Свята біятлона з працягам

- 10:55Спартыўныя падзеі

У нядзелю завяршыўся фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. На працягу двух дзён 168 юных страляючых лыжнікаў, якія не вучацца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах, змагаліся за медалі і кубкі на лыжні Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”.

Сёлетні “Снежны снайпер” адкрыў вялікую біятлонную праграму, сапраўднае свята біятлона, якое будзе доўжыцца ў “Раўбічах” на працягу месяца. Так, ужо ў панядзелак, 18 лютага, пройдзе Гонка легенд, на якой нашы славутыя алімпійскія чэмпіёнкі Дар’я Домрачава і Надзея Скар­дзіна развітаюцца з вялікім спортам. Наступны этап біятлоннага свята — чэмпіянат Еўропы, а далей нас чакае Кубак федэрацыі. Але ўсё гэта наперадзе, а пакуль што сотні балельшчыкаў на трыбунах і тысячы балельшчыкаў (родныя юных біятланістаў, іх настаўнікі, сябры, аднакласнікі) у розных куточках краіны ўважліва сачылі за падзеямі на гарачай раўбіцкай лыжні дзякуючы аператыўнай рабоце СМІ. Напружа­насць эмоцый была як у прафесійным спорце. І радасць перамог, і крыўда ад промахаў на агнявым рубяжы былі шчырыя, непадкупныя.

Як адзначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў спаборніцтваў старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнк­а, у гэтым годзе “Снежны снайпер” адкрывае вялікую біятлонную праграму ў Раўбічах, у якой юныя біятланісты стануць непасрэднымі ўдзельнікамі. Услед за імі на стадыёне бу­дуць высту­паць алімпійскія чэмпіёны і чэмпіёны свету. Усе яны пачыналі свой доўгі і складаны шлях да спартыўных вяршынь з юнацкага біятлона. Удзельнікам “Снежнага снайпера” таксама даецца магчымасць прайсці гэты шлях, які стане зыходнай кропкай у іх спартыўнай кар’еры. Каб дасягнуць гэтых вяршынь, хлопчыкам і дзяўчынкам трэба развіваць якасці і ўменні, што дазволяць быць паспяховымі.

Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Беларуская федэрацыя біятлона, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў (сумесна з Мінскім гарвыканкамам і Мінскім аблвыканкамам выступаюць арганізатарамі “Снежнага снайпера”) рэгулярна аказ­ваюць падтрымку ў развіцці дзіцячага і юнацкага біятлона, таму кожны год спаборніцтвы сярод юных страляючых лыжнікаў праводзяцца на высокім узроўні. Гэта тычыцца не толькі фінальнага, але і папярэдніх этапаў спаборніцтваў (як школьных, так і раённых, абласных). Ня­дзіўна, што павышаецца і якасць падрыхтоўкі хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама колькасць удзельнікаў. Так, у гэтым годзе на старты толькі раённых этапаў выйшла больш за 20 тысяч дзяцей і падлеткаў. Поспех біятлона сярод школьнікаў заключаецца яшчэ і ў папулярызацыі гэтага відовішчнага віду спорту на дзяржаўным узроўні.

“Снежны снайпер” — першая прыступка на шляху да прафесійнага спорту. Напрыклад, прызёр мінулагодніх спаборніцтваў Ула­дзіслаў Гаўдзіс з каманды Брэсцкай вобласці быў залічаны ў эксперыментальную групу Наваполацкага дзяржаўнага вучылі­шча алімпійскага рэзерву і ў гэтым го­дзе атрымаў перамогу на этапе Кубка федэрацыі сярод навучэнцаў спецыялізаваных устаноў. За выступленнем юных біятланістаў кожны год уважліва сочаць прадстаўнікі Беларускай федэрацыі біятлона. Напрыклад, у мінулым годзе па выніках спаборніцтваў 54 хлопчыкі і дзяўчынкі прайшлі тэсціраванне і 4 з іх былі залічаны ў спецыялізаваныя біятлонныя школы. Падобныя шансы ёсць, безумоўна, і ў сёлетніх удзельнікаў “Снежнага снайпера”. Перамогі, шлях у прафесійны спорт — гэта, канечне, выдатна, аднак самае галоўнае, каб падчас спаборніцтваў юныя біятланісты акунуліся ў атмасферу спартыўнага свята, далучыліся да здаровага ладу жыцця і на сабе адчулі, наколькі гэта цудоўна — займацца спортам, дасягаць спартыўных вяршынь.

Шлях да фіналу “Снежнага снайпера” быў няпросты. Навучэнцам, якіх падзялілі на тры ўзроста­выя групы (11—12, 13—14 і 15—16 гадоў), неабходна было прайсці чатыры этапы адбору і ўвайсці ў склад каманды з 24 шчасліўчыкаў, якім выпаў гонар прадстаўляць у фінале родную вобласць (Мінск) падчас спрынтарскай гонкі (праводзілася ў першы дзень спаборніцтваў, 8 лютага, свабодным стылем з двума агнявымі рубяжамі) і змешанай эстафеты 10 лютага (2 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі, кожны з якіх пера­адольвае тры кругі са стральбой на двух агнявых рубяжах).

Лепшымі ў спрынтарскай гонцы на 1,8 км сярод дзяўчынак малодшай узроставай групы сталі Святлана Піскун з сярэдняй школы № 7 Навагрудка і Раман Лучанок з сярэдняй школы № 126 Мінска. У спрынце сярэдняй узроставай групы (2,4 км) перамогу святкавалі Настасся Папова з гімназіі № 22 Мінска і Ягор Чаркасаў з Барсукоўскай базавай школы Клімавіцкага раёна. У спрынце на дыстанцыі 3,0 км старшай узроставай групы лепшы вынік паказалі Марыя Гнедчык з сярэдняй школы № 85 Мінска і Глеб Блізнякоў з сярэдняй школы № 1 Круглага. У змешанай эстафеце ва ўсіх узроставых групах лепшы вынік прадэманстравала каманда Мінска.

— Надзвычай прыемна бачыць гэтыя маладыя, юныя, поўныя энергіі, сіл і прагі да перамог твары. Ваш спартыўны шлях ужо пачаўся. Жадаю яркага працягу вашых спартыўных трэніровак і выступленняў. Не бойцеся ставіць перад сабой вялікія мэты і самааддана працаваць на трэніроўках, бо гэта тое, што дапаможа вам у іх дасягненні. Балельшчыкам дзякуй за цудоўную атмасферу на трыбунах, — адзначыла падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання прызёраў “Снежнага снайпера” чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава.

Чакаем наступнага “Снежнага снайпера” і пры гэтым не забываем, што сёлетняе свята біятлона ў Раўбічах працягваецца. Ужо ў панядзелак — Гонка легенд.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота БелТА.