Свята для ўсяго горада

- 10:39Спартыўныя падзеі

Пяты раз сталіца прыняла беларускіх і замежных бегуноў на Мінскім паўмарафоне. Сёлета на яго з’ехаліся каля 40 тысяч чалавек з 68 краін свету! Сярод іх былі і прафесійныя спартсмены, і аматары бегу. На некалькі гадзін 15 верасня цэнтр горада ператварыўся ў адну вялікую, поўную радасці плыню. Традыцыйна ўдзельнікі паўмарафону беглі тры дыстанцыі: 21,097 км, 10,5 км і 5,5 км.

Першымі ў 9 раніцы на старт выйшлі тыя, што збіраўся пераадолець самы вялікі кіламетраж. Ніна Савіна з Беларусі пабіла рэкорд Мінскага паўмарафону і прыбегла на фініш праз 1 гадзіну 11,24 мінуты. Перамогу сярод мужчын заваяваў Бярхан Хідру Афяверкі з Эрытрэі, ён адолеў усю дыстанцыю за 1 гадзіну 4,7 мінуты. На дыстанцыі 10,5 км перамаглі гродзенцы Ірына Сомава (37,51 мін) і Арцём Логіш (32,37 мін).

Самым масавым атрымаўся забег на 5,5 км. На старце сабралася каля 25 тысяч чалавек. Многія знакамітыя беларусы выбралі для сябе менавіта гэтую дыстанцыю. Напрыклад, “Міс Беларусь — 2018” Марыя Васілевіч, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі і інш. Было і шмат прадстаўнікоў галіны адукацыі. Вялікімі камандамі беглі выкладчыкі і студэнты, рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і інш.

Традыцыйна ўдзельнічалі ў забегу і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Дыстанцыю пера­адолелі першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Эдуард Тамільчык і намеснік начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Герман Артамонаў.

“У гэтым годзе ў забегу бярэ ўдзел больш за 30 устаноў вышэйшай адукацыі, летась было ўсяго 22, таму сёння ўстаноўлены рэкорд. І колькасц­ь удзельні­каў павялічылася: калі ў мінулым годзе было каля 7 тысяч чалавек, то ў гэтым ужо амаль 9, — расказвае намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Уладзімір Антончык. — Наша ўстанова таксама традыцыйна прымае ўдзел у паўмарафоне, таму што гэта, у першую чаргу, папулярызуе здаровы лад жыцця. А яшчэ прыемна пасля працоўных дзён зняць напружанне. Нездарма кажуць, што фізічная нагрузка дапамагае вырашыць усе праблемы ў жыцці”.

Першай на дыстанцыі 5,5 км фінішавала Настасся Дашкевіч (19,05 мін). Сярод мужчын перамог Дзмітрый Граматоўскі, які справіўся за 16,42 мінуты. На працягу дыстанцыі бегуноў добрымі словамі і апладысментамі падтрымлівалі шматлікія валанцёры, гледачы, некаторыя лю­дзі забіраліся вышэй (напрыклад, на адкрытую пляцоўку гандлёвага цэнтра), каб убачыць маштаб мерапрыемства.

“Гэта свята для ўсяго горада, яго жыхароў, навучэнцаў, студэнтаў, — гаворыць валанцёр старшы выкладчык БДУ Софія Запольская. — Тут уся Беларусь даказвае, што мы — за здаровы лад жыцця!”

Акрамя трох асноўных забегаў былі яшчэ два. Дабрачынны забег #ДзеціДзецям, арганізаваны ЮНІСЕФ і мабільным аператарам МТС, сабраў дзяцей і падлеткаў 3—15 гадоў. Для іх была падрыхтавана дыстанцыя на 500 м і спецыяльныя “медалі чэмпіёна”. Атрыманыя грошы пойдуць на рэалізацыю праекта “Сям’я кожнаму дзіцяці”. Таксама падчас Мінскага паўмарафону прайшоў эказабег. Яго фінішам сталі кропкі для піцця, дзе валанцёры збіралі раскіданыя пластыкавыя бутэлькі і інш. Так наша краіна паказала, што далучаецца да міжнароднай экалагічнай акцыі WorldCleanUp, якая адбудзецца 21 верасня.

Мінскі паўмарафон расце з кожным годам, і гэта тычыцца не толькі колькасці ўдзельнікаў. У гэтым годзе міжнародная лёгкаатлетычная асацыяцыя дала яму сярэбраны лэйбл. Цяпер словы пра тое, што сталічны паўмарафон арганізаваны на высокім узроўні, не проста меркаванне, а сусветна прызнаны факт.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.