Светам кіруе любоў

- 12:55Людзі адукацыі

Вясной мы чакаем сонца, кветак, усмешак, а 8 Сакавіка — толькі падстава нагадаць пра тое, як важна заўважаць прыгажосць і індывідуальнасць кожнай жанчыны. У нашай сістэме адукацыі працуюць разумніцы і прыгажуні, шматгранныя і самадастатковыя асобы, загадкавыя і непрадказальныя, цікавыя і апантаныя любімай справай. Дзіву даешся, як у сённяшнім імклівым свеце ім хапае часу літаральна на ўсё. Пра тое, як быць паспяховым кіраўніком вядучай установы адукацыі сталіцы, займацца грамадскай работай, мець шмат захапленняў і пры гэтым заставацца цудоўнай гаспадыняй, клапатлівай маці траіх дзяцей і каханай жонкай, мы гутарым з дырэктарам гімназіі № 10 Мінска Марынай Аляксандраўнай ІЛЬІНОЙ.

— Марына Аляксандраўна, як вы прыйшлі ў педагогіку?

— Жыццё навучыла мяне такому важнаму пастулату: “Ніколі не гавары “ніколі”. Былі такія дзве сітуацыі, калі я сказала “ніколі”, а яны ўзялі і здзейсніліся. Я гаварыла, што ніколі не буду працаваць на будоўлі, а так выпадкова здарылася, што ў будатрадзе я працавала цэлы месяц маляром. Калі вучылася ў школе (№ 31 Віцебска), гаварыла пра тое, што ніколі не буду настаўніцай. Нічога мяне не прыцягвала ў гэтай прафесіі, хаця былі педагогі, з якіх я да сённяшняга часу бяру прыклад. Аднак лёс распарадзіўся інакш — я стала працаваць з дзецьмі. Ужо дзевяць гадоў кірую ўстановамі адукацыі: спачатку ўзначаліла школу-новабудоўлю № 25 у Брылевічах, а потым і гімназію № 10. 1 красавіка будзе пяць гадоў, як я працую ў гімназіі. Гэтая работа цікавая і творчая, але вельмі складаная і адказная. Воляй лёсу здарылася пайсці ў педагогіку, і сёння прафесія мне не проста падабаецца, гэта часцінка мяне, часцінка майго жыцця. Мой жыццёвы дэвіз — “шчасце не ў тым, каб рабіць заўсёды тое, што хочаш, а ў тым, каб заўсёды хацець таго, што робіш”. Гэта важна, бо без любові да таго, што ты робіш, немагчыма ўвогуле нічога.

М.А.Ільіна — дырэктар гімназіі № 10 Мінска, старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі ГА “Беларускае педагагічнае таварыства”, член каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі, член савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. Педагагічны стаж — 25 гадоў.

— Ці складана было прыйсці ва ўстанову адукацыі, якая ўжо мела імя ў горадзе?

— Шчыра скажу, было складана, былі слёзы, роспач, бо акружалі новыя людзі, ставіліся новыя задачы. Мабыць, камітэт па адукацыі, прыняўшы рашэнне перавесці мяне сюды, бачыў, што я спраўлюся. Думаю, што за пяць гадоў мы не толькі не пагоршылі вынікі, але і зрабілі значны крок наперад. Мы часта сустракаемся з А.І.Кабаковіч, папярэднім дырэктарам гімназіі, раімся, і гэтая сувязь дазволіла мне атрымаць давер калектыву. Першая фраза, калі я прыйшла сюды, была такой: “Не будзе рэвалюцыі, але змяненні будуць, і вельмі моцныя”. Сёння нельга стаяць на месцы: цябе абгоняць за секунду. Важна і тое, што ты не можаш не развіваць тое, што запушчана. Сёння столькі новых тэхналогій, столькі жадання ў дзяцей і бацькоў развівацца, атрымліваць значна больш за стандарт, таму трэба развівацца, быць на грэбені падзей, каб падтрымліваць станоўчы імідж.

Чатыры гады назад мы пачалі рэалізоўваць праект па смарт-адукацыі, калі ў навучэнцаў з’яўляецца магчымасць не толькі асвойваць дзяржаўны кампанент, але і за кошт факультатываў, гурткоў мець дадатковую адукацыю ў ІТ-сферы. Думаю, мы будзем рухацца ў гэтым напрамку. Сёння трэба шмат працаваць з сучаснымі дзецьмі з матывацыяй да навучання. Мала даць магчымасць навучэнцам вывучыць пэўную формулу, яны павінны ведаць, дзе яе прымяніць, што рабіць з тымі ведамі, якія яны атрымаюць. Апошнія навуковыя даследаванні гавораць пра тое, што, акрамя развіцця аднаго паўшар’я, праз матэматыку, фізіку, павінна развівацца і другое паўшар’е — творчае. У нашай гімназіі ў дзяцей ёсць магчымасць займацца эстэтычным цыклам прадметаў — музыкай, мастацтвам, харэаграфіяй. І гэтая сувязь, на наш погляд, не павінна быць парушана.

— Якіх прынцыпаў вы як кіраўнік прытрымліваецеся ў рабоце?

— Ёсць некаторыя рэчы, без якіх кіраўніцтва ў нашай установе немагчыма. Важны прынцып — давер. Я давяраю сваім педагогам, сваім намеснікам, бо яны — прафесіяналы. Аднак калі ўсе малайцы, навошта тады дырэктар? Усё роўна кантроль і чалавечы фактар прысутнічаюць. Я прытрымліваюся дэмакратычнага стылю кіраўніцтва: у нас дазволена любому настаўніку ці вучню ўвайсці ў кабінет і выказаць сваю пазіцыю, задаць пэўныя пытанні.

Я — кіраўнік розны, сітуацыйны. Калі бачу, што сітуацыя канфліктная, то мне патрэбен час, каб прыняць правільнае рашэнне, бо ў мяне няма права на памылку. Часам хочацца прыняць хуткае, спантаннае рашэнне, але я навучылася лічыць да дзесяці. Нават дзесяці секунд часта хапае, каб памяняць свой пункт гледжання.Часам неабходна працэсам надаваць паскарэнне, тады праяўляю строгасць. Калі-нікалі неабходна пашкадаваць і дзіця, і настаўніка, бо бываюць розныя жыццёвыя сітуацыі. Лепш пахваліць — і ў чалавека вырастуць крылы, чым насварыцца — і ў яго ўпадзе самаацэнка. Нам не падабаецца, калі на нас сварацца. Хаця трэба азначыць, што сёння і педагогі, і дзеці пэўную крытыку, павышаны голас успрымаюць адэкватна.

— Жанчына-кіраўнік павінна валодаць асаблівым талентам? У чым сіла і слабасць жанчыны-кіраўніка?

— Думаю, кіраўнік — ёсць кіраўнік, не важна, мужчына ён ці жанчына. У яго павінен быць набор кампетэнцый і ўменне прымаць рашэнні, за якія ён нясе адказнасць. Аднак жанчына генетычна на прыродным узроўні — мама, і яна больш узважана прымае рашэнні, часта сэрцам, а не розумам. І ў гэтым яе сіла і слабасць адначасова. Маім малодшым дзецям па 13 гадоў. І многае я раблю з аглядкай на ўласных дзяцей: як гэта будзе працаваць, ці патрэбна гэта сучасным дзецям.

— Вы кіруеце пераважна жаночым калектывам? На ваш погляд, што трэба зрабіць, каб мужчыны актыўна пайшлі ў педагогіку? Як да вашага кіраўніцтва ставяцца падначаленыя мужчыны і мужчыны вашай сям’і?

— У нашым педагагічным калектыве каля 10% мужчын. І гэта добра. Мужчыны і жанчыны па-рознаму бачаць свет. Аднак скажу, што педагогіка — гэта ўсё ж жаночая прафесія. Безумоўна, хацелася б, каб у прафесію прыходзіла больш мужчын, аднак выбар іх павінен быць усвядомленым. Яны не павінны пакутаваць ад таго, што іх заработная плата не адпавядае патрэбам жонкі на пэўны камфорт. Тады не будзе ў сям’і кахання і разумення, ды і на рабоце не будзе задаволенасці ад таго, што чалавек робіць. І нам трэба берагчы тых мужчын, якія працуюць сёння побач, даваць ім задачы, якія будуць ім цікавы. Калі прыходзяць маладыя спецыялісты, важна ствараць ім умовы, каб яны засталіся на рабоце. У нашай гімназіі працуюць цудоўныя настаўнікі фізічнай культуры В.У.Маргуноў, А.В.Філіповіч, С.М.Бабаец, А.Ф.Белавус, настаўнік гісторыі Ю.Б.Савосцін, педагогі дадатковай адукацыі І.У. Шарамед (робататэхніка), В.У. і У.У.Міхновічы і інш.

Думаю, да майго кіраўніцтва аднолькава ставяцца і жанчыны, і мужчыны калектыву. З падначаленымі мужчынамі размаўляю крыху па-іншаму, чым з жанчынамі. І гэта робіцца для таго, каб падкрэсліць іх значнасць, тое, што яны вельмі патрэбны і што нам вельмі важна іх меркаванне. Дома, безумоўна, складаней. Калі-нікалі мой муж гаворыць: “Спакойна, спакойна, ты не на рабоце!” Магчыма, мне б і хацелася быць пад крылом свайго мужчыны, аднак кіраўнік не можа прыйсці дадому, выключыцца і па-іншаму сябе паводзіць. Мае мужчыны (двое сыноў і муж) спакойна рэагуюць на мае паводзіны. Бывае, маму прыпыняюць, а калі часам я не ў настроі, праяўляюць такт і цярпенне, асаблівы клопат і любоў, за што я ім вельмі ўдзячна.

— А раскажыце, калі ласка, аб жаночай частцы калектыву.

— Сёння мы з’яўляемся інавацыйнай пляцоўкай па распрацоўцы мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра па кіраўніцкай дзейнасці, задача якога — распаўсюджанне перадавога інавацыйнага вопыту. У нас няма настаўнікаў, якія не “гараць”, не працуюць творча і натхнёна. Актыўна прымаюць удзел у конкурсным руху настаўніца рускай мовы і літаратуры Т.А.Квяцінская, настаўніца пачатковых класаў В.А.Букань. Паспяхова рыхтуюць пераможцаў і прызёраў рэспубліканскііх алімпіяд настаўніца матэматыкі Г.М.Мяркулава, настаўніца англійскай мовы В.В.Шпакоўская, настаўнікі біялогіі І.Б.Суслава,Т.П.Гамянюк, настаўніца фізікі Т.Э.Шарамед. Новыя адукацыйныя тэхналогіі эфектыўна выкарыстоўваюць настаўніца пачатковых класаў Т.С.Івінская, настаўніца геаграфіі А.М.Дзергачова, настаўніца замежнай мовы В.М.Зырыўчацкая, настаўніца інфарматыкі Г.Г.Міхейчык. Больш за трыццаць гадоў працуе ва ўстанове настаўніца пачатковых класаў Я.Э.Баброва. Свой стыль выкладання склаўся ў настаўніц пачатковых класаў Ю.М.Семянковай, А.М.Грыбеннікавай. Творча працуюць настаўнікі эстэтычнага цыкла Л.А.Янковіч, Н.А.Дзядкоўская і інш.

— Марына Аляксандраўна, а як вы адпачываеце ад работы?

— У мяне вельмі шмат захапленняў. У кожны канкрэтны прамежак часу яны розныя. А бывае і некалькі захапленняў адначасова. Я не магу без творчасці. Гэта пераключэнне, без якога немагчыма. Некаторыя гавораць, што мастацкая творчасць — гэта бясплатны псіхатэрапеўт, а я скажу, што гэта дарагі псіхатэрапеўт. Я захапляюся дэкупажам і маю дастатковы прафесійны ўзровень. Два гады асвойваю старажытную тэхналогію — выраб ватных цацак, калі практычна з нічога (дроту і медыцынскай ваты) нараджаецца цацка. І калі людзі ў захапленні ад іх, разумееш, што гэта сапраўды прыгожа.

На жаль, вольнага часу ў мяне не бывае. Зараз я наведваю заняткі ў фоташколе, займаюся вывучэннем асноў фотаздымкаў. Мне падаецца, што фатографы па-іншаму глядзяць на свет. Я вельмі люблю італьянскую мову, у мяне ў тэлефоне запампавана праграма вывучэння італьянскай мовы на англійскай. Мне даводзіцца вучыць дзве мовы паралельна. Пераканана, нельга ўвесь час купацца ў тым, што ты ўмееш, і пагружацца ў адзін стан кіраўніка. Трэба развівацца, вучыцца новаму, набываць іншыя якасці.

— А якая вы гаспадыня?

— Не магу пахваліцца, што штодзённа стаю каля пліты. Хуткія стравы ў маім тэмпе самыя прымальныя. Мае дзеці навучыліся кухарыць, і мне гэта вельмі дапамагае. У нас дома ёсць традыцыя, якую нельга абысці: у нядзелю раніцай я пяку тоненькія мучныя аладкі. Гэта так аб’ядноўвае і збліжае сям’ю.

— Зусім хутка пачнецца сапраўдная вясна. Ці адчуваеце вы яе надыход? Ці яна ў вас у душы заўсёды?

— Мабыць, калі ў душы заўсёды вясна, гэта няправільна. Вясна — гэта стан пэўнага часу. Стваральнік прыдумаў мудра, каб мы праходзілі праз цыкл чатырох сезонаў. А ствараць вясну ў душы сабе мы можам у любую пару года добрым настроем, сваімі перамогамі. І гэты вясенні настрой адчуваюць нашы блізкія. Што тычыцца мяне, то я вельмі чакаю вясну. Хочацца цёплага сонейка, абуджэння прыроды, больш усмешак у адказ на тваю ўсмешку.

— Што для вас 8 Сакавіка? Якія падарункі вам дораць на гэтае свята? Які самы дзівосны прэзент вы можаце прыгадаць?

— 8 Сакавіка — гэта свята вясны, прыгажосці, абуджэння пасля зімовага сну, якое адчуваецца ўсюды. Гэтае свята перарадзілася: не за правы мы, жанчыны, змагаемся зараз, а за нашы слабасці. Я супраць фемінізму, я за тое, каб мужчыны нас ахоўвалі. Мы віншуем у калектыве адно аднаго, абменьваемся падарункамі, рыхтуем канцэртную праграму. Аднак лічу, што на гэтае свята падарункі павінны дарыць самыя блізкія людзі. Зразумела, падарункаў у жыцці было шмат. Аднойчы муж падарыў мне на 8 Сакавіка пуцёўку на адпачынак у Егіпет — дзесяць дзён незабыўнага падарожжа!

Усім маім знаёмым вельмі проста з падарункамі. Паколькі я люблю дэкаратыўна-прыкладную творчасць, то пэндзлікі, фарбы і дэкаратыўныя элементы мне заўсёды спатрэбяцца. Як любая жанчына, я з трапятаннем адношуся да кветак. Не люблю вялізных пампезных букетаў, а вось цюльпаны, гладыёлусы, астры — гэта маё.

— Вы заўсёды прыгожая, элегантная. Як вам удаецца падтрымліваць прыгажосць? Што, на ваш погляд, робіць жанчыну жанчынай?

— Жанчыну жанчынай робіць любоў. Ідэальны варыянт, калі ёсць побач другая палавінка, твая частка, якая цябе разумее і падтрымлівае, якая цябе кахае. Ты не можаш без яго і ён — без цябе. Ты разумееш, што ты — жанчына, ты патрэбна дома. Гэта любоў да тваіх дзяцей і іх да цябе, бо прызначэнне жанчыны — працяг роду. Ты разумееш, што ў цябе павінна быць любоў да сябе. Калі чалавек не любіць сябе, ён ніколі не палюбіць іншага. Каб добра выглядаць, я пайшла на фітнес і зараз займаюся з асабістым трэнерам. Пераканана, што калі ты выпраменьваеш святло, цяпло, радасць ад таго, што ты жывеш, робіш, то і людзі ўспрымаюць цябе станоўча.

— Напярэдадні 8 Сакавіка што б вы пажадалі сваім калегам?

— Светам кіруе любоў. Калі чалавек будзе прытрымлівацца такіх пастулатаў, як “любі тых, хто цябе акружае”, “любі сваю работу”, “любі сябе”, то ўсё ў яго жыцці будзе складвацца. Марце, бо мары збываюцца! Будуйце грандыёзныя планы, няхай яны ўвасабляюцца ў жыццё! Толькі людзі, якія будуюць планы, могуць ісці наперад. Не стойце на адным месцы, развівайцеся! Няхай вас радуе ўсё тое, што вы робіце!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.