Колькі яркіх і незабыўных уражанняў пакінула кожнае мерапрыемства ў рамках праекта “Ад вытокаў у будучыню”: Каляды, Масленіца, Саракі, Гуканне вясны, Камаедзіца, Сёмуха, Абліваха, Багач…
На гэты раз педагогі Полаччыны, якія актыўна працуюць у кірунку адраджэння і захавання нацыянальных культурных традыцый і абрадаў беларусаў, сабраліся разам… за мяжой. Справа ў тым, што нам пашчасціла трапіць на грандыёзнае свята-фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, арганізаванае ў старажытным латвійскім горадзе супрацоўнікамі Цэнтра беларускай культуры і членамі культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.
Шчыра і гасцінна сустрэлі нас замежныя суседзі. Першы прыпынак быў зроблены ў Краславе. Там для нас правялі пазнавальную экскурсію на тэрыторыі замкавага комплексу графаў Плятэраў. Потым быў Даўгаўпілс… Два дні плённай працы: знаёмства з цікавымі людзьмі, дзелавыя сустрэчы на канферэнцыі, абмен вопытам, наладжванне новых сувязей і сяброўскіх адносін. Для аматараў беларускай культуры былі арганізаваны мерапрыемствы на любы густ: выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы, танцавальная пляцоўка і нават інтэрактыўная пляцоўка беларускай нацыянальнай кухні, разнастайныя акцыі. А колькі там, у Латвіі, неабыякавых да беларускай нацыянальнай спадчыны людзей! Сэрца перапаўняла вялікае пачуццё радасці за тое, што тут, за мяжой, гучыць твая родная мова, ліецца жыватворнай крыніцай беларуская песня, вітае беларускі дух…
Вечарам на вялікай сцэне даўгаўпілскага Палаца культуры распачаўся фестывальны канцэрт. Там разгарнулася не проста тэатральна-музычная дзея — гэта было сапраўднае свята ўраджаю! Я адчувала вялікі гонар за сваіх землякоў-беларусаў, якіх прымалі з непадробнай цікавасцю. Сёлета ў Латвію прыехалі калектывы з Зэльвы (ансамбль “Калаж”), яркі дуэт дзяўчат з Мёраў. Асабліва шчыра віталі нашых юных беларусаў з Палаты. Дарэчы, ансамбль “Знічка” ўжо не першы раз уражвае мясцовую публіку і гасцей на кірмашы (на гэты раз нашы палатоўскія музыкі выступалі нават на канферэнцыі). Яркімі і самабытнымі былі калектывы з Латвіі: “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Завіруха”, “Сузор’е”… Вельмі добрыя ўражанні пакінуў эстонскі ансамбль “Дзяўчаты” пад кіраўніцтвам Ніны Пэрн. Мілагучныя беларускія словы з вуснаў юных прыгажунь ліліся з нейкай асабліва пяшчотнай інтанацыяй, з эстонскім акцэнтам, што надавала выступленню яшчэ большую замілаванасць і непасрэднасць. Святочная атмасфера не пакідала ўдзельнікаў фестывалю і на другі дзень. Тры нашы беларускія калектывы і эстонская група ў суправаджэнні арганізатараў свята адправіліся ў Даўгаўпілскі тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання пенсіянераў. Я таксама далучылася да дабрачыннай акцыі і разам са сваімі землякамі падзялілася сваім цяплом душы з тымі людзьмі, якім так неабходна наша ўвага, наша шчырая ўсмешка, іскарка той радасці, якая можа запаліць агеньчык святла ў звычайнай будзённасці жыцця і падарыць надзею.
Паездка ў Латвію падарыла мне надзею, што наша агульная пачэсная справа будзе працягвацца і далей. Проста здзіўляе, як фестываль за такі кароткі час аб’яднаў столькіх людзей, столькіх аднадумцаў, прыхільнікаў нацыянальных традыцый, нацыянальнай культуры. І няважна, куды закінуў цябе лёс, на якой зямлі ты жывеш, — спасцігаць свае карані, захоўваць гістарычную і культурную спадчыну сваёй краіны, свайго народа было і застаецца жыццёвай неабходнасцю для кожнага сумленнага чалавека.
Іна МАРОЗ,
кіраўнік этнаграфічнага музея “Беларуская хатка”
ясляў-сада — базавай школы №11 Полацка.