Сустрэчы з добрым спадарожнікам і сябрам

- 11:09Навіны рэгіёнаў

У Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў традыцыйны тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, накіраваны на папулярызацыю чытання. У ім актыўна ўдзельнічалі вучні 1—10 класаў.

Бібліятэкар Святлана Пяшко разам з класнымі кіраўнікамі правяла шмат цікавых, пазнавальных, змястоўных і запамінальных мерапрыемстваў. Сярод іх: конкурсы дзіцячых малюнкаў і вырабаў (намінацыі “Героі любімых кніжак” і “Праект помніка кнігі ў Беларусі”), выстава кніг “Сузор’е мудрасці”, літаратурныя віктарыны “Пазнай героя” і “З якога твора?”, гульні-падарожжы “Па сцяжынках казак” і “Хто аўтар?”, класныя гадзіны “Кніжчыны імяніны” і “Сонечныя кропелькі паэзіі”, конкурсы чытальнікаў і буктрэйлераў “Жывая кніга” і “Мой любімы твор. Раю вам пачытаць”. Нікога не пакінуў абыякавым і дзень перыёдыкі.

Найбольшую цікавасць у гімназістаў выклікала выстава кніг мінулых стагоддзяў “Жыватворныя крыніцы”, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя выданні з царкоўнай бібліятэкі мясцовага храма.

— Дзеці маглі не толькі ўбачыць кнігі мінулага, але і пагартаць іх, патрымаць у руках, — гаворыць царкоўны бібліятэкар настаўніца Маларыцкай раённай гімназіі Ірына Сезік. — Так, увагу вучняў выклікалі богаслужэбныя кнігі ХVIII — пачатку ХХ стагоддзя. Многія з іх у драўлянай вокладцы і абцягнуты скурай.

Нядаўна ў архіве Мікалаеўскай царквы Маларыты былі знойдзены кнігі дакументальнага характару (“Исповедальная ведомость”, “Духовная роспись”, “Обыск брачный сёл Замшаны, Гвозница, Мокраны, Ляховцы”), а таксама некаторыя дакументы мінулага: пасведчанні, просьбы, заявы на вянчанні і інш. Гэтыя ўліковыя кнігі вялі служыцелі царквы ў выглядзе штогадовага перапісу насельніцтва пэўнай мясцовасці. Гэта своеасаблівыя сведкі жыцця жыхароў Маларытчыны ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя. Па гэтых кнігах можна, напрыклад, прасачыць радавод. У пачатку кніг прозвішчы падаюцца ў алфавітным парадку, што значна аблягчае пошукавую справу.

Гімназісты падчас наведвання выставы царкоўных кніг атрымалі не толькі цікавую і пазнавальную інфармацыю, але і станоўчыя эмоцыі, духоўны ўздым.

Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі атрымаўся радасным, поўным сюрпрызаў і новых адкрыццяў. Завяршыўся ён падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем найбольш актыўных удзельнікаў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.