Сустрэча з цудам

- 9:46Вышэйшая школа, Рознае

У суботнюю раніцу Маладзечна сустрэў вялікую маладзёжную кампанію. Гэта студэнты-валанцёры Белдзяржуніверсітэта прывезлі свята дзецям сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада.

Ініцыятарамі правядзення акцыі “У гасцях у казкі” сталі валанцёры філалагічна га факультэта пад кіраўніцтвам Аляксандры Таранчанка. Да іх далучыліся прадстаўнікі эканамічнага факультэта і Інстытута журналістыкі. “Магчымасць дапамагаць таму, каму гэта неабходна, шукаў яшчэ з лета. А калі даведаўся пра валанцёрскія арганізацыі БДУ, прыйшоў на філалагічны факультэт і вырашыў пачаць дзейнічаць”, — адзначыў студэнт Віталь Міхалюта.

Маладыя людзі паставілі перад сабой задачу распрацаваць для дзяцей “утульнае” мерапрыемства — з гульнямі, конкурсамі і інтэрактывам. Папярэдне яны прайшлі праз мноства этапаў: знаёмства адно з адным, напісанне сцэнарыя, пошук касцюмаў, рэпетыцыі і г.д. Узнікла ідэя зрабіць гульню-падарожжа, дзе ролі дзеючых асоб будуць выконваць казачныя персанажы, знаёмыя дзецям па кнігах і мультфільмах. Мэта студэнтаў была ў тым, каб кожнаму малому падарыць кавалачак шчасця.

У прызначаны дзень а 10-й гадзіне валанцёры “Садружнасці нармальных чараўнікоў” стаялі на ганку ўстановы, дзе іх ужо зачакаліся маленькія гледачы. Першыя дваццаць хвілін у актавай зале можна было назіраць незвычайную карціну: у куце вядуць размову ліса Аліса і кот Базіліа, Карлсану прымацоўваюць прапелер, а Баба Яга і пірат рэпеціруюць свой нумар….

І нарэшце пачалося выступленне. Прысутныя даведаліся, што, пакуль да іх дабіраліся героі, чароўная кніга казак упала і ўсе персанажы саскочылі са сваіх месцаў на іншыя старонкі. У гэтым гармідары знікла прыгажуня прынцэса, якую на працягу ўсёй казкі і адшуквалі маленькія дэтэктывы. З Чырвонай Шапачкай дзеці спявалі песні, з Карлсанам танцавалі і частаваліся вялікай плюшкай, з Бабай Ягой адгадвалі загадкі. А каб растапіць зачараванае сэрца пірата, малявалі любоў. Пасля ён вярнуў дзецям прынцэсу, якая з вялікай удзячнасцю за сваё выратаванне ўручыла кожнаму з маленькіх гарэз ліст-пасланне пэўнага казачнага персанажа з Чароўнай краіны.

Валанцёры рабілі сваім гледачам аквагрым, распытвалі пра спартыўныя і мастацкія поспехі, цікавіліся іх справамі, і дзеці радавалі студэнтаў сваёй дасведчанасцю і актыўнасцю. Пасля адбыліся святочныя вячоркі з гарбатай і цукеркамі, дзе выхаванцы ўстановы разам з Чабурашкам і кракадзілам Генам авалодвалі майстэрствам ігры на гітары і вялі займальныя размовы.

Час прайшоў вельмі хутка — прыйшла пара развітвацца. Хлопчыкі і дзяўчынкі праводзілі сваіх гасцей і доўга махалі ім услед…

Па словах Аляксандры Таранчанка, новыя ўдзельнікі “Садружнасці нармальных чараўнікоў” не падвялі. “Прызнацца, вельмі хвалявалася, бо прыйшлі новыя людзі, — адзначыла дзяўчына. — Быў страх, што валанцёры не справяцца, але яны даказалі адваротнае: выклаліся па максімуме і зрабілі дзецям выдатнае свята”.

Ірына ІВАШКА.