Свабода і адказнасць

- 15:05Нам пішуць

1 лістапада ў сярэдняй школе № 12 Жлобіна, дзе створаны рэсурсны цэнтр “Духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”, адбыліся IV раённыя Пакроўскія адукацыйныя чытанні на тэму “Моладзь: свабода і адказнасць”. У форуме ўзялі ўдзел духавенства Гомельскай і Тураўскай епархій, прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, старшакласнікі школ горада.

Галоўная ідэя выступлення дакладчыкаў — сфарміраваць у старшакласнікаў пазіцыю, што свабода і адказнасць — два цесна звязаныя паміж сабой паняцці, што свабода не існуе без маральнай адказнасці. Тут важна скаардынаваць дзейнасць школы, сям’і і царквы. Рэалізоўваючы асноўныя правы чалавека, сістэма адукацыі імкнецца вывучаць духоўна-маральныя запыты падрастаючага пакалення, актыўна супрацоўнічаць з ім.

Разглядаючы пытанне супрацоўніцтва школы і царквы, Наталля Сяргееўна Жгірава, каардынатар па сувязях з грамадскасцю Гомельскай епархіі, адзначыла, што педагог, выхавальнік у шырокім сэнсе — узор для моладзі: “Выхаваўчы момант урока прысутнічае заўсёды. Мы прыйшлі да дзяцей, і наш вобраз ужо счытаны. І вельмі хацелася б, каб ён быў на вышыні. Таму пачынаць трэба з выхавання саміх выхавальнікаў. А для гэтага неабходна супрацоўніцтва з царквой з мэтай спасціжэння духоўных законаў”.

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі былі запрошаны на секцыі: “Праблемы фарміравання маральных каштоўнасцей у сучаснай моладзі”, “Свабода і адказнасць: у пошуках гармоніі”. Навучэнцы старшых класаў, настаўнікі, святары выказвалі свае думкі і прапаноўвалі шляхі вырашэння праблем моладзі. Гасцей цёпла сустракалі дырэктар школы Галіна Аляксандраўна Дзяцел, музычны хор школы пад кіраўніцтвам Святланы Віктараўны Новікавай, экскурсаводы музея праваслаўя.

Удзельнікі Пакроўскіх чытанняў горача абмяркоўвалі праблемы сучаснай моладзі. Нягледзячы на разнастайнасць меркаванняў, усе пагадзіліся, што свабода і адказнасць моладзі непадзельныя.

Ірына АЛЯКСЕЕНКА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 12 Жлобіна.