху, асобаснага і прафесійнага росту. У рамках мерапрыемства падзякі Віцебскага абласнога савета БРПА ўрачыста ўручылі начальніку ўпраўлення па адукацыі Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ірыне Афанасьеўне Драздовай і дырэктару сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка Канстанціну Віктаравічу Шухлеву. Ганаровым знакам Цэнтральнага савета БРПА “Ганаровы пiянер Беларусі” ўзнагароджана дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Мікалаеўна Дзёмінава.

Полацкі раённы савет БРПА па выніках дзейнасці за 2019/2020 навучальны год прызнаны лепшым у Віцебскай вобласці. Яго старшыня Вера Мікалаеўна Лісовіч за паспяховую, якасную, бездакорную работу, высокі прафесіяналізм, за неацэнны ўклад у рэалізацыю асноўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі адзначана граматай Віцебскага абласнога савета БРПА і ганаровым знакам “Лепшы важаты”. Такія ж узнагароды за актыўную работу па выхаванні дзяцей і падлеткаў, важкі ўклад у рэалізацыю праектаў і праграм БРПА атрымалі педагогі, арганізатары піянерскага руху ва ўстановах адукацыі Полацкага раёна і Полацка: Дзіяна Анатольеўна Цябут і Анжаліка Мікалаеўна Леановіч (сярэдняя школа № 8), На­дзея Сяргееўна Спяранская (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны), Уладзіслаў Юр’евіч Быцко і Антон Васілье­віч Рудзько (сярэдняя школа № 1), Настасся Юр’еўна Солтан (сярэдняя школа № 2), Надзея Яўгенаўна Барысевіч (сярэдняя школа № 16), Кацярына Вячаславаўна Жураўлёва (яслі-сад — сярэдняя школа № 15). Граматамі Віцебскага абласнога савета БРПА ў намінацыях “Лепшы піянер” і “Лепшы акцябронак” узнагароджаны навучэнцы Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Аліна Свінціцкая, старшыня савета дружыны імя Героя Савецкага Саюза Зоі Касмадзям’янскай, старшыня Дзіцячай палаты Полацкага раённага савета БРПА, і Настасся Пятроўская, камандзір акцябрацкай групы гэтай піянерскай дружыны. Сустрэча сапраўды прайшла “на ўсе 100!” і запомніцца яе ўдзель­нікам надоўга.

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык ВМК Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.