Сустрэча сяброў

- 11:24Навіны рэгіёнаў

Вось ужо 40-ы раз на ваўкавыскай зямлі адбыўся турнір па лёгкай атлетыцы памяці Героя Савецкага Саюза Казбека Нуржанава.

Казбек Нуржанаў у ліпені 1944 года адным з першых уварваўся ў акупіраваны фашыстамі Ваўкавыск. На ўскрайку горада ён быў цяжка паранены і эвакуіраваны ў Дзярэчынскі паходна-палявы хірургічны шпіталь. Не прыходзячы ў прытомнасць, Казбек Нуржанаў памёр і быў пахаваны ў брацкай магіле ў Дзярэчыне, што ў Зэльвенскім раёне. За праяўленыя мужнасць і смеласць пры вызваленні горада яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Традыцыйна турнір праводзіцца ў манежы Ваўкавыскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 1. У гэтым годзе ўдзельнікамі спаборніцтваў сталі каля 400 дзяцей з Ваўкавыскага і Зэльвенскага раёнаў. Упершыню ўдзел у спаборніцтвах прыняла спартыўная дэлегацыя Карагандзінскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Рэспублікі Казахстан. Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых катэгорыях па 17 відах лёгкаатлетычнай праграмы.

Наведалі спаборніцтвы ганаровыя госці з Казахстана: супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Кайрат Аман і Амірзак Бейспекаў, начальнік аддзела нацыянальнага тэлевізійнага агенцтва “Хабар” Едзіл Ермекбаеў, генеральны дырэктар прадпрыемства “Матан” Мурат Жадаеў, дырэктар Карагандзінскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Есен Тультаеў, прэзідэнт грамадскага дабрачыннага фонду “Керней баба” Тарэхан Майбас, траюрадны пляменнік Казбека Нуржанава Марат Нуржанаў.

Штогод перад пачаткам спартыўнага свята яго ўдзельнікі выязджаюць у аграгарадок Дзярэчын на месца пахавання Казбека Нуржанава, каб ушанаваць памяць героя і яго таварышаў.

Для гасцей была арганізавана багатая культурная праграма: экскурсія па Ваўкавыску, наведванне мемарыяльнага комплексу “Шавулічы”, ваенна-гістарычнага музея імя П.І.Баграціёна. Сустрэліся юныя казахскія спартсмены з членамі раённага Маладзёжнага парламента. Маладыя парламентарыі ў чэрвені 2017 года былі на прыёме ў Пасольстве Рэспублікі Казахстан у Мінску і зараз шчыра віталі гасцей на роднай зямлі. Пабывала казахская дэлегацыя ў гімназіі № 2 і сярэдняй школе № 8 Ваўкавыска.

Урачыста і разам з тым утульна прайшла сустрэча казахскіх гасцей з вучнямі сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска, піянерская дружына якой носіць ганаровае імя Казбека Нуржанава. Падчас яркай і насычанай праграмы госці знаёміліся з традыцыямі, звычаямі і культурай беларускага народа, пры гэтым не былi пасіўнымі гледачамі і слухачамі, а прымалі самы актыўны ўдзел у яе правядзенні: удзельнічалі ў народным абрадзе “Гуканне вясны”, вадзілі карагоды, спявалі і танцавалі беларускія нацыянальныя песні і танцы. Знаёмства з культурай роднага краю не было аднабаковым. Казахскія госці таксама з захапленнем расказвалі пра свае традыцыі, абрады, нацыянальныя стравы.

У заключэнне візіту казахскія спартсмены пабывалі на прыёме ў кіраўніцтва раёна, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб Ваўкавыску.

Святлана СТАЧУК,
загадчык сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы аддзела адукацыі,
спорту і турызму
Ваўкавыскага райвыканкама.