Свята ліку Пі

- 9:20Кампетэнтна

14 сакавіка ў свеце адзначаецца адно з незвычайных свят для матэматыкаў, фізікаў і ўсіх аматараў дакладных навук — Міжнародны дзень ліку Пі.

Упершыню адзначаць гэты дзень пачалі ў 1988 го­дзе. Сваім з’яўленнем свята абавязана фізіку з Сан-Францыска Лары Шоу. Ён звярнуў увагу, што напісанне даты 14 сакавіка (3/14) супадае з першымі лічбамі ліку Пі.

Лік Пі — гэта матэматычная канстанта, роўная адносінам даўжыні акружнасці да яе дыяметра. У штодзённых вылічэннях мы карыстаемся спрошчаным напісаннем ліку Пі, у якім звычайна толькі дзве лічбы пасля коскі. Зараз навукоўцам вядома больш за мільён лічбаў, якія складаюць гэты лік.

Унікальнасць ліку Пі ў тым, што лічбы пасля коскі не паддаюцца ніякай логіцы. Гэта сапраўднае ўвасабленне хаосу. Можа быць, у гэтым і ёсць магія і прывабнасць ліку Пі.

Навукоўцы і аматары адзначаюць свята ліку Пі фізіка-матэматычнымі кулінарнымі шэдэўрамі (пякуць пірагі і пірожныя з выявай ліку), а таксама бавяць час за рознымі конкурсамі і віктарынамі. І ў нашай сярэдняй школе № 20 Барысава настаўнікі фізікі, матэматыкі і інфарматыкі таксама вырашылі адзначыць гэты незвычайны дзень. Аб’яднаўшыся і запусціўшы маштабны праект “Свята ліку Пі”, мы запрасілі навучэнцаў у дзіўны свет навукі. Мэта — паглыбіць іх веды і праз эксперыменты, а таксама рашэнне рэальных практычных заданняў захапіць вывучэннем дакладных навук.

Праект доўжыўся некалькі тыдняў. На першым, пад­рыхтоўчым, этапе навучэнцы аб’ядналіся ў каманды, а настаўнікі падрыхтавалі даследчыя заданні па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. Ва ўсіх заданнях фокус быў на ліку Пі.

Старт праекта быў дадзены ва ўрачыстай атмасферы: вучні даведаліся цікавыя факты пра лік Пі і свята, якое прыдумана зусім нядаўна. За кожнай камандай замацавалі настаўніка-ментара, які суправаджаў яе на працягу ўсяго праекта.

На кожны вучэбны прадмет выдзяляўся цэлы ты­дзень. Каб выканаць заданні па матэматыцы, дзеці разлічвалі колькасць матэрыялу для вырабу лялек-неваляшак; высвятлялі, піцу якога дыяметра выгадней купіць, падлічвалі памеры планет і г.д. Заданні па інфарматыцы ўключалі напісанне праграм на мове Паскаль, работу з электроннымі табліцамі, прэзентацыямі і інш. Кожнае заданне па фізіцы ўключала абавязковую эксперыментальную частку. Дзеці з настаўнікамі сустракаліся, праводзілі і апісвалі доследы, рабілі высновы і афармлялі вынікі эксперыментаў. Вядома, ва ўсіх доследах прысутнічаў лік Пі. Як жа без яго?.. Па выніках каманды падрыхтавалі справаздачу аб праведзенай рабоце.

Дзеці падзяліліся сваімі ўражаннямі аб праекце. Многія прызналіся, што па-іншаму ўбачылі школьныя прадметы, іх зацікавіла практычнае прымяненне многіх задач, было класна працаваць у камандзе. Калі ўзнікалі цяжкасці, то настаўнік падтрымліваў, і гэта дапамагала ісці далей. Усе гаварылі: пабольш бы такіх праектаў…

Для мяне асабліва каштоўнае тое, што я ўбачыла дзяцей і настаўнікаў не адно насупраць аднаго, а разам. Гэта быў рух у адным кірунку, у супрацоўніцтве, у радасці ад узаемаадносін і атрыманых ведаў. Мы зрабілі выдатны між­дысцыплінарны праект! Прадметныя ніткі перасякаюцца ў ім, уплятаюцца адна ў адну. Гэта захапляе і дазваляе па-іншаму паглядзець на школьныя прадметы, дае штуршок да дзеяння.

У наступным годзе абавязкова запусцім падобны праект. А тэма?.. Тэма можа быць любой, важна аб’яднаць навукі, паказаць іх узаемадзеянне, практычнае прымяненне і прыгажосць.

Ірына АДАМОВІЧ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 20 Барысава, настаўнік-метадыст.