Святочны агеньчык сагрэў сэрцы педагогаў-ветэранаў

- 14:12Нам пішуць

Славу любой установе адукацыі прыносяць вучні, але грунтуецца яна на карпатлівай штодзённай працы педагогаў. Быць настаўнікам — гэта прызванне, якое патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, самаразвіцця і руху ў нагу з часам. Педагогам, як і дзецям, таксама неабходны ўвага і клопат, шчырыя і ласкавыя словы, асабліва тым, хто ўжо на заслужаным адпачынку.

Сёння на Маларытчыне пражывае 350 педагогаў-пенсіянераў. Нядаўна старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Бурштын і старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы Софія Якубчык пры падтрымцы начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяны Лаўрэенка арганізавалі святочны агеньчык у актавай зале сярэдняй школы № 2 Маларыты. На мерапрыемства былі запрошаны ветэраны педагагічнай нівы, тыя, хто сеяў разумнае, добрае і вечнае ва ўстановах адукацыі раёна 5, 10, 20 гадоў назад і больш.
Для гасцей былі накрыты святочныя сталы. На працягу сустрэчы ў адрас 110 былых педагогаў прагучала шмат цёплых і шчырых слоў. Колішніх настаўнікаў аб’ядноўваюць мудрасць і вопыт, прафесійнае майстэрства і адданасць любімай справе. Педагагічная ніва Маларытчыны багатая на таленты, вядомыя і ў раёне, і за яго межамі.
Не старэюць душой ветэраны. Не страцілі былыя педагогі ні прыгажосці, ні энергіі, ні шчырасці, ні дабрыні, ні жыццярадаснасці. Удзельнікі сустрэчы дзяліліся ўспамінамі аб школьным жыцці, жартавалі, смяяліся і нават плакалі. Адчувалася, што многім вельмі хацелася вярнуцца ў любімую школу на ўрок, пастаяць ля дошкі з крэйдай у руках, пагаварыць з вучнямі. Гэта шчасце — хоць на імгненне ўспомніць шчаслівую пару маладосці і зноў стаць настаўнікам.
Для ветэранаў педагагічнай працы культарганізатар Ала Шабогіна з Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і шасцікласніца Ганна Мірчук з Мельніцкай базавай школы правялі фальклорную праграму “Сваёй зямлёй я ганаруся”. Падчас праграмы прагучалі народныя творы ў выкананні вучняў Чарнянскай сярэдняй школы і Мельніцкай базавай школы.
Упрыгажэннем агеньчыка стала выступленне фальклорнага калектыву “Купалінка” з Ланской сярэдняй школы (кіраўнікі Ірына і Галіна Крэнь), а таксама дыпламантаў VІ Абласнога адкрытага фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” фальклорных калектываў “Вытокі” з сярэдняй школы № 2 Маларыты (кіраўнік Галіна Бягеза) і “Крынічка” з Хаціслаўскай сярэдняй школы (кіраўнікі Анатоль Барысюк і Алена Люльковіч). Гэтыя калектывы стваралі цудоўную атмасферу непаўторнага свята і прыўзнятага настрою. Затым адбылося ўрачыстае ўшанаванне юбіляраў. Кожны з іх атрымаў памятны падарунак, зроблены рукамі вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы № 2 Маларыты.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.