Свята для мужчын

- 16:35Нам пішуць

У Гарадзечанскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці адбыўся ўрачысты ранішнік, прысвечаны Дню Абаронца Айчыны. Ужо зранку можна было заўважыць, што ў школе свята: хлапчукі ў белых кашулях, а дзяўчынкі з вялікімі бантамі.

У фае размяшчаліся фотавыстава “Мой тата — мой гонар” і выстава вершаў і сачыненняў “Я ганаруся сваім татам”.

На ранішнік былі запрошаны бацькі. Адкрылі яго дзяўчынкі з 4-5 класаў, яны прадставілі танец. Вучні 6 класа праспявалі жартоўныя частушкі. Цікавым момантамі былі гульні сярод моцнай паловы школы “Хто хутчэй”, “Убач слова”, “Аддай загад”. Не абышлі стараной і педагогаў-мужчын установы. Кожнаму з іх былі прысвечаны вершы, аўтарамі якіх былі дзяўчынкі з 11 класа. Завяршыўся ранішнік праглядам відэароліка “Не гуляйце, дарослыя, у вайну”, які быў зняты вучнямі школы.

Пасля ранішніка вучні 8 класа разам з педагогам-арганізатарам А.Л.Бахарэвіч усклалі кветкі да помніка-абеліска загінуўшым воінам у Гарадзечне.

На працягу дня былі арганізаваны экскурсіі вучняў установы ў школьны музей, дзе кіраўніком В.А.Аляшкевіч былі падрыхтаваны экспазіцыя і матэрыял “Гераізм маіх продкаў.”

Дзякуючы такім святам мы яшчэ раз аддаём даніну павагі і падзякі тым, хто мужна абараняў родную зямлю ад захопнікаў, а таксама тым, хто ў мірны час нясе нялёгкую і адказную службу.

Алена ІГНАТОВІЧ,
бібліятэкар Гарадзечанскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Навагрудскага раёна.