Святло Каляднай Зоркі

- 16:32Нам пішуць

Дзеці з дзяцінства любяць навагоднія і калядныя святы — асаблівы час, калі можна марыць і верыць у цуды, а вакол пануе святочная атмасфера. У дні светлага свята Нараджэння Хрыстова ў сэрцы кожнага чалавека пасяляюцца радасць і любоў. Добрай традыцыяй навучэнцаў Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы стала наведванне ў калядныя святы Свята-Міхайлаўскай царквы ў аграгарадку Усялюб па запрашэнні протаіерэя айца Валерыя. Гэты год не стаў выключэннем.

Навучэнцы пачатковых класаў не толькі чакалі гэтае чароўнае свята, але і актыўна рыхтаваліся: вучылі вершы, песні. Шмат пра гісторыю і традыцыі святкавання гэтага важнага царкоўнага свята яны даведаліся на факультатыўных занятках “Асновы праваслаўнай культуры”. У сваю чаргу айцец Валерый таксама расказаў, як праводзіць калядныя святы.

Настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы павіншаваў усіх са святам Нараджэння Хрыстова і пажадаў Божай дапамогі, духоўнай і цялеснай моцы, цярпення і ўручыў усім калядныя падарункі.

Яркія дзіцячыя ўражанні, атрыманыя ў дні святкавання Каляд, застануцца на ўсё жыццё і дапамогуць ужо даросламу чалавеку пераадольваць цяжкія хвіліны на працягу жыцця.

Ж.І.АНТАНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.