Сустрэчы з валанцёрамі

- 12:12Нам пішуць

Валанцёрскі школьны рух мае вялікае маральна-выхаваўчае значэнне для саміх школьнікаў, паколькі фарміруе ў іх талерантныя і сяброўскія адносіны да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. У Бераставіцкім раёне пры ўстановах адукацыі дзейнічаюць 11 валанцёрскіх атрадаў, якія налічваюць звыш 100 чалавек.

Валанцёрскія атрады з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, Кватарскага ясляў-сада — базавай школы, сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны часта наведваюць наш раённы ЦКРНіР.

Валанцёраў з атрада “Добрае сэрца” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы заўсёды з нецярпеннем чакаюць у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Вялікай Бераставіцы. Яны праводзяць для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця спартыўныя мерапрыемствы, арганізоўваюць гульні і святы. Сталі традыцыйнымі, напрыклад, мерапрыемствы да Дня інваліда, мерапрыемствы ў рамках акцыі “Цуды на Каляды”, віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі на Новы год, спартыўныя мерапрыемствы “Мы — разам!” і інш.

Сустрэча з валанцёрамі — сапраўднае свята для нашых дзяцей. Частыя наведвальнікі — вучаніцы старшых класаў Анастасія Бельская і Карына Яскевіч разам з педагогам-арганізатарам Вольгай Нялепка. Праводзячы мерапрыемствы, гульні, валанцёры дапамагаюць адчуць дзецям, што пра іх клапоцяцца, ствараюць той асаблівы святочны настрой і тыя дзіўныя эмацыянальныя і радасныя абставіны, якія дапамагаюць дзецям адчуць сябе больш упэўненымі ў сваіх сілах і магчымасцях. Кожны раз на памяць дзецям з ЦКРНіР дораць падарункі: канцтавары, развіццёвыя гульні, што набываюць у рамках акцый міласэрнасці, якія атрад “Добрае сэрца” праводзіць на вуліцах пасёлка сярод мясцовага насельніцтва.

Мы заўсёды рады бачыць валанцёраў у нашай установе спецыяльнай адукацыі, а нашы вучні ім рады бязмерна. Вельмі прыемна, што ёсць такія школьнікі з добрымі сэрцамі, якія клапоцяцца аб дзецях-інвалідах, дапамагаюць ім, праяўляюць міласэрнасць і гуманнасць, а галоўнае — шчодра дораць дзецям увагу, радасць, надзею, дабрыню і душэўную цеплыню.

Ларыса БЕЛЮЦЫ,
дырэктар ЦКРНіР Вялікай Бераставіцы Гродзенскай вобласці.