Сустрэча пярнатых сяброў

- 12:44Нам пішуць

Экалагічнае выхаванне вучняў з’яўляецца адной з прыярытэтных задач нашай Навасёлкаўскай базавай школы. Яшчэ ў пачатку зімы ў рамках шостага школьнага дня вучні пачатковых класаў прынялі ўдзел у акцыі “Дапаможам птушкам”. З задавальненнем дзеткі майстравалі кармушкі з падручных матэрыялаў. У выніку атрымаўся арыгінальны птушыны гарадок. Фантазіі вучняў не было мяжы. Якіх толькі кармушак ні з’явілася: з пластыкавых бутэлек, з картонных скрыначак, з бляшаных слоічкаў. У выніку цэлую зіму рознакаляровыя “кафэшкі” дапамагалі птушкам не згінуць ад голаду. Вучні рэгулярна прыносілі корм, каб пярнатыя ў любы час маглі падсілкавацца смачнымі зярняткамі і хлебнымі крошачкамі.

А ў пачатку вясны ў школе быў аб’яўлены конкурс на лепшую шпакоўню. Дзеці з запалам прыняліся за работу. Не засталіся ўбаку і бацькі: яны снабжалі неабходным матэрыялам і інструментам, дапамагалі рабіць самыя складаныя аперацыі. Па ўсёй акрузе разносіўся стук малаточкаў, акуратна прымацоўвалася дошачка да дошачкі. Затым дзеці пачалі аздабляць новае птушынае жытло, з густам яго размалёўваючы яркімі фарбамі. Асабліва вылучыліся сваім арыгінальным падыходам другі і трэці класы, іх шпакоўні прызнаны пераможцамі і прадстаўлялі школу на раённым этапе конкурсу, дзе занялі ганаровае трэцяе месца. З замілаваннем вучні назіралі карціну, калі шпакі засялялі падрыхтаваныя ім домікі. Вясёлае шчабятанне, якое плыло праз адкрытыя вокны, падбадзёрвала і павышала вучэбны настрой.

Такім чынам, сумесная калектыўная творчая праца па стварэнні птушыных домікаў з’яднала вучняў, навучыла іх дапамагаць братам нашым меншым і паказала, што тварыць дабро – вельмі прыемная справа.

Гудкова Валянціна Ягораўна,
настаўніца пачатковых класаў
Навасёлкаўскай базавай школы