Сваёй вёсцы нізка пакланюся

- 11:02Нам пішуць

У вясковай школе, у класах з невялікай колькасцю вучняў свае асаблівасці правядзення выхаваўчай работы. Няхай не заўсёды ёсць магчымасць арганізаваць экскурсіі на прадпрыемствы і культурныя ўстановы абласных і раённых цэнтраў, затое тут побач жывуць цудоўныя людзі, якія ўмеюць шчыра і самааддана працаваць, весела адпачываць, шануюць свае карані і памятаюць сэнс слоў “спагада” і “талака”. У іх ёсць чаму павучыцца. Да іх заўсёды можна звярнуцца па дапамогу. Вось і адбываецца ва ўзаемадзеянні з аднавяскоўцамі, з грамадскасцю выхаванне нашых навучэнцаў.

Адна з форм выхаваўчай работы, якая прыжылася ў Ладзеніцкім дзіцячым садзе — базавай школе Навагрудскага раёна, апрабавана і прымальная ва ўмовах сельскай мясцовасці, — гэта рэпартаж “Адзін дзень з жыцця маёй вёскі”. Сэнс такога рэпартажу ў жывых зносінах паміж навучэнцамі і аднавяскоўцамі. Задача — у атрыманні інфармацыі па вызначаным кірунку, напрыклад, па тэме “Вясновыя клопаты” ці “Кола захапленняў маіх аднавяскоўцаў” або “Калі добры сам, то і людзі добрыя”, “Будучыня побач”. Дзеці задаюць простыя загадзя прадуманыя пытанні жыхарам, фатаграфуюць іх за працай, потым рыхтуюць фота- або відэасправаздачу.

Гэта цікава, бо зносіны будуюцца са знаёмымі і роднымі людзьмі. У полі і на ферме, у сельскім Доме культуры і на пошце, у бібліятэцы і ў магазіне вучні сустракаюцца з добрымі вачыма і ласкавымі ўсмешкамі аднавяскоўцаў. Яны чуюць з першых вуснаў “жывыя навіны”. Чуюць мудрыя парады жанчыны, якой давялося шмат перажыць на сваім вяку, але яна не страціла веры ў дабрыню, і дапамогуць расчысціць ёй двор. Бачаць, як чыста і светла, утульна і прыгожа ў сціплым памяшканні, калі яно з любоўю ўпрыгожана шматлікімі вышыванкамі. Пры такой форме работы ў навучэнцаў адбываецца сацыялізацыя, фарміруецца талерантнасць, развіваюцца камунікатыўныя навыкі і працавітасць, выхоўваецца павага да старэйшага пакалення, патрыятызм. Выхаваўчыя мэты, пастаўленыя педагогамі, дасягаюцца.

Каб словы не былі пустымі, яны павінны кранаць пачуцці, павінны быць падмацаваны канкрэтнымі справамі. І не трэба шукаць прыгожае і добрае далёка — яно побач. Мы павінны навучыць дзяцей бачыць, адчуваць, шанаваць і памнажаць яго. Тады нашым вучням стануць блізкімі і спраўдзяцца словы песні, што часта спявае гурт настаўнікаў Ладзеніцкай школы “Ладзея”:

Кажуць людзі, вёска вымірае,

І сюды ніхто не прыязджае.

А я мару, што сюды вярнуся,

Сваёй вёсцы нізка пакланюся.

Такія рэпартажы вучаць жыць і працаваць у родным краі, не быць абыякавым да лёсу і будучыні сваёй Бацькаўшчыны.

Галіна ЮРЭВІЧ,
класны кіраўнік 7 класа
Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.