Сустрэнемся ў клубе “Тата побач!”

- 14:33Спецыяльная адукацыя

Некаторыя бацькі мяркуюць, што адна кансультацыя ў педагога-псіхолага дашкольнай установы адразу ж зможа вырашыць усе праблемы дзіцяці і сям’і. Многія бацькі, пераважна мамы, усвядоміўшы ў працэсе кансультацыі, што праблемы дзіцяці часцей тояцца ў іх уласнай псіхолага-педагагічнай некампетэнтнасці, звяртаюцца да нас ужо з іншымі просьбамі і запытамі.

Гэта наступныя просьбы:

  • “Дапамажыце растлумачыць мужу, што адносіны бацькі з дзіцем пачынаюць складвацца ўжо тады, калі ў мамы паказаўся жывоцік, і ўдзел бацькі ў працэсе выхавання дзіцяці неабходны з першых дзён нараджэння”.
  • “Навучыце правільна мець зносіны з дзіцем”.
  • “Дапамажыце растлумачыць мужу, што з боку бацькі неабходна падтрымка для маці ва ўсіх планах, не толькі фінансавая”.
  • “Як растлумачыць мужу, што бацькаўская любоў, як і мацярынская, неабходна для нармальнага развіцця дзіцяці, а адсутнасць уплыву з боку маці або таты можа прывесці да скажэння светаадчування і парушэння паводзін малыша. Ад абодвух бацькоў залежыць, якім вырасце наша дзіця”.

Гэтыя запыты і падштурхнулі мяне, педагога-псіхолага Лідскага спецыялізаванага ясляў-сада № 16 для дзяцей з парушэннямі зроку, да распрацоўкі і рэалізацыі праекта кансультатыўна-асветніцкіх сустрэч з бацькамі нашых выхаванцаў у клубе “Тата побач!”. Клуб створаны ў 2016 годзе ў рамках узаемадзеяння сям’і і спецыяльнай дашкольнай установы з мэтай павышэння прэстыжу і ролі бацькі ў грамадстве, аказання дапамогі ў захаванні і ўмацаванні сямейных каштоўнасцей, стварэння ўмоў для павышэння і рэалізацыі духоўнага, сацыяльна-псіхалагічнага, творчага патэнцыялу бацькаў, аб’яднання іх для ўзаемнай падтрымкі.

Мая работа па арганізацыі сустрэч прадугледжвае ўлік інтарэсаў бацькаў і дзяцей, адсутнасць жорсткай рэгламентацыі, варыятыўнасць, дынамічнасць і гнуткасць пры планаванні зместу сустрэч і іх правядзенні. Клуб “Тата побач!” з’яўляецца месцам, дзе ў атмасферы ўзаемапавагі, даверу і супрацоўніцтва заўсёды ёсць магчымасць яго ўдзельнікам (бацькам і дзецям) развіваць свае творчыя здольнасці, быць цікавымі адно для аднаго. У клубе ўсё падпарадкоўваецца зносінам, усе ўдзельнікі — таты і дзеці — саюзнікі, роўныя і самастойныя.

Мэта гэтых сустрэч — звярнуць увагу бацькаў на больш эфектыўныя зносіны з дзецьмі, прапанаваць выкарыстоўвац­ь ненасільныя спосабы падтрымання дысцыпліны, вучыцца быць яшчэ лепшым бацькам. Сустрэчы ў клубе “Тата побач!” доўжацца каля гадзіны і складаюцца з дзвюх частак. У першай частцы сустрэчы бацькі маюць магчымасць прагледзець прэзентацыі, відэаролікі і праслухаць інфармацыю пра ролю баць­кі ў сям’і і выхаванні дзяцей, абмеркаваць сітуацыі, абмяняцца меркаваннямі, падзяліцца ўражаннямі.

Другая частка сустрэчы ўяўляе сабой непасрэднае ўзаема­дзеянне бацькаў і дзяцей: гэта вясёлыя размінкі і практыкаванні, рухавыя гульні і эстафеты, конкурсы і сумесныя заданні, якія абавязкова суправаджаюцца музычнымі кампазіцыямі, што дапамагае эмацыянальна зблізіць усіх удзельнікаў сустрэчы.

Вопыт работы ў клубе “Тата побач!” паказвае: бацькам складана прыйсці на першую сустрэчу. На другую яны не могуць не прыйсці: таты не хочуць прапусціць магчымасць проста пабыць конікам для свайго малыша, яшчэ раз адчуць і ўба­чыць у яго вачах захапленне і зачараванне ад сумесных дзеянняў, ды і самі дзеці не дадуць татам забыць пра чарговую сустрэчу ў клубе. Абмен яркімі ўражаннямі паміж удзельнікамі дзіцяча-бацькоўскіх сустрэч, абуджэнне цікавасці баць­каў да гульняў сваіх дзяцей, атрыманне станоўчых эмоцый ад сумесна выкананай дзейнасці, развіццё творчага ўяўлення дарослых і дзяцей у працэсе гульнявога ўзаемадзеяння — усё гэта матывуе членаў клуба “Тата побач!” на новыя сустрэчы.

Лілія МІХАЛОВІЧ,
педагог-псіхолаг Лідскага спецыяльнага ясляў-сада № 16
для дзяцей з парушэннямі зроку.