Сістэма адукацыі Івацэвіцкага раёна актыўна рыхтуецца да адзінага дня галасавання, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Патоцкая.
— Для мяне грамадзянская пазіцыя — гэта жаданне і імкненне прыносіць карысць. Заўсёды і ва ўсім. Каму? Маёй сям’і, родным і блізкім, навакольным людзям. Майму гораду, раёну, маёй краіне.
Калі гаварыць пра складнікі грамадзянскай пазіцыі, то гэта, безумоўна, адносіны да краіны, грамадства і да самой сябе.
Якія мае адносіны да краіны, у якой нарадзілася, вырасла, жыву? Я адчуваю вялікую гордасць і патрыятызм! А патрыятызм і грамадзянская пазіцыя пачынаюцца з узаемаадносін у сям’і, з павагі і любові да родных, разумення сваёй адказнасці перад імі. Мае бацькі заўсёды падавалі мне прыклад прыстойнасці, спагадлівасці, павагі да традыцый. Майго таты ўжо даўно няма побач з намі, а матуля да гэтага часу сагравае мяне сваім цяплом, пяшчотай, клопатам.
Паступова тое пачуццё павагі і любові да сям’і, навакольных вырасла да глыбокага ўсведамлення любові да Радзімы.
Стаўшы настаўнікам, я імкнулася перадаць назапашаны мной вопыт маленькім грамадзянам нашай краіны (па першай адукацыі я настаўнік пачатковых класаў), вучыла іх думаць, паважаць, спачуваць, абараняць, любіць. А затым, стаўшы намеснікам дырэктара па пачатковай школе сярэдняй школы № 1 Івацэвіч і працуючы ўжо не толькі з дзецьмі, іх бацькамі, але і з вопытным творчым калектывам педагогаў-аднадумцаў, мела вялізнае жаданне і імкненне рухацца наперад, дасягаць пастаўленых мэт.
На маім прафесійным шляху было шмат розных сітуацый, эмоцый, пачуццяў: і радасць, і гордасць за свае дасягненні і дасягненні маіх навучэнцаў, калег, і боль, і пачуццё бездапаможнасці з-за часовых няўдач. Але я ніколі не адчувала суму і пустаты ў душы. Бывалі моманты, калі чарговы поспех у рабоце даваў мне сілы і за спінай быццам вырасталі крылы, хацелася тварыць яшчэ, дзяліцца ўсім, што ведаеш, дарыць людзям часцінку сябе. А бывалі хвіліны, калі апускаліся рукі і здавалася, што мае магчымасці вычарпаны, але, прыйшоўшы на работу, я разумела, што трэба працаваць над сабой і шукаць новыя шляхі і падыходы ў рабоце з людзьмі.
Маё прызначэнне сёння — служэнне людзям, сучаснасці і будучыні нашага грамадства.
Кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Быць патрыётам сваёй краіны — значыць трэба жыць у сваёй краіне, любіць яе і рабіць усё для росквіту гэтай краіны, як бы банальна гэта ні гучала”. Жыву… Люблю… Працую… І лічу сябе сапраўды шчаслівым чалавекам!
Сістэма адукацыі Івацэвіцкага раёна актыўна рыхтуецца да адзінага дня галасавання. Праводзім сходы, сустрэчы ў працоўных калектывах, сочым за падзеямі ў краіне. Дарэчы, каманда маладых педагогаў Івацэвіччыны прадэманстравала выдатныя веды ў галіне выбарчага права, прыняўшы ўдзел у раённым праекце па прававой асвеце моладзі “Pro право”, арганізаваным аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама сумесна з Івацэвіцкім раённым камітэтам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Маладым выбаршчыкам, сярод якіх шмат пачынаючых настаўнікаў, жадаю поспехаў, натхнення, імкнення і веры ў перамогу. Таму што калі ёсць вера ў сябе і ўпэўненасць у тым, што ты робіш патрэбную справу, абавязкова будзе поспех.
Мая пасада настолькі жывая, дзейнасная, што не дазваляе мне стаяць на месцы, патрабуе пастаянна быць у курсе ўсіх падзей: пачынаючы ад глабальных, сусветных і заканчваючы змяненнямі ў сістэме адукацыі нашага раёна.