Сустрэча з літаратарамі

- 12:04Нам пішуць

Нядаўна клуб “Сардэчныя сустрэчы” ЦТМТДіМ “Зорка” Фрунзенскага раёна сталіцы арганізаваў тэматычную сустрэчу, на якую былі запрошаны вядомыя беларускія літаратары: лаўрэат прэміі “Залаты Купідон” Ірына Масляніцына, уладальнік вышэйшай узнагароды Саюза пісьменнікаў Беларусі — медаля “За вялікі ўклад у літаратуру” — Мікола Багадзяж і папулярная паэтэса Алена Басікірская. Мэтай мерапрыемства было знаёмства дзяцей з правамі, замацаванымі ў Канвенцыі аб правах дзіцяці.

Пісьменнікі прыйшлі не з пустымі рукамі — яны прынеслі свае кнігі. Дзеці са здзіўленнем даведаліся, што, аказваецца, Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж — тыя самыя аўтары, кнігі якіх значацца ў іх падручніках па гісторыі і беларускай літаратуры ў якасці рэкамендаваных для пазакласнага чытання. І што Алена Басікірская піша не толькі годныя вершы для дарослых, але і тое, што цікава і зразумела падлеткам.

Ірына Аляксандраўна Масляніцына пачала размову аб правах дзіцяці і аб іх абавязках. Права на вучобу і атрыманне ведаў — гэта не толькі права, гэта яшчэ і абавязак школьніка. Права жыць у сям’і, карыстаючыся дапамогай бацькоў, — гэта яшчэ і абавязак дапамагаць бацькам, слухацца іх і г.д.

Мікола Багадзяж адзначыў, што права на навучанне пасадзейнічала таму, што ў краіне з’явілася шмат выдатных людзей з ліку навукоўцаў і дзеячаў культуры. Таксама Мікола Канстанцінавіч расказаў пра асабісты жыццёвы шлях, пра тое, як звычайны хлопец з вёскі стаў вядомым айчынным пісьменнікам.

Алена Басікірская ў гульнявой форме прапанавала школьнікам замацаваць атрыманыя падчас сустрэчы веды. Яны мусілі пералічыць усе вядомыя ім правы дзіцяці ў нашай краіне. І за кожны правільны адказ была ўзнагарода.

Развітваючыся з пісьменнікамі, школьнікі падарылі кожнаму з іх кветкі і сфатаграфаваліся на памяць.

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі;
Валянціна ЯРГОЛЬСКАЯ,
педагог-арганізатар ЦТМТДіМ “Зорка” Мінска.