Святлана ГЕДЗЯРЫМ: “Кожны ўрок трэба пражываць…”

- 11:31Рознае, Суразмоўца

На мінскім гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока — 2016” дыпломам І ступені ўзнагароджана настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 35 Мінска Святлана Васільеўна Гедзярым. Педагог 19 гадоў прывівае дзецям любоў да роднага слова, выхоўвае патрыётаў нашай краіны, паспяхова рыхтуе навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, інтэрнэт-спаборніцтвах. Аб сучасным уроку, праблемах, што хвалююць сёння настаўнікаў- філолагаў, спосабах фарміравання чытацкай кампетэнтнасці школьнікаў наш карэспандэнт гутарыць са С.В.ГЕДЗЯРЫМ.

— Святлана Васільеўна, чаму вы выбралі педагагічную прафесію? Чаму сталі менавіта настаўніцай беларускай мовы і літаратуры?

— Лічу, што настаўніка стварае настаўнік — яркая, моцная, адметная асоба. Мне пашанцавала: у маім жыцці было шмат добрых настаўнікаў. А той асобай, якая паўплывала на мой прафесійны лёс, стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры нашай установы адукацыі (у мінулым сярэдняй школы № 52) Лілія Нічыпараўна Казлоўская. Менавіта яна скіравала, натхніла, прывіла любоў да мовы, адкрыла таямніцы роднай літаратуры. Да яе ўрокаў я рыхтавалася з вялікім натхненнем, бо педагог творча падыходзіла да іх правядзення. Памятаю, што першы свой дыплом я атрымала менавіта на конкурсе чытальнікаў за выразнае чытанне санета М.Багдановіча “Зорка Венера”. Для мяне гэта было вельмі важна, і, мабыць, ужо тады мой лёс быў вызначаны. Лілія Нічыпараўна — строгая, патрабавальная, натхнёная — вучыла нас вучыцца, чытаць, думаць. І зараз я гэтаму вучу сваіх вучняў.

— Якія прынцыпы ляжаць у аснове вашай педагагічнай дзейнасці?

— “Шмат чаму я навучыўся ў сваіх настаўнікаў, яшчэ больш — у сваіх таварышаў, а больш за ўсё — у сваіх вучняў”, — для мяне кожнае слова ў гэтым выразе з Талмуда вельмі значнае, бо адсюль вынікаюць і прынцыпы работы з дзецьмі. У першую чаргу гэта прынцып супрацоўніцтва, партнёрства, узаемадзеяння. Тут маецца на ўвазе супрацоўніцтва ва ўсіх кірунках “настаўнік — вучань”, “настаўнік — настаўнік”, “настаўнік — бацькі”, “вучань — вучань”. Калі, напрыклад, узяць наш педагагічны калектыў, то ў ім я адчуваю вельмі моцную падтрымку. Цяжка ўявіць, што хто-небудзь з педагогаў гімназіі, напрыклад, застаўся ў цяжкім становішчы адзін, сам-насам са сваімі праблемамі, не знайшоў адказы на тыя ці іншыя пытанні. І радасці, і няўдачы перажываюцца разам з калегамі. Гэта вельмі прыемна. Падтрымка адчуваецца і на ўзроўні адміністрацыі. Вельмі цесна мы працуем з намеснікам дырэктара Валянцінай Рыгораўнай Петрыкевіч. Яна для нас, настаўнікаў-філолагаў, з’яўляецца ўзорам, заўсёды падтрымлівае, натхняе, дае слушныя парады. Супрацоўніцтва рэалізоўваецца і ў падтрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд. У нашай гімназіі 4 настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Мы размеркавалі свае абавязкі: хтосьці рыхтуе дзяцей да вуснага выказвання, хтосьці — да комплекснай работы, хтосьці — да напісання водгуку. У выніку кожны ўносіць свой уклад у падрыхтоўку алімпіядніка.

Прынцып калектывізму я прымяняю, арганізоўваючы парную, групавую работу са сваімі навучэнцамі. Такая дзейнасць сацыялізуе гімназістаў. Рыхтуючыся да ўрока, улічваю магчымасці і здольнасці кожнага дзіцяці. Імкнуся, каб вучні больш працавалі самастойна, даю ім свабоду выбару. Напрыканцы ўрока мы абавязкова ствараем пэўны прадукт (табліцу, схему, кластар і інш.), абараняем яго, часта спрачаемся, агульнымі намаганнямі прыходзім да ісціны. І вельмі важна, каб дзеці самі заўважылі вынікі сваёй работы, змаглі патлумачыць, чаму ў іх штосьці атрымалася, а чаму — не. І калі ты бачыш, што выхаванцы засвоілі вучэбны матэрыял, што яны ў ім добра арыентуюцца, то атрымліваеш асалоду ад самога працэсу навучання. Тут, дарэчы, рэалізоўваецца прынцып зваротнай сувязі. Думаю, усё гэта дае плён і спрыяе развіццю творчай асобы навучэнца.

— Святлана Васільеўна, якім, на вашу думку, павінен быць сучасны ўрок? У чым перадумова яго паспяховасці?

— Сучасны ўрок. Які ён? Пазітыўны, дынамічны, творчы, практыка-арыентаваны, з выкарыстаннем сучасных сродкаў навучання і інфармацыйных тэхналогій. Для таго каб урок быў прадукцыйным, да яго, безумоўна, трэба рыхтавацца, сур’ёзна і адказна. Я ніколі не карыстаюся гатовымі планамі-канспектамі ўрокаў, хаця і шмат чытаю метадычнай літаратуры, у якой можна знайсці штосьці карыснае і цікавае. Лічу, што кожны ўрок трэба “пражываць”, адчуць, зразумець, падрыхтаваць матэрыял так, каб менавіта гэтыя дзеці гэтага класа яго зразумелі. Я добра засвоіла, што дзяцей не падманеш, яны адчуваюць, калі настаўнік прыйшоў фармальна штосьці прачытаць, а калі жадае падзяліцца з імі ўласным жыццёвым вопытам. Пры падрыхтоўцы стараюся прадбачыць розныя варыянты правядзення ўрока, бо, які б ні быў настрой класа, падрыхтаванасць яго вучняў, урок павінен дасягнуць сваёй мэты, завяршыцца плённа. Таму імкнуся кожны ўрок “пражываць”. Тады вучні абавязкова будуць нас чуць, і мы будзем бачыць зваротную сувязь.

— На конкурсе “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока — 2016” вы праводзілі інтэграваны ўрок і дзяліліся сваімі думкамі наконт яго падрыхтоўкі і правядзення. Якім вам бачыцца ідэальны інтэграваны ўрок? Як часта вы праводзіце такія ўрокі?

— Інтэграваныя ўрокі я праводжу не часта, бо гэта немагчыма па шэрагу прычын, адна з якіх — несупадзенне тэм у вучэбных праграмах. Праўда, мне як настаўніку-філолагу лягчэй інтэграваць мову з літаратурай. Любы літаратурны твор — падмурак для таго, каб вывучыць, паўтарыць тыпы, стылі тэкстаў, стылі маўлення. На ўроку беларускай літаратуры і без інтэграцыі з гісторыяй немагчыма, але вельмі цяжка выкладаць літаратуру, у якой закладзена гістарычная аснова, што яшчэ не вывучалася дзецьмі.

Ідэальны інтэграваны ўрок — урок, на якім за 45 хвілін дзеці атрымліваюць трывалыя веды па двух вучэбных прадметах. Так, дарэчы, выйшла на інтэграваным уроку па беларускай мове і біялогіі ў 6 класе “У слове родным, беларускім, прыроды зменная душа”, які я праводзіла са сваёй калегай Аленай Аляксандраўнай Бычанок на конкурсе “Акадэмія ўрока”. Па беларускай мове мы разглядалі тыпы маўлення, а па біялогіі — сезонныя змены лясной экасістэмы. І тая, і другая тэма вывучаецца ў шостым класе, але ў падручніку па беларускай мове на гэтыя тэмы даецца тры гадзіны, і размеркаваны яны па раздзелах і па часе. На аснове тэкстаў па біялогіі навучэнцы паўтарылі тыпы маўлення: разважанне, апавяданне, апісанне. Канчатковымі прадуктамі іх дзейнасці па біялогіі стала структурна-лагічная схема, па беларускай мове — табліца. Лічу, што мэты ўрока былі дасягнуты. У нас атрымалася творчае партнёрства. Мы самі атрымалі асалоду і задавальненне, і вучням было сапраўды цікава. Усё гэта натхніла на новыя інтэграваныя ўрокі.

— Якія праблемы настаўнікаў-славеснікаў, на ваш погляд, сёння найбольш актуальныя?

— Мае калегі, настаўнікі-беларусазнаўцы, пагодзяцца, што ў вучэбнай праграме вельмі мала гадзін на вывучэнне беларускай мовы. Адной гадзіны ў тыдзень у старшых класах недастаткова. Акрамя таго, хацелася б, каб у падручніках па беларускай мове было больш дыдактычнага матэрыялу, тэкстаў, сказаў, арыентаваных менавіта на сучаснасць.

Адна з важных праблем сёння — гэта падзенне чытацкай граматнасці навучэнцаў. Вучні ва ўмовах прагрэсу, хуткага развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій асабліва не жадаюць чытаць. Ім хочацца як мага хутчэй прачытаць тое, што зададзена на ўроку, яны шукаюць скарочаныя варыянты твораў. Гэтую праблему фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў я імкнуся вырашаць.

— Якім чынам?

— У мэтах развіцця чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у гімназіі працуе літаратурны клуб “Спадчына”, у межах якога вучні спрабуюць свае сілы ў вершаскладанні, на базе гімназіі праводзяцца адкрытыя раённыя чытанні. Сёлета яны прайшлі ўжо другі раз пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі спорту і турызму Кастрычніцкага раёна Мінска. Гэтыя чытанні былі прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча і праводзіліся дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры, развіцця чытацкіх здольнасцей школьнікаў. Сярод задач гэтага мерапрыемства — далучаць вучняў да айчыннай мастацкай славеснасці ў кантэксце сусветнай, развіваць здольнасці да эстэтычнага ўспрымання і ацэнкі з’яў літаратуры, фарміраваць навыкі самастойнага чытання, мастацкі і эстэтычны густ праз аналіз твораў У.Караткевіча, тым самым выхоўваючы пачуццё патрыятызму.

Старшынёй журы традыцыйна з’яўляецца Аліна Антонаўна Легастаева, паэт, член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь. Яе кампетэнтнасць, прафесіяналізм, пісьменніцкае майстэрства і проста душэўная шчырасць вельмі ўразілі прысутных і пакінулі самыя лепшыя ўспаміны.

На чытаннях прысутнічалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў Партызанскага, Савецкага, Фрунзенскага, Маскоўскага, Першамайскага раёнаў Мінска.

Усе ўдзельнікі літаратурных чытанняў падкрэслілі неабходнасць правядзення такіх сустрэч, важнасць падобных мерапрыемстваў. Сустрэчу працягнула літаратурная гасцёўня. Паэтэса А.А.Легастаева прадставіла слухачам новыя і ўжо добра вядомыя вершы ў сваім выкананні. Цеплыня і шчырасць беларускай мовы глыбока кранулі сэрца кожнага. Па выніках мерапрыемства было прапанавана правесці ў наступным годзе гарадскія адкрытыя чытанні.

Калі гаварыць пра ўрокі, то я пераканана, што навучыць чытаць можна, працуючы з тэкстамі рознай тэматыкі, розных стыляў і тыпаў маўлення. Падбіраю такія тэксты, з іх можна пачарпнуць шмат інфармацыі. Напрыклад, на вышэйзгаданым інтэграваным уроку навучэнцам быў прапанаваны цікавы тэкст “Здарэнне ў лесе”. Пытанні да тэксту могуць быць зусім рознымі. Спачатку могуць ісці пытанні па мове (уставіць прапушчаныя словы, вызначыць часціны мовы, граматычнае значэнне ўстаўленых слоў). Потым навучэнцам даецца заданне вызначыць стыль, тып тэксту, даць яму назву, прапанаваць сваю канцоўку апавядання, вызначыць моўныя асаблівасці тэксту. Затым пачынаецца сур’ёзная работа над тэмай і асноўнай думкай. Так, я прапаноўваю дзецям даць назву тэксту, якая адпавядала б тэме, і даць назву, якая адпавядала б асноўнай думцы; вызначыць кульмінацыйны момант, знайсці пачатак, завязку, развязку. Усё гэта выхоўвае пісьменнага чытача, які ўдумліва і ўсвядомлена ўспрымае тэкст.

— Святлана Васільеўна, якім тэхналогіям на сваіх уроках вы аддаяце перавагу?

— Для мяне вельмі блізкія тэхналогія развіцця крытычнага мыслення і праблемнага навучання. Хочацца, каб мазгавы штурм абавязкова прысутнічаў на занятках, каб дзеці разважалі, выказвалі свае думкі, а для гэтага трэба задаць такое праблемнае пытанне, на якое б яны не ведалі адказу і знаходзілі яго. Імкнуся не даваць гатовых ведаў, выбудоўваю ўрок так, каб дзеці самі іх знаходзілі, бо трывалыя веды здабываюцца толькі ў самастойным пошуку.

— Ад чаго атрымліваеце самае вялікае задавальненне?

— Ад выніку сваёй дзейнасці, ад працэсу, калі бачу, што ўсё атрымліваецца, калі дзеці задаюць пытанні для таго, каб даведацца звыш школьнай праграмы, калі бачу зваротную сувязь — у вачах вучняў чытаецца, што яны зразумелі вучэбны матэрыял. Задавальненне атрымліваю і ад работы з калегамі, бо мне вельмі пашчасціла працаваць у творчым калектыве.

— Над чым збіраецеся працаваць у новым навучальным годзе?

— Працягваць работу па павышэнні чытацкай граматнасці навучэнцаў, па іх падрыхтоўцы да алімпіяд, конкурсаў навукова-даследчых работ. Разумею, што назапашаны вопыт неабходна трансліраваць, таму ў планах — стварыць разам з калегамі настаўніцкі блог, на якім можна будзе выкладваць матэрыялы з вопыту работы, распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў.

— Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў вам у рэалізацыі задуманага.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.