Наталля КАСТЭНКА
Заўтра ў школах нашай краіны пройдуць вечары сустрэчы выпускнікоў. Традыцыю сустракацца ў першую суботу лютага адмяняла толькі пандэмія каранавіруса. Сёлета вечары сустрэчы з юнацтвам нарэшце вяртаюцца да нас.
Прызнаюся, што я ўспомніла пра гэтую добрую традыцыю — вечар сустрэчы — зусім нядаўна. Мая аднакласніца напісала мне ў дырэкт Instаgram: “Прыязджай у Залессе ў першую суботу лютага. Мы сустракаемся ў школе, бо ў нас юбілей — 30 гадоў выпуску”.
Якія 30 гадоў? Быць таго не можа! Палічыла — і праўда 30 гадоў мінула. І вось ужо тыдзень хаджу на работу, еду ў камандзіроўку, гатую вячэру — а ў думках я там, у маёй школе. Школе майго дзяцінства і юнацтва.
Я скончыла Залескую сярэднюю школу Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1993 годзе. Паспяхова здала ўступныя экзамены і стала студэнткай факультэта журналістыкі БДУ. Спачатку родная школа, як і родная вёска, не адпускала мяне. Я часта прыходзіла ў школу да сваіх настаўнікаў. Было прыемна, што яны ставіліся да мяне ўжо як да дарослага чалавека, распытвалі аб планах і поспехах, раілі старанна вучыцца і шукаць годнае працоўнае месца. Калі стала працаваць у штаце “Настаўніцкай газеты”, то прыязджала ў сваю школу ў камандзіроўкі — тады там яшчэ працавалі мае родныя, мае любімыя настаўнікі. Было ўдвая прыемней, што яны пачалі ставіцца да мяне, як да калегі. Гэта акрыляла.
Жыццё бяжыць імкліва. Дзе той момант, калі дарослы чалавек перастае прыходзіць у школу, якая выпісала яму атэстат сталасці? У кожнага такі момант свой. Для мяне ён наступіў, калі адзін за адным сталі сыходзіць на заслужаны адпачынак настаўнікі, якія вучылі мяне. А пасля прыйшоў і той момант, калі першыя з іх зрабілі крок у вечнасць…
Я чытала шмат псіхалагічных даследаванняў наконт таго, чаму ўчарашнія дзеці прыходзяць на вечары сустрэчы выпускнікоў. У адных гаворыцца пра тое, што дарослы чалавек марыць сустрэцца са сваім дзяцінствам. Унутранае дзіця, якое жыве ў кожным з нас, патрабуе школьных забаў, першага кахання і адчування бясстрашнасці, уласцівага толькі дзецям. У другіх даказвалася, што дарослы чалавек марыць прадэманстраваць свае поспехі перад людзьмі, якія стаялі разам з ім на старце самастойнага жыцця. Мы хочам даказаць, што многага дасягнулі: сталі прафесіяналамі, стварылі сям’ю, выгадавалі дзяцей, набылі ўсё неабходнае для дамашняй утульнасці — кватэру, дом, аўтамабіль, дачу і г.д. Асабіста для мяне вечар сустрэчы выпускнікоў — магчымасць сустрэцца з настаўнікамі.
Мне прыемна, што многія з тых педагогаў, якія вучылі мяне, — актыўныя, цікавыя людзі, нягледзячы на свой вельмі паважаны ўзрост. Ёсць і тыя, каго ўжо няма, аднак для мяне і маіх аднакласнікаў гэта настаўнікі назаўжды. Дырэктар маёй школы Кузьма Аляксеевіч Міхалкоўскі выкладаў у нас геаграфію, але самае галоўнае, чаму ён мяне навучыў, — быць сумленным чалавекам. На сваім прыкладзе ён паказваў, што школа — наш агульны дом і трэба адносіцца да яе адпаведна: не лічыцца з уласным часам, аддана працаваць на яе карысць і быць такім чалавекам, якім бы школа заўсёды ганарылася.
Мае настаўнікі беларускай і рускай мовы — Аляксандр Амуратавіч Багдановіч, Тамара Георгіеўна Казлоўская і Тамара Уладзіміраўна Ліс — навучылі мяне любіць і шанаваць родную мову, беражліва ставіцца да кожнага слова, што мне ой як спатрэбілася ў жыцці! Я памятаю ўрокі і дадатковыя заняткі з Тамарай Уладзіміраўнай, таму што з ёй у выпускным класе мы рыхтаваліся да Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. Гэта былі сапраўдныя ўрокі сталення.
Настаўніца біялогіі Кіра Канстанцінаўна Радзівонава адкрыла для мяне неверагодна цікавы свет жывой прыроды. Памятаю, як радавалася мая настаўніца, калі я, яе вучаніца, перамагла ў вочна-завочнай алімпіядзе па біяхіміі. Не менш, чым я сама. І толькі любоў да слова перамагла ўва мне любоў да прафесійнага вывучэння прыродазнаўчых навук.
Дзякуй вам, мае родныя настаўнікі! З некаторымі з вас мы абавязкова яшчэ сустрэнемся, хтосьці жыве ў маім сэрцы. А сучасным настаўнікам жадаю, каб заўтра на вечар сустрэчы з вамі прыйшлі вашы самыя любімыя вучні.