Свята “Сяброўства без межаў”, якое было арганізавана ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Карэліч, прысвячалася выхаванню паважлівых адносін да культуры іншых народаў, знаёмству з іх мастацкай творчасцю праз танец.
Падчас падрыхтоўкі да свята дзеці развучвалі танцы і гульні краін, з якімі мяжуе Беларусь. Былі сшыты нацыянальныя касцюмы і галаўныя ўборы гэтых краін.
Выхаванцы старшых груп падарожнічалі па Расіі, Украіне, Польшчы, Літве. Ва Украіне ўбачылі танец “Гапак”, у Польшчы згулялі ў нацыянальную гульню “Лавата”. Літва сустрэла гасцей жартоўным танцам. Дзяўчаты-матрошкі ў яркіх сарафанах пазнаёмілі дзяцей з рускімі традыцыямі і выканалі танец матрошак і танец “Рускі самавар”. У роднай Беларусі гасцей хлебам-соллю сустракалі дзяўчаткі ў нацыянальных строях, якія выканалі танец “Беларусачка”.
Дзеці не толькі ўбачылі танцы і гульні, яны пазнаёміліся з культурай і геаграфіяй краін-суседак, іх нацыянальнымі сцягамі.
На свята запрасілі бацькоў выхаванцаў, супрацоўнікаў цэнтра. А завяршылася яно сімвалічнай кампазіцыяй аб міры і сяброўстве “Мы на свет нарадзіліся, каб радасна жыць”.
Людміла ЯЦУК,
музычны кіраўнік Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Карэліч.