Свята для дзяцей, бацькоў, педагогаў

- 11:23Навіны рэгіёнаў

У апошні час па краіне намецілася станоўчая тэндэнцыя павелічэння нараджальнасці. Не выключэнне ў гэтым плане і Шклоўшчына. Аднак дашкольных устаноў у райцэнтры не так многа, таму ўладкаванне малога ў дзіцячы сад часта становіцца сапраўднай складанасцю для бацькоў. Кіраўніцтва мясцовай сістэмы адукацыі пастаянна шукае шляхі павелічэння колькасці месцаў на атрыманне дашкольнай адукацыі. Адным з іх з’яўляецца стварэнне дадатковых вучэбных груп пры ўжо дзеючых установах. Нядаўна такая група ўрачыста адкрылася ў яслях-садзе № 2 горада.

Новая група размясцілася ў памяшканнях, якія выкарыстоўваліся не зусім па прызначэнні. Раней колькасць выхаванцаў была не такой вялікай і там размяшчаўся раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Але зараз, калі маленькіх шклаўчан стала істотна больш, патрэба ў гэтых плошчах у яслях-садзе ўзнікла зноў.

Каб ператварыць памяшканні ў паўнавартасную вучэбную групу, прыйшлося папрацаваць. Касметычны рамонт расцягнуўся амаль на тры месяцы. На ўсе работы, а таксама закупку неабходнага абсталявання і мэблі было затрачана звыш 65 тысяч рублёў.

— Сродкі немалыя, але яны дазволілі стварыць належныя ўмовы для паўнавартаснага развіцця дзяцей. Дарэчы, наведваць групу будуць 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, — паведаміла загадчык ясляў-сада Людміла Курачкіна.

У дзень урачыстага адкрыцця новай групы павіншаваць малых з нагоды наваселля прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Рагавы, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Васіль Малалеткін і іншыя ганаровыя госці. У якасці падарунка выхаванцам і педагогам быў уручаны грашовы сертыфікат на набыццё неабходнага гульнявога інвентару. Урачыстасць адзначылася шматлікімі віншаваннямі, песнямі, танцамі і гульнямі, што дазволіла ёй стаць сапраўднай радаснай падзеяй як для дзяцей, так і для бацькоў, педагогаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.