Святлана Патоцкая: «Маё прызначэнне сёння — служэнне людзям, сучаснасці і будучыні нашага грамадства»

- 12:01Моя гражданская позиция

Сістэма адукацыі Івацэвіцкага раёна актыўна рыхтуецца да адзі­нага дня галасавання, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Патоцкая.

— Для мяне грама­дзянская пазіцыя — гэта жаданне і імкненне прыносіць карысць. Заўсёды і ва ўсім. Каму? Маёй сям’і, родным і блізкім, навакольным людзям. Майму гораду, раёну, маёй краіне.

Калі гаварыць пра складнікі грамадзянскай пазіцыі, то гэта, безумоўна, адносіны да краіны, грамадства і да самой сябе.

Якія мае адносіны да краіны, у якой нарадзілася, вырасла, жыву? Я адчуваю вялікую гор­дасць і патрыя­тызм! А патрыятызм і грамадзянская пазіцыя пачынаюцца з узаемаадносін у сям’і, з павагі і любові да родных, разумення сваёй адказнасці перад імі. Мае бацькі заўсёды падавалі мне прык­лад прыстойнасці, спагадлівас­ці, павагі да традыцый. Майго таты ўжо даўно няма побач з намі, а матуля да гэтага часу сагравае мяне сваім цяплом, пяшчотай, клопатам.

Паступова тое пачуццё павагі і любові да сям’і, навакольных вырасла да глыбокага ўсведамлення любові да Радзімы.

Стаўшы настаўнікам, я імкнулася перадаць назапашаны мной вопыт маленькім грамадзянам нашай краіны (па першай адукацыі я настаўнік пачатковых класаў), вучыла іх думаць, паважаць, спачу­ваць, абараняць, любіць. А затым, стаўшы намеснікам дырэктара па пачатковай школе сярэдняй школы № 1 Івацэвіч і працуючы ўжо не толькі з дзецьмі, іх бацькамі, але і з вопытным творчым калектывам педагогаў-аднадумцаў, мела вялізнае жаданне і імкненне рухацца наперад, дасягаць пастаўленых мэт.

На маім прафесійным шляху было шмат розных сітуацый, эмоцый, пачуццяў: і радасць, і гор­дасць за свае дасягненні і дасягненні маіх навучэнцаў, калег, і боль, і пачуццё бездапаможнасці з-за часовых няўдач. Але я ніколі не адчувала суму і пустаты ў душы. Бывалі моманты, калі чарговы поспех у рабоце даваў мне сілы і за спінай быццам вырасталі крылы, хацелася тварыць яшчэ, дзяліцца ўсім, што ведаеш, дарыць лю­дзям часцінку сябе. А бывалі хвіліны, калі апускаліся рукі і здавалася, што мае магчымасці вычарпаны, але, прыйшоўшы на работу, я ра­зумела, што трэба працаваць над сабой і шукаць новыя шляхі і падыходы ў рабоце з людзьмі.

Маё прызначэнне сёння — служэнне людзям, сучаснасці і будучыні нашага грамадства.

Кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Быць патрыётам сваёй краіны — зна­чыць трэба жыць у сваёй краіне, любіць яе і рабіць усё для росквіту гэтай краіны, як бы банальна гэта ні гучала”. Жыву… Люблю… Працую… І лічу сябе сапраўды шчаслівым чалавекам!

Сістэма адукацыі Івацэвіцкага раёна актыўна рыхтуецца да адзі­нага дня галасавання. Праводзім сходы, сустрэчы ў працоўных калектывах, сочым за падзеямі ў краіне. Дарэчы, каманда маладых педагогаў Івацэвіччыны прадэманстравала выдатныя веды ў галіне выбарчага права, прыняўшы ўдзел у раённым праекце па прававой асвеце мола­дзі “Pro право”, арганізаваным аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама сумесна з Івацэвіцкім раённым камітэтам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Маладым выбаршчыкам, сярод якіх шмат пачынаючых настаўнікаў, жадаю поспехаў, натхнення, імкнення і веры ў перамогу. Таму што калі ёсць вера ў сябе і ўпэўне­насць у тым, што ты робіш патрэбную справу, абавязкова будзе поспех.

Мая пасада настолькі жывая, дзейнасная, што не дазваляе мне стаяць на месцы, патрабуе пастаянна быць у курсе ўсіх падзей: пачынаючы ад глабальных, сусветных і заканчваючы змяненнямі ў сістэме адукацыі нашага раёна.