Святочны тыдзень замежных моў

- 14:58Нам пішуць

Пярэдадзень Калядных і навагодніх свят, на нашу думку, — гэта лепшы час для правядзення Тыдня замежных моў, пры падрыхтоўцы і правядзенні якога атрымліваецца рэалізаваць пастаўленыя перад прадметам задачы:

  • • актывізаваць работу па прапагандзе традыцый краін, мова якіх вывучаецца, з масавым прыцягненнем навучэнцаў школы ў пазакласную дзейнасць;
  • • фарміраваць сацыякультурную кампетэнцыю навучэнцаў;
  • • прывіваць паважлівае стаўленне да традыцый і звычаяў розных краін;
  • • забяспечыць умовы для павышэння матывацыі вучняў да вывучэння замежнай мовы;
  • • абагульніць і сістэматызаваць веды вучняў;
  • • развіваць творчыя здольнасці вучняў.

Правядзенне пазакласнай работы мае вялікае значэнне для развіцця цікавасці да прадмета. Аднак зараз неабходна выкарыстоўваць тыя формы работы, якія, акрамя зацікаўленасці, будуць спрыяць развіццю ў вучняў як прадметных, так і ключавых кампетэнцый.

У сярэдняй школе № 1 Чавус Магілёўскай вобласці навучэнцы вывучаюць англійскую, нямецкую або французскую мову, таму Тыдзень замежных моў атрымліваецца вельмі разнастайным і ўключае як традыцыйныя, так і нестандартныя мерапрыемствы.

Традыцыйна тыдзень пачаўся з урачыстага адкрыцця, на якім навучэнцы здзейснілі віртуальнае падарожжа ў краіны, мовы якіх вывучаюцца, дзякуючы выкарыстанню мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў.

З мэтай развіцця камунікатыўнай культуры, каштоўнасных арыентацый, самаадукацыйнага патэнцыялу вучняў і іх сацыякультурнага развіцця навучэнцы 10—11 класаў удзельнічалі ў анлайн-перапісцы з аднагодкамі з ЗША ў рамках міжнароднага праекта Мy School. Your School, а таксама ў дыскусіях на форуме iEARN. Яны размяшчалі фота- і відэаматэрыялы, створаныя падчас правядзення тыдня пры дапамозе сродкаў візуалізацыі інфармацыі Kizoa.

Навучэнцы 8—11 класаў актыўна ўдзельнічалі ў інтэрнэт-конкурсе па англійскай мове My pets на платформе МетаШкола. Пры выкананні заданняў удзельнікі конкурсу змаглі прымяніць атрыманыя на ўроках замежнай мовы веды і атрымаць дыпломы.

Вучні 5—6 класаў працавалі над праектам “Holiday Card Exchange” iEARN. Яны вырабілі сваімі рукамі паштоўкі ў нацыянальнай тэхніцы і паслалі партнёрам па перапісцы ў Тайвань, Расію, ЗША. У паштоўках навучэнцы змаглі прадставіць сваю краіну і культуру. Характэрна, што школьнікі атрымалі паштоўкі ад сваіх аднагодкаў з-за мяжы менавіта на Тыдні замежнай мовы.

З мэтай азнаямлення школьнікаў са звычаямі і традыцыямі святкавання каталіцкага Ражджаства была праведзена “Калядная сустрэча” з прадстаўніком Рымскай каталіцкай царквы — айцом Рыгорам (ксёндз Гжэгож Ксенджэк). Акрамя таго, наш госць пераканаў школьнікаў у важнасці вывучэння замежных моў, якія даюць магчымасць бесперашкодна мець зносіны з прадстаўнікамі розных народаў і здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Не меншую цікавасць у вучняў 5—7 класаў выклікала выкананне камандных інтэрактыўных заданняў на платформе LearningApps, дзе яны змаглі паказаць не толькі веды мовы, але і валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі.

З мэтай далучэння да культурнай спадчыны Германіі вучні, якія вывучаюць нямецкую мову, падрыхтавалі калаж “Славутасці Германіі”. У ходзе выканання гэтай работы вучні паўтарылі інфармацыю пра адміністрацыйнае дзяленне, вядомых людзей, помнікі, геаграфічныя асаблівасці краіны.

На закрыцці тыдня, якое, вядома, было прысвечана святкаванню Каляд, навучэнцы прадэманстравалі свае таленты. Увазе гасцей былі прадстаўлены сцэнкі, вершы, музычныя нумары. Акрамя гэтага, быў паказаны флэш-моб аматараў нямецкай мовы, удзельнікі якога заклікалі да вывучэння нямецкай мовы.

Самыя актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі. Завяршылася мерапрыемства мультымедыйнай прэзентацыяй, у якой былі адлюстраваны самыя яркія моманты свята.

Нягледзячы на тое, што святкаванне Тыдня замежнай мовы скончылася, работа па ўдасканаленні маўленчых уменняў і навыкаў навучэнцаў працягваецца. На працягу навучальнага года вучняў чакаюць інтэрнэт-алімпіяды, дыскусіі на форуме iEARN і, вядома, урокі замежнай мовы.

Т.ПАГАДЗІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 1 Чавус Магілёўскай вобласці.