Падчас зімовых канікул навучэнцы 2—4 класаў Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці пабывалі на экскурсіі ў горадзе Мінску.
Экскурсія пачалася з наведвання “Музея ёлачных цацак”. Экспазіцыя пабудавана па прынцыпе чароўнага лабірынта, у якім прадстаўлена калекцыя ёлачных цацак з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён. На выстаўцы былі цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі. Дзеці змаглі азнаёміцца з традыцыямі святкавання навагодніх святаў такіх экзатычных краін, як Паўночная Карэя, Іран, Конга, Перу, Руанда, Антыгуа і Барбуда, Новая Зеландыя і многіх іншых… Уразілі рарытэтныя экспанаты: дакладная копія цацкі, падоранай Папе Рымскаму Яну Паўлу ІІ і занесенай у Кнігу рэкордаў Гінеса, велізарны шкляны шар з Венскага балю і многае іншае.
Потым адправіліся ў Палац Рэспублікі, пераступіўшы парог якога, акунуліся ў свет чараўніцтва і навагодняй казкі. На першым паверсе размешчана вялікая зімовая палянка з коньмі, мішкамі і казачнымі жывёламі, возерам з мастком, горкай, Дзедам Марозам і Снягуркай. А на другім паверсе — прыгажуня ёлка. Зала, у якой яна знаходзіцца, святочна і ярка ўпрыгожана.
Само прадстаўленне пачалося побач з ёлкай. Аніматары гулялі, спявалі і танцавалі з дзецьмі. Потым нас запрасілі ў залу, дзе чакаў музычны спектакль “Формула дабра”. Дзеці сталі ўдзельнікамі займальных калядных прыгод і пераканаліся, што мара, памножаная на формулу дабра, — гэта вялікая сіла, здольная тварыць самыя неверагодныя цуды.
Разам з героямі прадстаўлення хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў пустыні, на заснежаных прасторах, даведаліся шмат новага пра таямніцы і традыцыі калядных віншаванняў, сталі сведкамі цуду — з’яўленнем чароўнага саду ў халодных снягах. Казка вельмі спадабалася!
Валянціна СЕНКАВЕЦ,
настаўніца пачатковых класаў Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.